Музею Вольнай Беларусі — 4 гады
- Admin of the NAM

- 4 hours ago
- 2 min read

17 ліпеня 2022 года Музей Вольнай Беларусі, праект Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адкрыў свае дзверы ў Варшаве.
За гэты час Музей разам з партнёрамі рэалізаваў дзясяткі выставачных праектаў, канцэртаў, тэатральных імпрэз, дзіцячых праграм, адукацыйных сустрэч, дыскусій і круглых сталоў.
Наша музейная калекцыя папоўнілася амаль 700 артэфактамі, а архіў — тысячамі лічбавых сведчанняў, якія захоўваюць памяць пра падзеі найноўшай беларускай гісторыі.
Да свайго 4-годдзя Музей Вольнай Беларусі падыходзіць у статусе намінанта на прэстыжную еўрапейскую музейную прэмію. Мы трапілі ў лонг-ліст Прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прыза Савета Еўропы (EMYA-2027) і чакаем далейшых вынікаў.
І гэта не ўсе прыемныя навіны!
Па замове музея «Poczta Polska» выдала калекцыйныя паштовыя маркі з выявамі знакавых прадметаў з нашага фонду. Маркі надрукаваныя вельмі абмежаваным накладам, кожная з іх існуе толькі ў некалькіх экзэмплярах.
У Дзень народзінаў Музей Вольнай Беларусі дае старт дабрачыннаму аўкцыёну. Для сяброў і прыхільнікаў Музея мы выстаўляем лот з трох камплектаў музейных марак з асабістымі подпісамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага і Святланы Алексіевіч, а таксама вядомага мецэната, нашчадка славутага княжацкага роду Мацея Радзівіла.
Удзельнічаць у аўкцыёне можна да 30 ліпеня. Усе сродкі, сабраныя падчас аўкцыёну, будуць накіраваныя на далейшую працу Музея — набыццё новых артэфактаў і стварэнне выстаў.
Спасылка на аўкцыён: https://www.ebay.pl/itm/358802729073
Калі вы хочаце павіншаваць Музей з чатырохгоддзем і падтрымаць нашу працу – пакіньце данат па спасылцы https://freebelarus.museum/donations.
А яшчэ выдатным падарункам для Музея будзе артэфакт з вашай асабістай гісторыяй! Калі ў вас ёсць тое, што можа расказаць аб вашым удзеле ў важных для краіны грамадска-палітычных падзеях — прыносьце, перадавайце, расказвайце!
Мы ўсё яшчэ не дома. Але разам працягваем захоўваць тое, што не павінна знікнуць.
Мы глыбока ўдзячныя кожнаму і кожнай, хто падтрымлівае Музей Вольнай Беларусі! А ў Дзень народзінаў ваша ўвага асабліва прыемна!



Comments