top of page

Пазіцыя НАУ і Паўла Латушкі адносна магчымага візіту спецпрадстаўніка ЗША ў Беларусь

  • Jun 18
  • 2 min read

Updated: Jun 19

Кіт Келлог. Крыніца: golosameriki.com
Кіт Келлог. Крыніца: golosameriki.com

Інфармацыя пра магчымы візіт Спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Кэлага ў Беларусь і яго сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама пра меркаванае вызваленне групы палітзняволеных, патрабуе дакладнай пазіцыі. Лічым неабходным агучыць сваю пазіцыю па гэтым пытанні.

  1. Калі ў выніку гэтага візіту адбудзецца вызваленне групы палітычных зняволеных, гэта будзе важным пазітыўным вынікам. Мы дамагаемся іх вызвалення і вітаем крокі, якія гэта набліжаюць. Аднак важна дакладна адзначаць: вызваленне палітзняволеных — гэта не «жэст добрай волі». Гэта абавязак рэжыму, які неправамерна пазбавіў волі тысячы людзей. Іх арышты і прысуды з'яўляюцца злачынствамі. 

  2. Ціск на рэжым, які на дадзеным этапе павінен быць працягнуты і ўзмоцнены, з'яўляецца асноўнай прычынай, па якой рэжым вызваляе людзей. Камунікацыя і дыпламатычныя высілкі для вызвалення людзей з турмаў безумоўна неабходныя, але ціск не павінен слабець без канкрэтных крокаў з яго боку.

  3. Разам з тым, заклікаем нашых міжнародных партнёраў цвяроза ацэньваць ролю Аляксандра Лукашэнкі. Ён з'яўляецца суагрэсарам у вайне супраць Украіны, прадаставіўшы тэрыторыю Беларусі для нападу і працягваючы падтрымліваць расійскую агрэсію. Спробы Лукашэнкі пазіцыянаваць сябе як «пасярэдніка» не адпавядаюць рэчаіснасці. Адначасова, варта падкрэсліваць, што любыя кантакты прадстаўнікоў дэмакратычных краін з Лукашэнкам не могуць і не павінны азначаць прызнання яго легітымнасці. Ён утрымлівае ўладу шляхам гвалту, фальсіфікацый і сістэматычных рэпрэсій.

  4. Калі ж рэжым Лукашэнкі сапраўды шукае дыялогу з міжнароднымі партнёрамі, варта выстаўляць яму пэўныя прынцыповыя, базавыя ўмовы, выкананне якіх крытычна важна для вырашэння крызісу:

    • Неадкладнае спыненне ўсіх палітычных рэпрэсій.

    • Безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных.

    • Дэкрыміналізацыя палітычнага і грамадскага жыцця ў краіне, адмена пераследу зам грамадзянскую пазіцыю.

    • Спыненне транснацыянальных злачынстваў, у тым ліку пераследу беларусаў за мяжой.

    • Гатоўнасць да дыялогу з дэмакратычнай большасцю беларускага грамадства.

Мы перакананыя, што адзіны канструктыўны шлях да выхаду з глыбокага крызісу ў Беларусі — гэта пачатак дыялогу. Пры гэтым мы разумеем, што рэжым можа адмовіцца ад дыялогу, называючы нас «экстрэмістамі» або «тэрарыстамі». Лічым гэтую пазіцыю неканструктыўнай і неадэкватнай, бо яна ніколі не прывядзе да вырашэння крызісу. Дэмакратычныя сілы Беларусі валодаюць знешнепалітычнай легітымнасцю і прызнанай прадстаўнічай роляй у прадстаўленні інтарэсаў дэмакратычна настроенай часткі грамадства. Мы валодаем суб'ектнасцю, ад якой не адмовімся.

У гэтым кантэксце пасярэдніцкая і фасілітуючая роля нашых міжнародных партнёраў мае важнае значэнне. Бо калі нашы базавыя ўмовы зразумелыя, то ўмовы рэжыму не вербалізаваныя. Таму мы лічым важным і будзем вітаць удзел пасярэднікаў, каб гэтыя ўмовы былі агучаныя і такім чынам была закладзена аснова для магчымага дыялогу.


Comments


bottom of page