НАУ — афіцыйны партнёр Эканамічнага форуму ў Карпачы
- Admin of the NAM

- 2 days ago
- 1 min read

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з’яўляецца афіцыйным інстытуцыйным партнёрам 35-га Эканамічнага форуму ў Карпачы
Эканамічны форум штогод праводзіцца ў Польшчы з 1992 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых і найбольш вядомых палітыка-эканамічных мерапрыемстваў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
35-ы Эканамічны форум пройдзе 8–10 верасня ў горадзе Карпач (Польшча). Плануецца ўдзел больш за 6000 гасцей, адбудзецца больш за 500 панэльных дыскусій. На Форуме абмяркоўваюцца не толькі эканамічныя тэмы, але і пытанні палітыкі, дыпламатыі, навукі, адукацыі, медыцыны, спорту, культуры, экалогіі і многіх іншых сфер.
У Эканамічным форуме прымуць удзел Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, і Арцём Брухан, спікер Каардынацыйнай рады, намеснік кіраўніка НАУ.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў:
«Мы штогод прымаем удзел у Эканамічным форуме, і для нас вялікі гонар трэці год запар быць афіцыйным інстытуцыйным партнёрам найбуйнейшага палітыка-эканамічнага мерапрыемства ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Як і заўсёды, падчас усіх выступленняў, сустрэч і інтэрв’ю на палях Форуму мы будзем звяртаць увагу нашых партнёраў на сітуацыю ў Беларусі і абмяркоўваць, як можна вырашыць крызіс, які склаўся ў нашай краіне».

Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан звярнуў увагу:
«Важна, што ў межах нашага ўдзелу ў Форуме мы актыўна сустракаемся з міжнароднымі экспертамі, абменьваемся меркаваннямі і ацэнкамі. Нашая экспертыза па Беларусі запатрабаваная, пра што сведчыць наш удзел у панэлях, прысвечаных знешняй палітыцы і рэгіянальнай бяспецы».



Comments