Права лічыць гэты музей сваім мае кожны беларус і кожная беларуска, хто змагаўся і змагаецца за свабоду для Беларусі
- Pavel Latushka

- Jul 17
- 2 min read
Updated: Jul 18
Выступ намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі падчас адкрыцця выставы «Фрагменты», мерапрыемства да трохгоддзя Музея Вольнай Беларусі
Паважаныя сябры, Спадарыня Йецке Клейн, дарагія беларусы і нашы польскія і еўрапейскія партнёры!
(прадстаўнікі Амбасады Каралеўства Нідэраландаў, Канады, спадар дырэктар Нарадовага цэнтра культуры, кіраўнікі і прадстаўнікі польскіх інстытуцый, Спадар Мацей Радзівіл)
Рады вітаць вас на пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі — праекта Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Узнікнуўшы як ідэя, Музей Вольнай Беларусі за тры гады стаў інстытуцыяй з выразнай місіяй і роляй у грамадстве, якая захоўвае і паказвае тое, што часта застаецца невідочным, але вельмі важным для беларусаў: асабістыя рэчы, дакументы, мастацкія жэсты, матэрыялы з вуліц, маніфестацый, маршаў, з турмаў, з жыцця пасля 2020 года, пра беларускіх герояў палітвязняў і беларскіх герояў, якія бароняць бяспеку Еўропы ва Украіне. Музей стаў месцам, дзе самы вялікі ў сучаснай гісторыі рух беларусаў за свабоду не проста фіксуецца, ён працягвае жыць. Гэта прастора, якая аб’ядноўвае беларусаў у выгнанні, і якая нясе праўду пра Беларусь у Еўропу і ўвесь свет.
Захаваць гэтую гісторыю сёння — не права, а абавязак перад народам і яго будучыняй
Дзейнасць Музея абвяргае распаўсюджаны, але памылковы тэзіс, што беларусы не маюць характару або волі змагацца за свабоду. Гэта абвяргаецца нашай гісторыяй — суменсай гісторыяй еўрапейскай спадчыны: ад часоў Полацкага княства, праз Вялікае Княства Літоўскае, Беларускую Народную Рэспубліку, праз Першую і Другую сусветныя войны, змагароў за незалежную Рэспубліку Беларусь і сённяшнюю барацьбу за яе вызваленне.
Музей Вольнай Беларусі не дае нам забыцца на тое, за што былі прынесены ахвяры, і нагадвае ўсім нам: пакуль жыве памяць — жыве і Беларусь. Жыве і змагаецца.
У сваім жыцці мне давялося адкрываць шэраг музеяў: палацавы комплекс у Нясвіжы (былую рэзідэнцыю Радзівілаў), Мірскі замак, Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, змагацца за стварэнне музея Васіля Быкава пад Мінскам, а таксама шмат іншых. Але гэты музей — Музей Вольнай Беларусі — мае для мяне асаблівае значэнне, як чалавека, які з’яўляецца сведкам і ўдзельнікам гэтых падзей.
Права лічыць гэты музей сваім мае кожны беларус і кожная беларуска, хто змагаецца за свабоду для Беларусі.
Мы вельмі ўдзячны мэрыі Варшавы за падтрымку дадзенага праекта, а таксама за гэтую прастору, у якой створаны і працягвае развівацца музей.
Таксама дзякуем Амбасадзе Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы. Без вашай дапамогі гэты музей і яго місія былі б немагчымы.
Выказываем таксама асабістую падзяку мецэнату і вялікаму сябру Музея спадару Мацею Радзівілу і яго фундацыі «Тры трубы» за шматгадовую падтрымку як гэтай інстытуцыі, так і ўсёй беларускай культуры.
Разам — мы захоўваем памяць. Разам — мы змагаемся за свабоду. І разам — мы пераможам. Жыве Беларусь!










Comments