top of page

Справаздача за 6 месяцаў працы Прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце


Санкцыйны ціск на рэжым і яго прадстаўнікоў


У комплексе з вышэй названымі мерамі Кабінет разглядае санкцыі як адзін з кампанентаў барацьбы супраць рэжыму. За час, які мінуў ад моманту ўвядзення першых санкцый, стала зразумела, што санкцыйная палітыка супраць рэжыму патрабуе пільнай увагі і актыўнага ўдзелу з боку саміх беларусаў. Уведзеныя санкцыі, а таксама яшчэ плануемыя, могуць быць сапраўды эфектыўнымі, толькі калі самі беларусы будуць дапамагаць накіроўваць іх у адпаведныя цэлі і кантраляваць іх выкананне. Па гэтай прычыне прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, яго Прадстаўніцтва і каманда НАУ пры ўдзеле Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапападку праводзілі актыўную працу для таго, каб санкцыі сталі сапраўды балючым і эфектыўным ударам па рэсурсах рэжыму, змяншалі яго магутнасці, якія ён скіроўвае на новыя і новыя злачынствы.


На працягу шасці месяцаў існавання Кабінета прадстаўніком па транзіце ўлады Паўлам Латушкам на рэгулярнай аснове ўносіліся падрыхтаваныя яго Прадстаўніцтвам прапановы па ўдасканаленні санкцыйнага ціску і пашырэнні санкцыйных спісаў як у наднацыянальная органы ЕС, так і ва ўрады дэмакратычных краін. Толькі за апошнія тры месяцы 23 такія прапановы з абгрунтаваннем былі накіраваны ўпаўнаважаным органам Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Славеніі, Швецыі, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Бельгіі, Аўстрыі, Украіны і г. д. Падобныя прапановы перадаваліся падчас шматлікіх афіцыйных сустрэч і замежных візітаў Паўла Латушкі і іншых прадстаўнікоў Кабінета з пасламі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу дэмакратычных краін. Сярод сустрэч варта выдзеліць сустрэчы кіраўніцы і прадстаўнікоў Кабінета з памочнікам Дзяржсакратара ЗША Робін Даніган, сустрэчы прадстаўніка па замежных справах Валера Кавалеўскага з кіраўніком упраўлення па каардынацыі санкцый Дзярждэпу ЗША Джымам С. О’Брайенам, сустрэчы Паўла Латушкі са старэйшым дарадцам па пытаннях палітыкі Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Полам Масарам і кіраўніцай ніжняй палаты парламента Чэхіі Маркетай Адамавой.


Важна адзначыць, што за мінулы перыяд у Кабінеце была сфармавана і абгрунтавана пазіцыя аб неабходнасці гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі, якая ад імя кіраўніцы Кабінета была накіравана на імя прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, адказнаму за знешнюю палітыку ЕС Жазэпу Барэлю і старшыні Еўрапейскага савета Шарлю Мішэлю. Гэтая пазіцыя таксама была перададзена Дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену.


Таксама быў здзейснены візіт Прадстаўніцтва па транзіце ўлады і каманды НАУ у Брусэль з мэтай праінфармаваць адпаведныя ўстановы аб спосабах абыходу санкцый рэжымам Лукашэнкі, даць рэкамендацыі па прадухіленні такіх спробаў, а таксама давесці неабходнасць гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі.


Прадстаўніцтва па транзіце ўлады актыўна працавала і над увядзеннем персанальных санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму. Разам з камандай НАУ, «Байполам», Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці былі падрыхтаваны прапановы з абгрунтаваннем на ўвядзенне персанальных санкцый супраць 340 асобаў, якія служаць рэжыму. Такія спісы закранулі прадстаўнікоў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва, якія садзейнічалі агрэсіі Расіі супраць Украіны, суддзяў, якія выносілі незаконныя прысуды, прапагандыстаў, якія распальвалі варожасць і распаўсюджвалі ілжывую інфармацыю, чальцоў так званага Нацыянальнага сходу РБ, якія прымалі дыскрымінацыйныя законы і праўкі ў заканадаўства, спартыўных функцыянераў, якія пераследвалі спартоўцаў і г. д.


