top of page

Папярэдні даклад аб рэпрэсіўных захадах рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў замежжа


25 лістапада ў Варшаве адбылася прэзентацыя папярэдняга даклада «Сістэмная дыскрымінацыя, парушэнні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі рэжымам Лукашэнкі беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой. Шляхі пераадолення». Дакумент падрыхтаваны юрыстамі НАУ і мае на мэце сістэматызаваць інфармацыю аб дзеяннях рэжыму Лукашэнкі, накіраваных на пераслед беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, а таксама шляхі супрацьдзеяння рэпрэсіўным захадам і памяншэнне негатыўных наступстваў у дачыненні да беларусаў, якія апынуліся за мяжой.

Юрысты НАУ папярэдне зафіксавалі і сістэматызавалі 15 сродкаў парушэння правоў, дыскрымінацыі і рэпрэсій у дачыненні да беларусаў за мяжой у выніку дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, сярод іх:

  • адмена адтэрміноўкі на службу ў войску для грамадзян, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў замежных вну;

  • затрыманні пры перасячэнні мяжы па вяртанні з іншых краін, затрыманні пры спробах атрымаць візу;

  • перашкоды для ўдзелу ў выбарах для грамадзян, якія пражываюць за мяжой;

  • завочны крымінальны пераслед, канфіскацыя маёмасці палітычных эмігрантаў;

  • забарона на выдачу пашпартоў за мяжой;

  • забарона на ажыццяўленне здзелак з маёмасцю на падставе даверанасці, выданай за мяжой;

  • забарона на атрыманне даведак на падставе давернасці, выданай за мяжой;

  • патрабаванні да грамадзян Беларусі аб паведамленні аб замежным ВНЖ, ПМЖ, грамадзянстве, іншых дакументах;

  • знішчэнне маёмасці і арышт родных эмігрантаў;

  • дыскрымінацыя па месцы пражывання беларусаў за мяжой мясцовымі актарамі;

  • перашкоды ў атрыманні апастыля для дакументаў — павелічэнне тэрмінаў, павелічэнне кошту і іншыя.

Пералічаныя парушэнні правоў не з’яўляюцца вычарпальнымі, юрысты НАУ працягваюць збіраць інфармацыю аб рэпрэсіўных захадах рэжыму ў дачыненні да беларусаў замежжа.

На прэзентацыі папярэдняга даклада выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі НАУ, ОСЦ, Варшаўскай і Нідэрландскай калегій адвакатаў, БДІПЧ АБСЕ, Амбудсмена Польшчы, замежныя дыпламаты, а таксама прадстаўнікі польскіх юрыдычных кампаній «WKB Wierciński, Kwieciński, Baehr», Centrum Dialogu im. Juliusza Mieroszewskiego.

У межах прэзентацыі адбыўся збор прапаноў аб сістэмным вырашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў беларусаў замежжа.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка: «У краінах, дзе сёння знаходзяцца беларусы, перад усім працуе права. Таму праблемы беларусаў, якія жывуць за мяжой — гэта пытанні не толькі саміх беларусаў. Гэта праблемы і ўрадаў гэтых краін. Сёння асабліва важна сістэматызаваць і вызначыць шляхі для вырашэння гэтых праблем, каб у выніку рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму беларусы не апынуліся ў прававым вакууме за мяжой».

Працоўная група юрыстаў працягне працу над дакладам з улікам заўваг і прапаноў, якія былі атрыманыя ў рамках абмеркавання і якія працягваюць прымацца. Пасля завяршэння сістэматызацыі матэрыялы даклада будуць накіраваны і прадстаўлены ўрадам краін, дзе пражываюць беларусы, каб супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі, якая наступае ў выніку рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму.

bottom of page