Мельнікава была супраць Лукашэнкі, але магла трапіць у пастку спецслужбаў
- Admin of the NAM

- 4 days ago
- 3 min read

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў размове з нашымі калегамі з Centrum Europy адказаў на пытанні датычна знікнення былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і з’яўлення нібыта ейных фотаздымкаў з Менску.
Павел Латушка падкрэсліў, што на сённяшні дзень няма адназначнай інфармацыі датычна знікнення Анжалікі Мельнікавай. Таму можна толькі «рабіць высновы, грунтуючыся на фактах».
Палітык адзначыў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы дагэтуль расследуе крымінальную справу, распачатую пракуратурай, паводле факту гвалтоўнага пазбаўлення волі Мельнікавай. У межах гэтай справы зніклая спікерка мае статус пацярпелай.
«Усё астатняе можа быць ацэнкай, спекуляцыяй», — сказаў Латушка.
Працавала не ў інтарэсах спецслужбаў
Паводле Латушкі, вядомыя факты паказваюць, што Мельнікава «заўсёды займала вельмі канкрэтную і адкрытую пазіцыю супраць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі». Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы ейным асабістым намаганням Сенат Польшчы ў студзені 2025 года прызнаў Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні, была прынятая рэзалюцыя ПАРЕ аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі пасля «выбараў» у 2025 годзе і аб прызнанні КР, Аб'яднанага пераходнага кабінету і Святланы Ціханоўскай. Таксама яна за свае грошы аплаціла канферэнцыю датычна адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, калі ад фінансавання адмовіліся ЗША. Таму, на думку Латушкі, дзейнасць Мельнікавай «дакладна не адпавядала» інтарэсам спецслужбаў Беларусі.
«Я не магу сцвярджаць, кім яна была. Я нічога не выключаю. Я толькі выкажу факты. Яна была ўдзельніцай нашай каманды, якая эфектыўна працуе над прыцягненнем Лукашэнкі да адказнасці і ўпершыню ў гісторыі прывяла да пачатку расследавання пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда», — сказаў Латушка.
Паводле яго, яна тэарэтычна магла б спыніць ці перашкодзіць шмат якім ініцыятывам, якія заміналі інтарэсам лукашэнкаўскіх і пуцінскіх спецслужбаў, але не зрабіла гэтага.
«Пераходзячы ад фактаў да спекуляцыі, я не магу выключыць, што на нейкім этапе яна магла трапіць у пастку спецслужбаў. Што адбылося далей, я не ведаю. Следства вядуць афіцыйныя органы Польшчы, якія, магчыма, ведаюць пра гэта больш», — сказаў ён.
А што з фота?
Датычна з’яўлення фотаздымкаў Мельнікавай з Менску, Латушка не выключае, што гэта было зроблена адмыслова перад візітам у Менск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Пры гэтым, паводле яго, здымкі паказваюць толькі «вельмі падобную да Анжалікі асобу», якая, магчыма, была знятая ў Беларусі, а «ўсё астатняе — здагадкі».
У цэлым палітык не выключае з’яўлення таксама інтэрв’ю прапагандыстаў з Мельнікавай з мэтай, у тым ліку, дыскрэдытаваць выбары ў Каардынацыйную раду.
Беспрэцэдэнтны ціск
Агулам Латушка адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы не маюць права праводзіць уласную контрвыведную дзейнасць на тэрыторыі краінаў Еўразвязу — гэта выключная кампетэнцыя мясцовых спецслужбаў. Тым не менш, асобу Мельнікавай праверылі з дапамогай BYPOL і Кіберпартызанаў. Да таго ж яна прайшла правяранне Міністэрствам унутраных справаў і адміністравання і выведнымі службамі Польшчы перад атрыманнем польскага грамадзянства.
Паводле яго, беларускія дэмакратычныя сілы «сутыкаюцца з найвялікшым супрацівам у сваёй гісторыі і дзеяннямі, накіраванымі на дэстабілізацыю і дыскрэдытацыю нашай працы з боку спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі». Латушка спаслаўся на «аднаго польскага міністра», які сказаў яму, што «80 % намаганняў спецслужбаў Лукашэнкі накіраваныя менавіта на знішчэнне і дэстабілізацыю дэмакратычных сілаў Беларусі». Супрацьстаяць гэтаму самастойна немагчыма, сказаў палітык.
Гісторыя знікнення
Нагадаем: за сакавік 2025 года Анжаліка Мельнікава некалькімі аперацыямі вывела на асабісты рахунак усю пераведзеную суму гранту для Каардынацыйнай рады (каля 107 тысяч долараў), а таксама ўсе пакінутыя сродкі на рахунку, у тым ліку прызначаныя на праекты «Партызанскага Тэлеграму» і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях (каля 30 тысяч долараў).
Агулам Мельнікава вывела з рахунку больш за 150 тысяч, апошняя аперацыя была зробленая 24 сакавіка 2024 года. На наступны дзень, 25-га, яна перастала выходзіць на сувязь.
Пазней сталася вядома, што былая спікерка КР пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года – праз Вялікую Брытанію і Шры-Ланку прыбыла ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе ейныя сляды згубіліся. Да гэтага яна кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, не была на асабістых сустрэчах: казала, што хварэе.
Расследавальнікі таксама паведамляюць пра магчымыя сувязі Мельнікавай з працаўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым. Яшчэ ў 2022 годзе яна, як сцвярджаецца, праваліла першы тэст на паліграфе, які праводзіла ініцыятыва BYPOL, аднак пасля другога тэсту яе прынялі. Былая працаўніца польскай контрвыведкі Анна Грабоўска-Сівец мяркуе, што Мельнікава магла быць завербаваная яшчэ ў Беларусі. Цяпер за інфармацыю пра месца ейнага перабывання абяцаюць 10 тысяч еўраў узнагароды.
Амаль праз год, 19 сакавіка 2026-га, зʼявіліся здымкі жанчыны, падобнай да Мельнікавай, у адной з менскіх спартзалаў, якая пачала працаваць толькі ў студзені 2025 года. Складана сказаць, сапраўдныя гэта фота ці дыпфэйк, стварыць які ў сённяшніх умовах не надта складана. Аднак пасля іх публікацыі журналісты «Нашай Нівы» датэлефанаваліся да сваякоў Мельнікавай. Бацька былой спікеркі КР запэўніў, што тая «даўнавата» жыве ў Беларусі, «яна не знікла, жывая і здаровая». Паводле мужчыны, дачка папрасіла не тэлефанаваць ёй і заўсёды звоніць сама, але са схаванага нумару. Апошняя іхная размова адбылася зімой.









Comments