top of page

Часовае пасведчанне асобы замежніка з’яўляецца дакументам, які сведчыць асобу пры адкрыцці банкаўскага рахунку ў Польшчы

  • Jun 19
  • 2 min read

«Упраўленне Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (далей Камісія фіннагляду) накіравала паднаглядным банкам ліст, у якім адзначыла, што паднаглядныя ўстановы (у тым ліку банкі) абавязаны пры ўжыванні мер фінансавай бяспекі на падставе закона аб прадухіленні адмывання грошай улічваць усе дакументы, якія могуць сведчыць асобу, наяўныя ў замежнікаў, і што такім дакументам цалкам варта прызнаваць таксама часовае пасведчанне асобы замежніка», — гаворыцца ў адказе Камісіі фіннагляду на запыт намесніка кіраўніцы Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі.

Гэта вынік камунікацыі з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам унутраных спраў і Камісіі фіннагляду, якую ажыццяўлялі НАУ і прадстаўніцтва па транзіце ўлады Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Дадзеныя запыты былі накіраваны Паўлам Латушкам па просьбе былых палітвязняў і Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі».

Гэты падыход акрэслівае часовае пасведчанне асобы замежніка як падставу адкрыцця банкаўскіх рахункаў для беларусаў, якія з-за рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі вымушана апынуліся ў Польшчы і знаходзяцца ў працэсе чакання міжнароднай абароны.

Камісія фіннагляду таксама падкрэсліла, што ў сувязі з увядзеннем санкцый у дачыненні да Беларусі, грамадзяне Беларусі могуць адносіцца да групы кліентаў з падвышаным рызыкай адмывання грошай і фінансавання тэрарызму, аднак «адмова ва ўсталяванні дзелавых адносін або рашэнне аб іх спыненні не можа абгрунтоўвацца выключна такім аднясеннем кліента да групы падвышанай рызыкі».

Таму перад прыняццем адпаведных рашэнняў банкі павінны пераканацца, што яны разгледзелі ўсе магчымыя меры па змяншэнні рызыкі. «Кожнае рашэнне аб адмове ва ўсталяванні або спыненні дзелавых адносін павінна быць абгрунтавана, задакументавана і даступна для прадастаўлення на запыт нагляднага органа».

Камісія фіннагляду падкрэсліла, што нельга аўтаматычна лічыць усіх кліентаў з адной групы (у нашым выпадку — грамадзян Беларусі) аднолькава высокарызыкоўнымі для абслугоўвання без індывідуальнай ацэнкі кожнага патэнцыйнага кліента. Такі падыход можа быць прызнаны Камісіяй фіннагляду неабгрунтаваным і сведчыць пра неэфектыўнае кіраванне рызыкамі ў адпаведным банку.

Таксама Камісія фіннагляду паведаміла, што польскі праязны дакумент для замежніка не зʼяўляецца дакументам, які сведчыць асобу, і не можа выкарыстоўвацца для адкрыцця банкаўскага рахунку. Пры гэтым адзначана, што пазіцыя Камісіі па гэтым пытанні перададзеная ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы з указаннем, што для прызнання праязнога дакумента для замежніка дакументам, на падставе якога магчыма праводзіць ідэнтыфікацыю і верыфікацыю асобы пры адкрыцці рахунку, патрэбныя адпаведныя змены ў закон аб замежніках. НАУ і прадстаўніцтва па транзіце ўлады Кабінета накіруюць чарговую просьбу у Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы пазітыўна разгледзець гэтыя пытанні.

Акрамя таго, Камісія фіннагляду падкрэсліла: адкрыццё банкаўскіх рахункаў у сённяшніх умовах немагчыма толькі на падставе беларускага пашпарта з гуманітарнай візай.

Банкі маюць права патрабаць ад патэнцыйных кліентаў дакументы, што пацвярджаюць мэту і характар адкрыцця рахунку, бо гэта з'яўляецца вынікам выканання банкам абавязкаў, прадугледжаных законам.


Comments


bottom of page