У тым ліку на аснове накіраваных прапаноў за гэты час ужо быў прыняты шэраг рашэнняў санкцыйнага характару ў адносінах да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Так, нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да 12 дзеячоў рэжыму ўвяла Польшча. Санкцыі ў дачыненні да 22 фізічных асоб і 16 кампаній з Беларусі ўвяла Канада падчас візіту ў Атаву Святланы Ціханоўскай. Пашырыла свой санкцыйны спіс Новая Зеландыя. Тайвань пашырыў пералік высокатэхналагічных тавараў, забароненых для экспарту ў Беларусь.

і ўвялі санкцыі супраць некалькіх прадпрыемстваў. Санкцыі ў дачыненні 23 беларускіх прадпрыемстваў увяла Украіна.


Важную частку акрэсленай вышэй працы выканала Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку, якое ажыццяўляе рознабаковую верыфікацыю прадстаўнікоў рэжыму для ўключэння іх у санкцыйныя спісы дэмакратычных краін. За мінулы перыяд такім чынам было верыфікавана 60 службовых асобаў.


Да працы па павелічэнні санкцыйнага ціску далучыўся таксама Дэпартамент па нацыянальнай бяспецы, які, адпаведна свайму профілю, падрыхтаваў прапановы па ўвядзенні санкцый, накіраваных супраць супрацоўніцтва ваенна-прамысловых комплексаў Беларусі і Расіі, задзейнічаных у агрэсіі супраць Украіны. Прадстаўніцтва па транзіце ўлады накіравала спіс з 13 прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі ўпаўнаважаным органам ЕС, ЗША, Швецыі, Польшчы, Вялікабрытаніі.


Зараз рыхтуецца новы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі з боку Еўрапейскага саюза ў сувязі з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. У аснову дадзенага пакета пакладзена пазіцыя Кабінета і прапановы з абгрунтаваннем Прадстаўніцтва па транзіце ўлады па гарманізацыі санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, згодна з прапановай Прадстаўніцтва па транзіце ўлады, новы пакет санкцый прадугледжвае персанальныя санкцыі ў дачыненні да 22 прадстаўнікоў вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму.


Прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму


Кабінет лічыць прынцыпова важным не толькі вызваліць Беларусь ад рэжыму, але і прыцягнуць да адказнасці яго прадстаўнікоў, якія разгарнулі тэрор і рэпрэсіі беспрэцэдэнтных маштабаў супраць беларускага народа. Ужо ад жніўня 2020 г. прынцыпова важным для беларусаў з’яўлялася фіксацыя ўсіх злачынстваў, якія былі здзейснены супраць удзельнікаў пратэсту. Кабінет аб’яднаў намаганні Паўла Латушкі і Аляксандра Азарава ў гэтым пытанні, каб у выніку планамернай сістэмнай працы увесь назапашаны матэрыял, доказы, спробы ахвяраў дабіцца справядлівасці і захады праваабаронцаў далі належны плён: прымусілі злачынцаў стаць перад справядлівым судом. На дадзены момант пры актыўным садзейнічанні Паўла Латушкі і яго каманды ў межах універсальнай юрысдыкцыі узбуджаны крымінальныя справы супраць памагатых рэжыму ад імя звыш як 50 пацярпелых. Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады, камандай НАУ, пры ўдзеле прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку была праведезена канферэнцыя ў Варашаве, на якой было дасягнута пагадненне аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі праваабарончага сектара і ініцыятывай JusticeHub (Літва). Для каардынацыі працы па дадзеным накірунку Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады была падрыхтавана і разаслана народным амбасадам Беларусі памятка, якая ўключае інструменты пошуку ахвяр, праваабаронцаў і юрыстаў, прасоўвання дадзенай праблематыкі ў мясцовых СМІ і г. д. Для папулярызацыі тэмы і падсвечвання праблемных момантаў, з якімі даводзіцца сутыкацца ахвярам катаванняў падчас разгляду іх спраў у межах універсальнай юрысдыкцыі, камандай Паўла Латушкі быў зняты і прэзентаваны дакументальны фільм «Беларускі працэс».


Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку ў сваю чаргу вядзе рэгулярную працу па садзейнічанні місіі Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) па зборы доказаў у вобласці парушэння правоў чалавека ў Беларусі: пошук сведак і пацярпелых, прадастаўленне неабходнай інфармацыі.


Прадстаўніцтва Аляксандра Азарава надалей займаецца зборам доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Назапашаны матэрыял быў апрацаваны і лёг у аснову 12 расследавальніцкіх відэафільмаў, апублікаваных у мінулым перыядзе. Гэты ж матэрыял быў выкарыстаны прадстаўніком па транзіце ўлады для абгрунтавання неабходнасці прызнання ўрадамі дэмакратычных краін КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Шматлікія намаганні і звароты па гэтай тэме сталі адной з прычын прыняцця Сеймам Літоўскай Рэспублікі рэзалюцыі, якая менавіта так акрэслівае гэтыя злачынныя арганізацыі і заклікае прэзідэнта і ўрад Літвы абвясціць гэтыя арганізацыі тэрарыстычнымі. Пасля зваротаў прадстаўніка па транзіце ўлады і сустрэч з высокапастаўленымі чыноўнікамі Чэхіі, парламент Чэхіі даў даручэнне Міністэрству замежных спраў падрыхтаваць і зрабіць рэкамендацыю прэм’ер-міністру аб прызнанні ў Чэхіі КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Падобны зварот быў накіраваны і да дэпутатаў Вярхоўнай рады Украіны.


Трыбунал


Усе намаганні Кабінета давесці да цывілізаванага свету неабходнасць эфектыўнага судовага пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі мусяць фіналізавацца Міжнародным трыбуналам над Лукашэнкам і яго памагатымі. Для вывядзення справы на гэты глабальны ўзровень Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады было падрыхтавана абгрунтаванне магчымасці прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў 1984 г., якое было перададзена ў МЗС Польшчы, Літвы, Чэхіі, ЗША, Швецыі, Канады. Прынятыя ў студзені 2023 г. рэзалюцыі Еўрапарламента і Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы адлюстроўваюць прапановы Кабінета па распаўсюджванні юрысдыкцыі будучага трыбунала на вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, уключаючы самога дыктатара, за іх саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.


Пераходны перыяд і новая Беларусь


Кабінет згодна з пастаўленымі мэтамі бярэ на сябе адказнасць за дзяржаўнае кіраўніцтва у пераходны перыяд, падчас якога будзе закладзены падмурак новай Беларусі - дэмакратычнай суверэннай дзяржавы з развітай сацыяльна арыентаванай эканомікай. Для гэтага Прадстаўніцтва па транзіце ўлады распрацавала падыходы па замене неэфектыўных рэжымных чыноўнікаў, і ў першую чаргу — тых службовых асобаў, якія здзейснілі злачынствы супраць беларусаў — на эфектыўных высокаадукаваных мэнэджэраў, якія, на падставе вывучанага вопыту іншых краін, змогуць звесці да мінімуму сацыяльна-эканамічныя ўзрушэнні, уласцівыя для грамадстваў і эканомік у пераходны перыяд. Для падрыхтоўкі неабходных кваліфікаваных кадраў Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады, у прыватнасці намеснікам прадстаўніка па транзіце ўлады Юрыем Губарэвічам, быў распрацаваны і запушчаны праект «Кадравы рэзерв для новай Беларусі». На дадзены момант апрацавана 170 заявак на навучанне ў рамках праекта, 40% з якіх пададзена асобамі, якія знаходзяцца ў Беларусі, а 17% працуюць у дзяржаўным сектары. Варта адзначыць, што 100% заяўнікаў маюць вышэйшую адукацыю. Сфарамваны план пілотнай адукацыйнай праграмы, якая будзе ўключаць навучанне па камунікацы і канфлікталогіі, дзяржаўным кіраванні, кіраваннем у крызісны перыяд.


bottom of page