top of page

Павел Латушка: Парламент Лукашэнкі не мог бы нават уявіць сабе таго, чаго здолела дасягнуць Каардынацыйная Рада

Updated: 5 days ago

Фота: Руслан Серадзюк

18 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя Кааліцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"» ў межах выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную Раду 4-га склікання. 

Падчас мерапрыемства быў прадстаўлены наш спіс кандыдатаў, а таксама афіцыйна прэзентавана перадвыбарчая праграма нашай кааліцыі.

Павел Латушка прадставіў вынікі нашай працы за КР 3-га склікання. Справаздача ахоплівае 6 ключавых пунктаў нашай праграмы: Адказнасць, Незалежнасць, Салідарнасць і дыяспара, Ціск, Знешняя палітыка і Будучыня. 

Падчас прэс-канферэнцыі выступілі чальцы і чаліні нашай Кааліцыі: лідар фракцыі Павел Латушка, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, спікер Каардынайцыйнай Рады Арцём Брухан, кіраўніца фонду «Прытуляй мяне» Ганна Федаронак і кіраўнік прававой камісіі Каарадынай Рады Міхаіл Кірылюк.

Павел Латушка ў сваім выступе падкрэсліў, што ў 4-м скліканні Каардынацыйнай Рады наша кааліцыя працягне сістэмную працу для прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Лідар фракцыі заявіў, што нашай задачай з’яўляецца дабіцца выдачы 3 ордэраў на арышт Лукашэнкі: за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а таксама за акт агрэсіі, учынены супраць Украіны.

Таксама Павел Латушка адзначыў, што мы працягнем лабіяваць санкцыйны ціск на рэжым, каб дабівацца змены ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі рэжыму, а таксама дамагацца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

«Крытыкаваць Каардынацыйную Раду можна і трэба, але пры гэтым нельга закрываць вочы і забываць аб тым, што Каардынацыйная Рада знаходзіцца на першай лініі ціску з боку спецслужбаў рэжыму. Супраць нас фактычна вядзецца вайна. А мэта рэжыму і яго спецслужбаў — знішчыць прадстаўніўчы орган беларусаў.

Але нягледзяча на гэта, мы дасяглі беспрэцэдэнтных вынікаў. Дэлегаты Каардынацыйнай Рады праводзілі двухбаковыя сустрэчы з парламентарыямі з дзясяткаў дэмакратычных краін, лабіявалі пытанні адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і санкцыйнага ціску. Наш прадстаўнічы орган прызнаны Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы і Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы, у якіх упершыню ў гісторыі дэмакратычных сіл працуюць нашы афіцыйныя дэлегацыі. Таксама КР мае сваю дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі «Еўранэст» і шэдаў-дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Каардынацыйная Рада таксама прызнана Еўрапейскім парламентам і Сенатам Польшчы.

Нам удалося пралабіяваць цэлы шэраг дапаўненняў і паправак у рэзалюцыі Еўрапейскага парламента, якія тычацца санкцыйнага ціску, адказнасці за катаванні палітвязняў, міжнароднай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа і за агрэсію супраць Украіны. 

Палата прадстаўнікоў ці Савет Рэспублікі не маглі б нават уявіць сабе таго, чаго здолела дасягнуць Каардынацыйная Рада ўсяго за год і дзесяць месяцаў сваёй працы», — заявіў Павел Латушка.


Comments


bottom of page