top of page

Павел Латушка абмеркаваў у Беластоку сумесныя праекты з беларускай меншасцю Польшчы

Павел Латушка ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.
Павел Латушка ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.

Сумесныя праекты з прадстаўнікамі арганізацый беларускай меншасці Польшчы былі абмеркаваны падчас сустрэч намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ў Беластоку з прадстаўнікамі беларускай меншасці і беларускай дыяспары Беласточчыны.

Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.
Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.

У Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку падчас сустрэчы з дырэктарам Цэнтра Анатолем Вапам і старшынёй Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам былі разгледжаны сумесныя ініцыятывы Цэнтра, Музея Вольнай Беларусі і НАУ. Сярод іх:

  • прэзентацыя выдання «Руіны Беларусі», прысвечанага архіўным фотаздымкам помнікаў гісторыі і культуры Беларусі;

  • кніга пра беларусаў, пераселеных з Польшчы ў БССР у 1944–1948 гадах;

  • прэзентацыя ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў»;

  • мерапрыемствы да даты Грунвальдскай бітвы;

  • выстава з фондаў Музея Вольнай Беларусі, прысвечаная палітвязням і рэпрэсіям у краіне.

Са старшынёй Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння з беларускай меншасцю Беласточчыны, а таксама падрыхтоўку да святкавання 70-гадовага юбілею «Нівы».

Павел Латушка са старшынём Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.
Павел Латушка са старшынём Беларускага саюза ў Польшчы Яўгенам Вапам. Беласток, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.

Беларускі саюз у Польшчы з’яўляецца заснавальнікам Радыё Рацыя і выдаўцам тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва».

Падчас сустрэч была падкрэслена важнасць аб'яднання намаганняў беларускай меншасці і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў арганізацыі сумесных культурных мерапрыемстваў. Гэта будзе спрыяць лепшаму ўзаемнаму пазнанню, супрацоўніцтву і большай увазе да беларускіх спраў ў Польшчы.

Таксама Павел Латушка наведаў рэдакцыю выдання «Most» і павіншаваў калектыў з чатырохгоддзем. Абмеркавана пытанне садзейнічання працы медыя ў Польшчы, якое інфармуе перш за ўсё беларускую дыяспару, а таксама жыхароў беларуска-польскага памежжа.

Павел Латушка ў студыі «Радыё Рацыя». Беласток, Польшча, 2026. Фота: «Радыё Рацыя».
Павел Латушка ў студыі «Радыё Рацыя». Беласток, Польшча, 2026. Фота: «Радыё Рацыя».

Акрамя таго, падчас візіту ў Беласток Павел Латушка даў інтэрв’ю Радыё Рацыя.


Comments


bottom of page