top of page

Карпянкоў — новы Прыгожын


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Карпянкоў супраць Лукашэнкі? Карпянкоў, можа быць, новы Прыгожын?

Нядаўна стала вядома, што баевікі сумнавядомай ПВК «Вагнер» ужо служаць у так званых унутраных войсках Рэспублікі Беларусь.

Расійскі прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў пост з фота сімволікі баевікоў і заявіў, што вагнераўцы ўвайшлі ў склад групы спецназа «Тарнада». «У Беларусі "вагнера" ўступілі ў шэрагі спецназа ўнутраных войскаў», — напісаў у сябе на старонцы прапагандыст так званага расійскага СМІ Russia Today.

Тады ж з'явіліся фота з вайсковай часткі 3310 у Мінску, на якіх побач з чырвона-зялёным сцягам і сцягам спецназа МУС развіваецца сцяг ПВК «Вагнер». 

Стваральнік вышэйзгаданага падраздзялення «Тарнада» — Мікалай Карпянкоў. Гэты персанаж добра вядомы беларусам. Усе памятаюць, як яшчэ ў жніўні 2020 года ён з азвярэннем біў шкло адной з мінскіх кавярняў і гэта быў, бадай, адзіны выпадак вандалізму падчас мірных пратэстаў беларусаў у 2020 годзе. 

Карпянкоў параўноўваў сябе і сваіх калегаў з паўшымі анёламі і наўпрост заклікаў забіваць і калечыць пратэстоўцаў, выкарыстоўваючы траўматычную зброю: «Альбо пакалечыць, альбо знявечыць, альбо забіць. Ужываць зброю прама ў лоб, прама ў твар, прама туды, пасля чаго ён ужо ніколі не вернецца ў той стан, у якім ён знаходзіўся. Ну, адкачаюць, дык адкачаюць. Не будзе ў яго паловы галаўнога мозгу — туды яму і дарога». Гэта цытата.

І ўжо 3 кастрычніка 2022 года ў эфіры тэлеканала СТБ ён заявіў, што дэмакратычна настроеныя беларусы — гэта «рэальна шалёныя сабакі, якія заслугоўваюць толькі аднаго — смерці». У сакавіку 2023 года Карпянкоў асабліва выразна сфармуляваў ідэнтычнасць унутраных войскаў МУС: «Мы — нашчадкі войскаў НКУС і вельмі гэтым ганарымся».

Карпянкоў паказушна спрабуе выставіць сябе прыхільнікам Лукашэнкі, але тут мы расчаруем таго, хто лічыць Карпянкова сваім падначаленым. 

Галоўны ідэал дзяржаўнага дзеяча для яго — не Лукашэнка, зусім не, а Пуцін. І «радзіма», якую ўвесь час успамінае так званы генерал, гэта не Беларусь, а Расія. Карпянкоў — даўні прыхільнік ідэй так званага «рускага свету». Яшчэ ў бытнасць кіраўніцтва Карпянкова ў ГУБАЗіК у моду ўвайшло размяшчэнне ва ўсіх кабінетах гэтага падраздзялення МУС расійскіх трыкалораў.

У сярэдзіне сакавіка мінулага года ўжо намеснік міністра ўнутраных спраў і камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Карпянкоў казаў, што расійскае войска — спадкаемца савецкага войска: «Рускае войска — яно непераможнае. Гэта мы саюзнікі, і наша армія разам з расійскай — яна непераможная».

Улетку 2023 года адзін з каналаў, блізкіх да МУС Беларусі, апублікаваў фота наведвання Мікалаем Карпянковым лагера ПВК «Вагнер» побач з вёскай Цэль пад Асіповічамі. Фота, верагодна, былі зробленыя 20 ліпеня.

Николай Карпенков в лагере ЧВК "Вагнер"
Мікалай Карпянкоў у лагеры ПВК «Вагнер» Крыніца: reform.by

Карпянкоў распавядаў тады, што сустракаўся ў Беларусі ў першыя дні пасля мяцежа з Яўгенам Прыгожыным: «Вызначыліся па нашым узаемадзеянні, былі дадзены кантакты, па гэтых кантактах мы сустрэліся тут і з другой, і трэцяй, і з чацвёртай асобай у ПВК «Вагнера».

