top of page

Электронныя выбары ў КР як трэнд, які пашыраецца ў свеце

Aug 31
2 min read

Updated: Aug 31

Павел Латушка падчас дэбатаў напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 мая 2024 года. Фота: «Белсат».
Павел Латушка падчас дэбатаў напярэдадні выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 мая 2024 года. Фота: «Белсат».

Электронныя выбары ў Каардынацыйную Раду — гэта не проста вымушаны крок, а фармат, які паступова пашыраецца ў дэмакратычным свеце. Наш прыклад даказвае: беларусы здольныя задаваць трэнды і прымяняць сучасныя тэхналогіі ўжо зараз.

Безумоўным лідарам у гэтай сферы з'яўляецца Эстонія, якая ўкараніла i-Voting яшчэ ў 2005 годзе. На парламенцкіх выбарах 2023 года больш за 50% эстонцаў аддалі свае галасы праз інтэрнэт. Іншы пераканаўчы прыклад — Францыя, дзе электроннае галасаванне на парламенцкіх выбарах даступнае для грамадзян, якія жывуць за межамі краіны. Акрамя таго, тэма лічбавага галасавання ўжо актыўна абмяркоўваецца і ва Украіне.

Выбары ў КР давялі, што беларускія тэхналогіі працуюць на ўзроўні сусветных стандартаў — нават у складаных палітычных умовах, без дзяржаўнага апарату і адпаведнага фінансавання.

«Электроннае галасаванне — гэта будучыня. З развіццём тэхналогій усё больш краін будзе выкарыстоўваць гэты падыход. Выбары ў КР ужо двойчы — у 2024 і 2026 гадах — прайшлі ў электронным фармаце. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, бо беларусы змаглі арганізаваць галасаванне, не маючы дзяржаўнага адміністрацыйнага апарату і насуперак моцнаму супрацьдзеянню спецслужбаў рэжыму. Яшчэ раз хацеў бы падзякаваць Паўлу Ліберу і яго камандзе за велізарную працу, нягледзячы на анамальную па маштабе DDoS-атаку супраць платформы для галасавання.

У дэмакратычнай Беларусі, з улікам пражывання вялікай колькасці беларусаў і беларусак за мяжой, упэўнены, што дзяржава будзе выкарыстоўваць такія падыходы. Гэта істотна танней і дае людзям значна больш магчымасцей рэалізаваць сваё выбарчае права. З майго досведу працы амбасадарам у Францыі памятаю, як мы мусілі забяспечыць галасаванне для беларусаў у Гішпаніі і Партугаліі. Арганізацыйна і фінансава адкрыць там выбарчыя ўчасткі было амаль немагчыма, а грамадзяне проста не маглі прыехаць у Парыж з-за тысячнакіламетровай адлегласці і гублялі магчымасць узяць удзел у выбарах. Сёння ж рэжым увогуле цалкам пазбавіў беларусаў за мяжой права голасу.

Таму электронныя выбары ў Каардынацыйную Раду — гэта ўжо новая рэальнасць. Дзякуючы ўнікальнаму досведу, набытаму падчас гэтых кампаній, беларускія спецыялісты ў будучыні змогуць граць важную экспертную ролю для іншых дэмакратычных краін, якія пераходзяць на сістэму лічбавага галасавання.

Дэмакратычныя выбары — гэта галоўная мэта нашай агульнай барацьбы. Важна, каб кожны беларус і кожная беларуска мелі магчымасць самі выбіраць сваіх законных прадстаўнікоў і вызначаць шлях развіцця краіны. Калі Беларусь стане вольнай, менавіта вопыт і напрацоўкі лічбавага галасавання ў Каардынацыйную Раду будуць улічвацца на дзяржаўным узроўні — забяспечваючы роўны, празрысты і даступны электаральны працэс для кожнага грамадзяніна, дзе б ён ні пражываў», — адзначыў лідар фракцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"» ў Каардынацыйнай Радзе Павел Латушка.


Comments


bottom of page