Павел Латушка павіншаваў новага дырэктара Гайнаўскага ліцэя

«Няхай з муроў ліцэя выходзяць выпускнікі, якія будуць паважаць беларускую культуру, мову і гісторыю і несці іх праз усё жыццё», — намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка павіншаваў Дарыюша Мусюка з прызначэннем на пасаду дырэктара II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.
Павел Латушка адзначыў, што ліцэй ужо шмат гадоў з’яўляецца адным з найважнейшых асяродкаў беларускай адукацыі ў Польшчы:
«Менавіта тут захоўваюцца і развіваюцца беларуская мова, культура і традыцыі, а маладое пакаленне вучыцца шанаваць сваю спадчыну. Упэўнены, што пад Вашым кіраўніцтвам ліцэй і далей будзе захоўваць свой беларускі характар».
Павел Латушка ў віншаванні асобна падкрэсліў адкрытасць да супрацоўніцтва з ліцэем і яго новым дырэктарам.
У сваім адказе Дарыюш Мусюк падзякаваў за віншаванні, а таксама падкрэсліў, што як выпускнік ліцэя, а цяпер яго дырэктар, адчувае асаблівую адказнасць за працяг справы, якой прысвяцілі свае сілы і сэрцы многія пакаленні настаўнікаў, вучняў і бацькоў.
«Разам з усёй школьнай супольнасцю будзем імкнуцца да таго, каб беларуская мова гучала ў сценах ліцэя і заставалася з нашымі выпускнікамі на працягу ўсяго жыцця».
Асобна дырэктар ліцэя падзякаваў за адкрытасць да супрацоўніцтва і адзначыў, што будзе рады падтрымліваць кантакт і разам шукаць магчымасці для адукацыйных і культурных ініцыятыў на карысць нашай моладзі.
Раней Павел Латушка заснаваў штогадовую грашовую прэмію лепшаму настаўніку беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, якая ўпершыню была ўручана ў канцы мінулага навучальнага года настаўніку беларускай мовы Яну Карчэўскаму.
Даведка:
II Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы быў заснаваны ў 1949 годзе. Сёння ў ім навучаецца каля 340 вучняў. Акрамя агульнаадукацыйнай праграмы, ліцэісты паглыблена вывучаюць беларускую мову і літаратуру, а таксама актыўна далучаюцца да нацыянальна-культурных традыцый праз спевы, танцы і творчыя праекты. Беларуская культура з’яўляецца неад’емнай часткай штодзённага жыцця навучальнай установы і яе ідэнтычнасці. Варта адзначыць, што ў Польшчы працуе яшчэ адна падобная ўстанова — II Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім




Comments