Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка пракаментаваў заяву Еўрапарламента наконт так званых «прэзідэнцкіх выбараў» 2025 года

«Мы высока цэнім прынятую Еўрапарламентам заяву, якая яшчэ раз падкрэслівае непахісную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа. Заява дакладна адлюстроўвае сённяшнюю рэчаіснасць у Беларусі, дзе выбары па-ранейшаму выкарыстоўваюцца не як механізм выяўлення волі народа, а як інструмент захопу ўлады.
Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года беларусы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным узроўнем гвалту і парушэнняў правоў чалавека. Еўрапейскія дэпутаты таксама ведаюць гэтую жудасную статыстыку: больш за 1300 палітзняволеных, тысячы арыштаваных і сотні тысяч людзей, вымушаных пакінуць Беларусь у пошуках бяспекі.
Актуальныя для кожнага беларуса правы і свабоды, у тым ліку права ўдзельнічаць у галасаванні, працягваюць парушацца рэжымам, і сёння любыя выбары без празрыстых умоў, без удзелу міжнародных назіральнікаў – гэта толькі фарс.
Мы дзякуем дэпутатам Еўрапарламента за гэты дакумент, які не проста асуджае дзеянні рэжыму, але і накіроўвае дакладны сігнал пра тое, што беларускі народ заслугоўвае свабоднага выбару і павагі да сваіх правоў.
Беларусь заслугоўвае будучыні, у якой кожны грамадзянін можа свабодна галасаваць і вырашаць лёс сваёй краіны без страху, пагроз і прымусу. Мы будзем працягваць барацьбу за гэтыя правы і за вяртанне нашай краіны на шлях дэмакратыі».




Comments