«Але ўзаемадзеянне нават не ў тым плане, каб проста праводзіць заняткі... Трэба праводзіць заняткі такім чынам, каб гэта было ўжо аднамомантна і баявым зладжваннем. Каб з першых хвілін, як толькі мы пачалі праводзіць нашы вучэнні, мы ўжо маглі назаўтра разам уступіць у бой плячом да пляча», — патлумачыў працу Карпянкоў і назваў вагнераўцаў «героямі».

У тым жа інтэрв'ю Карпянкоў прызнаўся, што ў яго ёсць закрытая сувязь з кіраўніцтвам ПВК «Вагнер», тобок арганізацыяй, цесна звязанай з галоўным разведвальным упраўленнем Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі і ФСБ Расіі.

У праграме падрыхтоўкі спецназаўцаў Карпянкова заняткі з інструктарамі ПВК «Вагнер»: падгонка рыштунку, агнявая і медыцынская падрыхтоўка, тактыка малых груп. Баевікі ПВК павінны былі перадаць нават досвед прымянення артылерыі. Таксама, па словах Карпянкова, баявыя групы ствараліся як сумесныя, тобок з удзелам вагнераўцаў.

«У цэлым, я думаю, што праца будзе цікавая, вельмі прадуктыўная. Ну і вынікі мы ўсё потым ўбачым», — распавёў у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ ананімны інструктар ПВК «Вагнер». Дык што ж мы павінны ўбачыць? Што задумаў Карпянкоў і яго сябры з «Вагнера»? З кім яны на самой справе сабраліся ўступіць заўтра ў бой? А можа яны хочуць паўтарыць «подзвіг» Прыгожына?

Ужо зараз па загаду Карпянкова для ўзмацнення спецназа сталі ствараць новыя падраздзяленні з удзелам вагнерацаў па 70 чалавек і больш у Гродне, Брэсце, Астраўцы, Гомелі, іншых гарадах. Гэта значыць па ўсёй Беларусі. Здаецца, Лукашэнка хацеў размясціць вагнерацаў у адным месцы ў лагеры пад Асіповічамі? Цяпер жа дзякуючы Карпенкову, яны разсяроджаныя па ўсёй рэспубліцы, і, атрымліваецца, што за імі таксама цяпер будзе вельмі складана ўсачыць тым жа спецслужбам Лукашэнкі.

У новым атрадзе спецназа «Смерч» цяпер 300 чалавек «асноўных» і 150 «запасных». Дзейнічае таксама падраздзяленне «Рысь» для працы па памежжы, у якім «200-300 чалавек», а таксама атрад «Гонар». Усяго агулам у новых падраздзяленнях — 1500 сілавікоў. А гэта ўжо цэлы полк. Яшчэ трохі і будзе дывізія. І ўсе гэтыя людзі знаходзяцца пад непасрэдным камандаваннем Карпянкова.

Карпянкоў на вучэннях з'явіўся з шаўронам ПВК «Вагнера»
Карпянкоў на вучэннях з'явіўся з шаўронам ПВК «Вагнера». Крыніца: belsat.eu

Ужо ў пачатку мая гэтага года Карпянкоў заявіў, што створана яшчэ тры баявыя атрады — «Шторм» у Брэсце, «Тайфун» у Гродне і «Буран» у Гомелі. І калі для паходу на Маскву хапіла два дзясяткі тысяч вагнераўцаў, то для паходу на Мінск хопіць і дзвюх тысяч. Магчыма?

Акрамя атрадаў спецназа Карпянкоў па ўсёй краіне актыўна стварае і так званыя дзіцячыя ваенна-патрыятычныя клубы, цяпер іх ужо больш за 18. Там падлеткам інтэнсіўна прамываюць мазгі ў духу ўсё той жа ідэалогіі «рускага свету».

Карпянкоў таксама выступіў арганізатарам «Злёту ваенна-патрыятычных клубаў Беларусі і Расіі», які прайшоў нядаўна і на якім засвяціліся аднадумцы Карпянкова па ідэалогіі рускага свету — Азаронак, Гігін, Лушч і іншыя.

Вакол Карпянкова склалася цэлая група прапагандыстаў, якія падтрымліваюць яго. Карпянкова пастаянна піярыць ужо практычна яго асабісты «ваенкор» Рыгор Азаронак. Які, дарэчы, здымаўся ў кліпе, прысвечаным ПВК «Вагнер», ездзіць на акупаваныя тэрыторыі Украіны, а цяпер вядзе перадачу ў адыёзнага расійскага прапагандыста Салаўёва. Фактычна ў адкрытую атрымлівае расійскія грошы. Не складана здагадацца, чые інтарэсы ён адстойвае.

