top of page

Павел Латушка ўзяў удзел у мерапрыемствах на Вестэрплятэ да гадавіны Другой сусветнай вайны

  • Sep 1
  • 1 min read
ree

1 верасня па запрашэнні віцэ-прэм’ера, міністра абароны Польшчы Уладзіслава Косіняк-Камыша намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка прыняў удзел у мерапрыемствах на Вестэрплятэ, прымеркаваных да 86-й гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны. У мерапрыемствах удзельнічалі прэзідэнт і прэм’ер-міністр Польшчы Караль Наўроцкі і Дональд Туск, маршалак Сейму Польшчы Шыман Галоўня і інш.

Падчас мерапрыемства Павел Латушка правёў кароткія размовы з міністрамі абароны, культуры, адукацыі, намеснікамі міністра замежных спраў і рэгіянальнай палітыкі.

Павел Латушка:

«Калі табе сніцца кашмар, прачнуўшыся, ты вырываешся з яго, вызваляешся ад жаху і страху. Тыя, хто прачнуўся ноччу 1 верасня 1939 года ад артылерыйскіх стрэлаў і падаючых авіябомбаў, апынуліся ў кашмары, які забраў мільёны чалавечых жыццяў ва ўсім свеце.

Вестэрплятэ, дзе я сёння прысутнічаў 1 верасня па запрашэнні польскага ўрада, яшчэ раз нагадала пра маштаб чалавечай трагедыі, якая ўзнікае, калі палітыкі апантаныя ўладай над людзьмі, калі жаданне рэалізаваць свае амбіцыі вядзе да абясцэньвання чалавечага жыцця.

Сёння мы павінны перадусім цаніць чалавечае жыццё – і ўкраінцаў, якія змагаюцца за кожнага ўкраінца і за кожнага еўрапейца, і беларусаў, якія пад катаваннямі ў турмах рэжыму ахвяруюць сваёй свабодай дзеля кожнага з нас. Не забываць гэтыя ахвяры – наш абавязак і адказнасць: змагацца за свабоду сёння і за трывалыя гарантыі вольнай Беларусі ў Еўрапейскім Доме заўтра».


Comments


bottom of page