Зафіксаваная інфармацыя дазваляе з упэўненасцю сцвярджаць, што ў дзеяннях Лукашэнкі прысутнічаюць усе элементы злачынства агрэсіі
- Admin of the NAM

- Aug 8
- 3 min read
Updated: 7 days ago

«Наяўная зафіксаваная інфармацыя дазваляе з упэўненасцю сцвярджаць, што ў дзеяннях Лукашэнкі прысутнічаюць усе элементы злачынства агрэсіі, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас спецыяльнага мерапрыемства ў межах Канферэнцыі «Новая Беларусь» «Роля Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны: прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці», арганізаванага НАУ і Прадстаўніцтвам Кабінета па транзіце ўлады.
У межах спецыяльнага мерапрыемства адбылася дыскусійная панэль «Адказнасць за агрэсію: прававыя і палітычныя аспекты», у якой прынялі ўдзел Павел Латушка, міністр-паўнамоцны, намесніца Пасла Літвы ў Польшчы Юргіта Дапкутэ, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны, які адказвае за сувязь з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Яраслаў Чарнагор, а таксама старэйшы эксперт Аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы Цэнтра ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
Падчас выступу Павел Латушка прадставіў падрабязную ацэнку дзеянняў Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму з пункту гледжання міжнароднага крымінальнага права, а таксама намаганні беларускіх дэмакратычных сіл па прыцягненні да адказнасці вінаватых за злачынства агрэсіі супраць Украіны.

«З заяў і фактычных наступстваў вынікае, што Лукашэнка непасрэдна абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным размяшчэнне войскаў Расіі ў Беларусі; забяспечыў падрыхтоўку і перадачу Расіі ваеннай інфраструктуры, ініцыяваў і ажыццявіў размяшчэнне войскаў Расіі ў Беларусі.
Ці ўсведамляў Лукашэнка, што фактычныя абставіны, звязаныя з прадастаўленнем тэрыторыі Беларусі для агрэсіі Расіі супраць Украіны, несумяшчальныя са Статутам ААН і з'яўляюцца яго відавочным парушэннем? Зыходзячы з яго ж уласных заяў, вынікае, што цалкам.
З самага пачатку агрэсіі супраць Украіны НАУ і беларускія дэмакратычныя сілы сістэмна збіраюць доказы і выступаюць на міжнародных пляцоўках за прыцягненне вінаватых да міжнароднай крымінальнай адказнасці.
У прыватнасці, НАУ склала шэраг фармулёвак пра адказнасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія былі ўключаныя ў рэзалюцыі Еўрапейскага парламента. Паводле майго меркавання, найбольш важным з нашага боку вынікам з'яўляецца ўключэнне папраўкі ў рэзалюцыю ПАСЕ «Расійская агрэсіўная вайна супраць Украіны: неабходнасць забяспечыць адказнасць і пазбегнуць беспакаранасці» ад 9 красавіка 2025. Папраўка № 5 сфармуляваная НАУ і пралабіраваная мною як дэлегатам Каардынацыйнай рады ў ПАРЕ пры падтрымцы калег з дэлегацыі. Даная рэзалюцыя стала палітычнай асновай для падпісання Пагаднення пра стварэнне Спецыяльнага трыбунала», — адзначыў Павел Латушка.

«Акрамя неабходнасці расследаваць ролю Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны і прыцягнуць да адказнасці вінаватых, вельмі важна таксама належным чынам расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, звязаныя з гвалтоўнай дэпартацыяй беларускага народа. Менавіта таму ў 2024 годзе Урад Літвы перадаў “беларускую сітуацыю” пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута з просьбай правесці расследаванне меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі. Зварот быў падмацаваны дакументальнымі доказамі сістэмнага пераследу, прымусовага перамяшчэння і дэпартацыі беларускіх цывільных асоб, якіх пракурор МКС палічыў дастатковымі для пачатку афіцыйнага расследавання ў сакавіку 2026 года», — адзначыла намесніца пасла Літвы ў Польшчы Юргіта Дапкутэ.
«Хачу падзякаваць спадару амбасадару Паўлу Латушку за нададзеныя матэрыялы. Хацеў бы сказаць, што апошнія перададзеныя матэрыялы ўжо пайшлі ў працу. Спачатку яны былі перададзеныя Дэпартаменту міжнароднага права Міністэрства замежных спраў, і зараз яны апрацоўваюцца. І я думаю, што яны будуць выкарыстаныя ў гэтай нашай барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі. А апошнія матэрыялы, за выключэннем тых папярэдніх, якія перадаваліся падчас прамых сустрэч, былі перададзеныя праз наша пасольства ў Варшаве, праз спадара амбасадара Васыля Боднара. І гэты запыт быў адпаведна атрыманы, суправаджальным лістом перанакіраваны і прайшоў правільны бюрократычны шлях, які абавязвае дзяржаўныя органы працаваць з ім», — падкрэсліў Яраслаў Чарнагор.
«Няма ніякіх сумневаў адносна самога статусу Беларусі як суагрэсара. Спробы Мінска стаць медыятарам у гэтай вайне варта адкінуць як адназначную дэзінфармацыю і абманную гульню, якая не мае нічога супольнага з рэальнасцю. У сувязі з гэтым Беларусь, калі б яна хацела апынуцца за сталом мірных перамоў, якія, я спадзяюся, калі-небудзь адбудуцца, мусіць знаходзіцца там як суагрэсар, а не як медыятар, не як пасрэднік і не як арганізатар мірных размоў. Калі мы будзем паслядоўнымі, яна апынецца там менавіта як суагрэсар. Таму Беларусь Лукашэнкі не можа адыграць ролю бесстаронняга медыятара, бо яна ім не з'яўляецца і ў тым выглядзе, у якім існуе, быць не можа», — адзначыў вядомы польскі эксперт Каміль Клысінскі.
На мерапрыемстве былі прысутныя прадстаўнікі МЗС і пасольстваў Аўстрыі, ЗША, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, польскія эксперты, беларускія незалежныя і міжнародныя СМІ.



Comments