top of page

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы працягнуў мандат дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі на наступныя 2 гады

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

«Сённяшняя дыскусія — гэта ўнёсак у будучыню, гэта новы досвед для беларусаў, якія змогуць пазней рэалізаваць яго ў дэмакратычнай Беларусі», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас рабочай сустрэчы «12 прынцыпаў незалежнага дэмакратычнага кіравання Рады Еўропы: уступ, інструменты і лепшыя практыкі», арганізаванага Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы на просьбу дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл, якая складаецца з чальцоў і чалінь Каардынацыйнай Рады ў Кангрэсе.  

«Кангрэс для нас — унікальнае месца для атрымання досведу мясцовай дэмакратыі. Будучыня Беларусі менавіта ў пашырэнні паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, дэцэнтралізацыі ўлады. У супрацьвагу таму, што стварыў Лукашэнка, калі адбылася поўная цэнтралізацыя і персаналізацыя ўлады, калі ўсе рашэнні нават на самым нізкім узроўні прымаюцца толькі з яго згоды. Мы разумеем важнасць гэтай рэформы і працуем над ёй. Каардынацыйная Рада разглядала таксама законапраект аб мясцовых уладах у Беларусі. Гэта адзін з нашых прыярытэтных кірункаў для ўсіх дэмакратычных сіл, якія змагаюцца за перамены», — падкрэсліў Павел Латушка.

Павел Латушка падчас сваёй прамовы адзначыў, што працягваецца праца над праектам Аб’яднанага Пераходнага Кабінета «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», калі пры дапамозе еўрапейскіх краін ствараецца магчымасць падрыхтоўкі новых патэнцыйных кадраў. Таксама Павел Латушка адзначыў, што ў Польшчы рэалізоўваецца праект «Новыя кадры для Новай Беларусі», дзе ўжо падрыхтавана каля 100 будучых патэнцыйных беларускіх дыпламатаў.

«Выбары, якія адбыліся ў Каардынацыйную Раду, — гэта прыклад прамой дэмакратыі з выкарыстаннем электронных тэхналогій. Дэмакратычны рух за мяжой змог беспрэцэдэнтна гэта арганізаваць. Гэта празрыстасць, тэхналогіі і е-дэмакратыя. Мы ганарымся тым фактам, што ў нас атрымалася гэта зрабіць. Мы плануем праводзіць наступныя выбары, на якіх беларусы змогуць галасаваць, а не проста прысутнічаць.

Карыстаючыся гэтай сустрэчай, я хацеў бы падзякаваць Кангрэсу за фармалізаванае рашэнне ад 15 снежня працягнуць мандат дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў на наступныя 2 гады. Гэта для нас вельмі важна і матывуе да далейшай працы. Хацеў бы падзякаваць за „зялёнае святло“ на ўдзел прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў назіранні за мясцовымі выбарамі ў краінах-сябрах Савета Еўропы. Гэта будзе для нас унікальны досвед, які мы зможам пераняць для будучых дэмакратычных выбараў у Беларусі.

12 прынцыпаў незалежнага дэмакратычнага кіравання Рады Еўропы мы, безумоўна, закладаем у аснову нашай працы. І гэтыя прынцыпы — наша будучыня, над гэтым мы будзем мэтанакіравана працаваць», — адзначыў Павел Латушка.


Comments


bottom of page