У маі гэтага года разам з Карпянковым учорашніх прызыўнікоў вайсковай часці 3214 віншавалі ганаровыя госці, усё тыя ж русафілы: Вадзім Гігін, Аляксандр Шпакоўскі, Рыгор Азаронак. Таксама Карпянкоў мае кантакты з Рускай праваслаўнай царквой і прадстаўнікамі расійскай прапаганды. Той жа Канстанцін Прыдыбайла называў так званага генерала «лагодным патрыётам».

Але ж важна разумець, што імперыя Прыгожына, якога зусім нядаўна называлі «самым перспектыўным палітыкам Расіі» — тая самая ПВК «Вагнер» — гэта не толькі вайсковая структура, але і цэлая сетка ботафермаў, прапагандыстаў і паліттэхнолагаў, якія за лічаныя месяцы стварылі з былога крымінальніка і кухара Пуціна папулярнага ў Расіі палітыка.

Гэтыя паліттэхнолагі і дарадцы зараз дапамагаюць Мікалаю Карпенкову выбудоўваць вобраз перспектыўнага прарасійскага палітыка, а цяпер ужо і са сваёй невялікай арміяй.

Яго напускная набожнасць і паказная адданасць рэжыму хаваюць пад сваім покрывам сквапнага, хітрага, выкрутлівага і славалюбівага чалавека. Амбіцыйны Карпянкоў выдатна памятае неаднаразовыя прыніжэнні, атрыманыя асабіста ад Лукашэнкі, яшчэ калі ён быў па сутнасці яго дзеншчыком, працуючы ў службе бяспекі дыктатара. 

Сфармаваны комплекс непаўнавартасці, прага рэваншу і разуменне свайго «гістарычнага шанцу» робяць з Карпянкова, бадай, адзінага дзейснага і патэнцыйнага кандыдата ў атачэнні Лукашэнкі, здольнага пры ўдалых абставінах, а, можа быць, па сыгнале з Крамля, здзейсніць учынак, які нэйтралізуе дыктатара, нэйтралізуе Лукашэнку. 

Лукашэнка ж, выкарыстоўваючы сілавыя структуры, а ў першую чаргу ГУБАЗіК для падаўлення мірнага пратэсту беларусаў, метадычна знішчаў і працягвае знішчаць усе нацыянальна- і дэмакратычна арыентаваныя сілы ўнутры краіны. Сам дыктатар цалкам падтрымлівае дзейнасць Карпянкова па знішчэнні любога іншадумства, разлічваючы на яго поўную лаяльнасць і адданасць.

Па сутнасці Лукашэнка сам жа і выгадаваў самую сапраўдную армію галаварэзаў, якая гатовая будзе выканаць любы загад, але, магчыма, не заўсёды яго, а ўжо з-за межаў Беларусі. Што будзе рабіць Лукашэнка, калі новы Прыгожын — той жа Карпянкоў — рушыць св сваімі баевікамі да яго рэзідэнцыі? Пытанне застаецца адкрытым. 

Якую ж будучыню малюе беларусам Карпянкоў? Яшчэ ў 2020 годзе ён прапаноўваў ствараць канцэнтрацыйныя лагеры для беларусаў: «Лагер для асабліва востракапытных такі, для адсялення. І паставіць калючы дрот па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка — паверх, кармілі — паверх, каб працавалі», — такім малюе сваё бачанне будучыні Беларусі генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю Расіі з імем Мікалай Карпянкоў. 

Варта заўважыць, што ПВК «Вагнер» на чале са сваім кішэнным бізнэсмэнам стварыў Крэмль, ён жа па сутнасці кантралюе баевікоў да цяперашняга часу. Таму зразумела, што галоўным бенефіцыярам узвышэння новага Прыгожына ў Беларусі — Карпянкова — таксама з'яўляецца Крэмль.

Падобна на тое, што Лукашэнка задавальняе, што Беларусь стане Паўночна-Заходнім краем. А каб даўжэй пабыць ва ўладзе, ён проста паслухмяна выконвае ўсё, што неабходна Крамлю.

Усё вышэйсказанае дае падставы зрабіць некаторыя высновы: Лукашэнка разумее, што ў яго паслугах Крэмль ужо вельмі хутка, магчыма, перастане мець патрэбу. А вось у паслугах Карпянкова патрэба можа паўстаць ужо вельмі хутка…

І тады напрошваецца наступнае пытанне: 

Лукашэнка баіцца Карпянкова?


bottom of page