top of page

У ЗША зафіксавалі ваенныя злачынствы Лукашэнкі


16 лістапада 2023 года Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя (Yale HRL) апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны».

Гэтая справаздача дакументуе ролю Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэнні дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Публікацыя HRL змяшчае асноўныя высновы аб колькасці перамешчаных ўкраінскіх дзяцей, месцах, маршрутах і праграмах перамяшчэння, а таксама аб ключавых постацях ў прыняцці і выкананні рашэння аб перамяшчэнні.

HRL, спасылаючыся ў тым ліку на дадзеныя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, устанавіла, што па меншай меры 2 442 ўкраінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразлівых груп, былі перамешчаныя з 17 гарадоў Украіны як мінімум у 13 устаноў Беларусі. Пры гэтым вялікая колькасць дзяцей, а менавіта 2 050 украінскіх дзяцей былі перамешчаныя ў беларускі лагер «Дубрава».

Як падкрэслівае HRL, перамяшчэнне дадзенай колькасці дзяцей з Украіны атрымліваецца пацвердзіць з высокай ступенню дакладнасці. Фактычна агульная колькасць незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей з вялікай доляй верагоднасці перавышае гэтую лічбу.

Перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей Беларуссю і Расіяй, а таксама ажыццяўленне іх перавыхавання, якое ўключае ў тым ліку правядзенне заняткаў вайсковага характару з выкарыстаннем зброі, носіць сістэматычны характар.

HRL устаноўлена, што перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена А. Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі У. Пуціным у рамках так званай Саюзнай дзяржавы пры падтрымкі спецслужбаў Расіі і Беларусі.

Пры гэтым А. Лукашэнка ажыццяўляе непасрэдны кантроль за ўдзелам Беларусі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей: А. Лукашэнка ўхваліў фінансаванне перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з сумеснага бюджэту Саюзнай дзяржавы, а таксама ўцягванне дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый Беларусі ў арганізацыю перамяшчэння дзяцей з Украіны ў Беларусь.

Ключавую ролю ў вызначэнні ўкраінскіх дзяцей, якія падвергліся перамяшчэнню, адыгралі Следчы камітэт РФ, Памежнае Упраўленне ФСБ Расіі па Растоўскай вобласці, Міністэрства адукацыі так званых ДНР і ЛНР. 30 даверанасцей на перамяшчэнне ўкраінскіх сірот было аформлена непасрэдна Міністэрствам адукацыі ЛНР.

Важную ролю ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь таксама адыгралі Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе арганізацыя «Дэльфіны», ААТ Беларуськалій. У справаздачы прыводзяцца цытаты Паўла Латушкі пра ролю кіраўніка Беларуськалія ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Адносна выкарыстання праграм перавыхавання ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей, HRL ўстанавіла, што як мінімум 9 груп дзяцей з Украіны ў 8 з 13 установаў былі падвергнутыя перавыхаванню. HRL вызначыла праграмы перавыхавання як прапаганду культурных, гістарычных, грамадскіх, патрыятычных і іншых ідэй, якія адказваюць палітычным інтарэсам рэжымаў у Беларусі і Расіі.

Акрамя таго, не менш за 6 груп дзяцей з Украіны прайшлі ваенную падрыхтоўку ў Беларусі, у тым ліку на базах органаў унутранай бяспекі Беларусі.

У працэс перавыхавання былі ўцягнутыя таксама расійскія і беларускія чыноўнікі і арганізацыі, уключаючы прарэжымныя грамадскія арганізацыі, ультранацыяналістычныя экстрэмісцкія групы, дзяржаўныя прамысловыя кампаніі, мясцовыя арганізацыі ў Беларусі і палітыкі, якія падтрымліваюць рэжым.

Раней, 14 лютага 2023 года, Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя апублікавала справаздачу аб расійскай праграме перавыхавання і ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей, у якой фокус адказнасці за арганізацыю такой праграмы быў накіраваны на Уладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Белову. Пасля публікацыі дадзенай справаздачы 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэра на арышт дадзеных асоб.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка: «Дадзеная справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвярджае ўсе факты, раней перададзеныя Народным антыкрызісным упраўленнем у Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная акалічнасць безумоўна умацоўвае працу НАУ, накіраваную на прадухіленне незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і крымінальны пераслед галоўных злачынцаў.

Дэмакратыя перамагае тады, калі надыходзіць адказнасць. У дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў Лукашэнка і яго памагатыя здзяйсняюць тысячы злачынстваў. Факты злачынстваў фіксуюцца рознымі міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі. Усе яны кваліфікуюцца ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам.

Таму ёсць усе падставы верыць, што справядлівасць пераможа, а Лукашэнка панясе пакаранне за свае злачынствы. Інакш дэмакратыя не пераможа».

Новая публікацыя HRL дапаўняе лютаўскую справаздачу, асвятляючы ролю Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэнні ў Беларусь і перавыхаванні дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.


bottom of page