top of page

НАУ перадалі ААН доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі



Павел Латушка і каманда НАУ перадалі доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў у камісію ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне

Матэрыялы аб датычнасці Лукашэнкі і шэрагу іншых асоб да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь былі перададзены падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і экспертаў НАУ з прадстаўнікамі Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне ў штаб-кватэры ААН у Вене.

Камісія ўпаўнаважаная праводзіць расследаванні парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права ў кантэксце агрэсіі Расіі супраць Украіны, выяўляць адказных асоб і структуры, а таксама прадастаўляць рэкамендацыі па прыцягненні вінаватых да адказнасці і забеспячэнні доступу ахвяр да правасуддзя.

Перададзеныя камандай НАУ доказы дазволяць умацаваць намаганні міжнароднай супольнасці па забеспячэнні адказнасці за адпаведныя ваенныя злачынствы.

А. Лукашэнка
А. Лукашэнка Крыніца: rbc.ru

Факты ўчынення ваенных злачынстваў Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі з гэтага моманту знаходзяцца ў міжнароднай камісіі, якая створана Саветам па правах чалавека ААН. Цяпер яны могуць запрошвацца адтуль следчымі і судовымі інстанцыямі.

Камісія прадстаўляе справаздачы па ваенных злачынствах ва Ўкраіне Генеральнай асамблеі ААН і Савету па правах чалавека ААН.

Перададзена інфармацыя аб фактах вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь пачынаючы са жніўня 2021 (да ўварвання). Прадстаўлена інфармацыя аб вядомых выпадках наступнага вывазу дзяцей, якія былі ў Беларусі ў 2021, у Расію для наступнага іх усынаўлення або ўстанаўлення над імі апекі/папячыцельства.

Перададзены доказы арганізацыі шырокамаштабнай праграмы незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь пад эгідай Саюзнай дзяржавы за перыяд верасень 2022-май 2023.

вываз украінскіх дзяцей у беларусь
Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: vesti.ru

Большасць такіх дзяцей былі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў, сярод іх многія з'яўляліся сіротамі або выхадцамі з малазабяспечаных або няпоўных сем'яў з 4 акупаваных абласцей Украіны. Колькасць населеных пунктаў складана падлічыць, але па ўскосных сведчаннях можна зрабіць выснову, што такія праграмы вывазу закранулі большасць населеных пунктаў Данецкай і Луганскай абласцей, мы налічылі больш за 20. Хоць мы перакананыя, што іх значна больш.

Прадастаўлена падрабязная інфармацыя аб асноўных арганізацыях, уцягнутых у працэс незаконнага перамяшчэння, а таксама асобах, якія ўнеслі найбольшы ўклад у ваеннае злачынства супраць гэтых дзяцей.

Можна казаць, што ў цэлым з пачатку поўнамаштабнага ўварвання колькасць незаконна перамешчаных дзяцей перавысіла 3 тысячы. Гэта было пацверджана прадстаўнікамі рэжыму публічна. Мы дакументальна можам пацвердзіць, што іх колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання па май 2023 перавысіла 2100.


bottom of page