Пошук па сайце
Search this site
1023 results found with an empty search
- Жанчына — гэта новае жыццё, новае адкрыццё, гэта будучыня для свету
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол З пачатку пратэстаў жанчыны былі не толькі побач са сваімі паплечнікамі-мужчынамі, яны былі наперадзе, яны натхнялі, яны сталі для ўсіх нас прыкладам нязломнасці. Павел Латушка выступіў на адкрыцці фотавыставы з гісторыямі палітзняволеных беларусак «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі Вольнай Беларусі, які з'яўляецца праектам НАУ. Лукашэнка калісьці сказаў, што «с женщинами я не воюю». Гэта хлусня, як і ўсё што ён гаворыць. Са жніўня 2020 года пад палітычны пераслед у Беларусі трапілі не менш за 8 тысяч жанчын. У зняволенні сёння знаходзіцца не менш за 190 жанчын. Ім наўмысна ствараюць жорсткія ўмовы, пазбаўляюць бацькоўскіх правоў ці пагражаюць гэта зрабіць, павялічваюць тэрміны зняволення. Так рэжым «не ваюе з жанчынамі». Сёння мы ўсе павінны, як мінімум, не маўчаць аб гэтым, падымаючы тэму палітзняволеных на кожнай пляцоўцы — міжнародных трыбунах, акцыях і сустрэчах. Падчас выставы былая палітзняволеная Дарʼя Афанасьева, якая была ў няволі два з паловай гады, распавяла пра адзенне, якое носяць у калоніі зняволеныя жанчыны. Яна паказала сукенку і турэмную целагрэйку з Гомельскай калоніі. Пра беларускіх жанчын у зняволенні распавядалі суаўтаркі праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» стылістка Ганна Прышывалка і стваральніца праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая, акторка Свабоднага тэатру Юлія Шаўчук, сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка, маці і дачка палітзняволенай Антаніны Канавалавай. А ў фінале выйшлі палітзняволеныя жанчыны Вольга Скрашчук, Вольга Рытус і Мія Міткевіч. Іх сустракалі гучнымі воплескамі. Падчас імпрэзы таксама выступіў жаночы гурт «Spievy». Фотавыставу ў Музеі Вольнай Беларусі па адрасе Foksal 11 можна наведаць да 9 чэрвеня 2024.
- Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў заяву Следчага камітэта рэжыму аб пераследзе арганізатараў Дня Волі–2024
«Няма аніякіх прававых падстаў для пераследу і тым больш для канфіскацыі маёмасці. Усе, хто могуць стаць ахвярамі дзеянняў рэжыму, змогуць вярнуць уласнасць пасля транзіту ўлады і атрымаць кампенсацыі за незаконныя захады лукашэнкаўскіх хаўруснікаў. А тыя, хто гэтыя захады ініцыюе і рэалізоўвае, будуць прыцягнутыя да адказнасці. І рэжым гэта разумее. Навошта тады гэта робіць? Звярніце ўвагу на час. Прайшло амаль 4 гады пасля выбараў 2020 года, якія Лукашэнка прайграў. Ён паспрабаваў утрымаць уладу сілай. Але нямногім больш чым праз тыдзень, 25-27 мая, – выбары ў Каардынацыйную Раду, якая з’яўляецца пагрозай для рэжыму. І мэта гэтай правакацыі – паспрабаваць знізіць яўку на іх. Яны адчуваюць пагрозу ва ўзмацненні дэмакратычных сіл і спрабуюць дэматываваць беларусаў. Але не ўлічваюць важную дэталь: дзеянні СК і іншых карных органаў Лукашэнкі толькі больш радыкалізуюць беларускае грамадства, большасць якога ў 2020 годзе сказала Лукашэнку ўсё, што ён дагэтуль не можа зразумець. Цяпер карныя органы спрабуюць пазбавіць беларусаў замежжа таго, што для некаторых было стрымліваючым фактарам. Выснова адна: ніхто не робіць такі ўнёсак у радыкалізацыю беларусаў, як сам рэжым. Толькі слабы чалавек – а менавіта такім з'яўляецца Лукашэнка – можа ажыццяўляць ціск, рэпрэсіі, прыцягваць да крымінальнай адказнасці безабаронных людзей, якімі з'яўляюцца нашы мамы і бацькі, дзядулі і бабулі, браты і сёстры. Мы будзем працягваць змагацца, каб прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да міжнароднай крымінальнай адказнасці. Нам ужо ўдалося дамагчыся 6 ордараў для арышту катаў рэжыму, перш за ўсё кіраўнікоў Акрэсціна і Жодзіна; КДБ і ГУБАЗіК прызнаныя ў Сенаце Чэхіі і Сейме Літвы арганізацыямі-спосарамі тэрарызму. Мы будзем працягваць гэту працу, каб усе злачынцы разумелі: адказнасць непазбежная. І дэмакратыя ў Беларусі пераможа толькі тады, калі гэтая адказнасць наступіць».
