top of page

Рэжымных спартоўцаў
не прызнаюць


Ванесса Колодинская
Ванесса Колодинская. Источник: wrestling.by

179 спартсменаў Лукашэнкі афіляваныя з вайсковымі або сілавымі структурамі

Прадстаўніцтвам Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па пытаннях транзіту ўлады і камандай НАУ ў адрас міжнародных партнёраў, у тым ліку ў МЗС Францыі і МЗС Германіі перададзены спіс 179 спартсменаў рэжыму Лукашэнкі, якія з'яўляюцца вайскоўцамі Узброеных сіл альбо супрацоўнікамі МУС.

У ходзе праведзенай у Парыжы сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і прадстаўнікоў каманды НАУ з Паслом па спорце МЗС Францыі Самюэлем Дзюкракетам адбылося абмеркаванне падыходаў па правядзенні верыфікацыі заяўленых рэжымам Лукашэнкі спартсменаў для патэнцыйнага ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў Парыжы ў 2024 годзе. Прадстаўнік Францыі адзначыў гатоўнасць цалкам прытрымлівацца дзеючых крытэрыяў Міжнароднага алімпійскага камітэта, згодна з якімі сярод іншага не дапускаецца магчымасць удзелу ў Алімпійскіх гульнях спартсменаў, афіляваных з сілавымі або ваеннымі структурамі Беларусі.

Сярод спартоўцаў, заяўленых рэжымам для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, значацца Ванэса Каладзінская (вольная барацьба) і Анастасія Шкурдай (плаванне).

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення праінфармавала Міжнародны алімпійскі камітэт, UWW (Аб'яднаны свет барацьбы — профільная Міжнародная федэрацыя грэка-рымскай барацьбы, вольнай барацьбы і жаночай барацьбы) і краіну правядзення Алімпійскіх гульняў-2024 аб афіляванасці Ванэсы Каладзінскай з МУС рэжыму Лукашэнкі. Адпаведныя дакументы для праверкі факту аб афіляванасці былі накіраваны НАУ таксама ў адрас МАК у дачыненні да Анастасіі Шкурдай — плыўчыхі, якая падчас удзелу ў папярэдніх Алімпійскіх гульнях была афіляваная з Узброенымі сіламі.

19 снежня Лукашэнка падпісаў «указ» аб прысуджэнні прэміі «Беларускі спартыўны Алімп», якую сярод іншых атрымала і В. Каладзінская. Ва «ўказе» адзначаецца прыналежнасць спартсменкі да Міністэрства ўнутраных спраў рэжыму Лукашэнкі.

Апублікаваны «ўказ» Лукашэнкі пацвярджае дадзеныя каманды НАУ ў дачыненні да Ванэсы Каладзінскай. На нашу думку, у адпаведнасці з прынятымі крытэрыямі допуску спартсменаў з беларускім пашпартам удзел у Алімпійскіх гульнях В. Каладзінскай, а таксама іншых спартсменаў, афіляваных з сілавымі або ваеннымі органамі, немагчыма.

Удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе змогуць прыняць індывідуальныя спартсмены з беларускім пашпартам, якія адпавядаюць крытэрам МАК. Не маюць права быць заяўленымі ці ўдзельнічаць у спаборніцтвах спартсмены, якія актыўна падтрымліваюць вайну, афіляваныя з сілавымі або ваеннымі органамі. Таксама на гульні ў Парыжы не атрымаюць запрашэнне чыноўнікі і члены ўрада.

Каманда НАУ працягне працоўнае ўзаемадзеянне з МЗС Францыі па пытаннях верыфікацыі спартсменаў у дачыненні да магчымасці ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

bottom of page