- Мэта — вырашыць праблему легалізацыі беларусаў у Вроцлаве да канца 2024 года
Сёння адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з ваяводам Ніжнесілезскага ваяводства Мацеем Авіжэнем, удзел у якой таксама прынялі прадстаўнікі беларускай дыяспары Вроцлава. Ваявода прынёс прабачэнні ў сувязі з назапашанай праблемай выдачы дакументаў для беларусаў, якая вынікае з хібаў у дзейнасці папярэдняй адміністрацыі ваяводства. Ваявода адзначыў, што спадзяецца, што да канца чэрвеня ў яго будзе большае разуменне аб магчымасці атрымаць дадатковае фінансаванне дзеля павелічэння колькасці супрацоўнікаў, якія будуць займацца вырашэннем існуючай праблемы. Павел Латушка па выніках сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вроцлаве 14 мая 2024 года, на якой прысутнічала каля 200 беларусаў, прадставіў сістэмныя праблемы з атрыманнем пастаяннага і часовага жыхарства ў Польшчы, дакумента падарожніка і інш. Запыты, якія былі атрыманы ад беларусаў падчас сустрэчы, былі данесены да ваяводы. Мацей Авіжэнь запэўніў, што паспрабуе як мага хутчэй іх вырашыць. Усяго 49 тысяч спраў замежных грамадзян, у тым ліку і тысяч беларусаў, патрабуюць неадкладнага вырашэння. Яны былі назапашаныя ў папярэднія гады. Агулам у ваяводстве пражывае каля 20 тысяч беларусаў. Падчас сустрэчы Ніжнесілезскі ваявода Мацей Авіжэнь адзначыў, што разумее спецыфіку праблемы, якая існуе ў пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы і канкрэтна ў Ніжнесілезскім ваяводстве, звязаную з тым, што рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у праве атрымліваць новыя пашпарты ці працягваць пашпарты ў пасольствах і консульствах Беларусі за мяжой. Ваявода запэўніў, што пытанні легалізацыі беларусаў у яго як новага ваяводы Ніжнесілезскага ваяводства знаходзяцца ў фокусе ўвагі і будуць вырашацца. Для іх вырашэння будуць прымацца наступныя канкрэтныя крокі: запланавана павялічыць на 51 адзінку колькасць супрацоўнікаў ваяводскай адміністрацыі, якія займаюцца пытаннем выдачы дакументаў: відаў на пастаяннае і часовае жыхарства, польскіх падарожных дакументаў і г.д.; будзе арганізавана адмысловая адукацыйная праграма для рабочай групы з прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая дапаможа праінфармаваць аб правільным зборы дакументаў для найхутчэйшага вырашэння пытанняў легалізацыі. Ваявода Ніжнесілезскага ваяводства Мацей Авіжэнь падчас сустрэчы запэўніў Паўла Латушку аб намерах вырашыць да канца бягучага года назапашаныя ў перыяд да сённяшняга дня праблемы легалізацыі беларусаў. Дзясяткі нестандартных і спецыфічных кейсаў, а таксама кейсаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння і ўтрымліваюць пытанні беларусаў у асабліва складанай сітуацыі, былі прынятыя ваяводам для найхутчэйшага разгляду і прыняцця адпаведных рашэнняў. Павел Латушка падрыхтуе для ваяводы прапановы для магчымага ўліку пры змене закона аб замежніках, якія важна вырашыць для таго, каб паменшыць час чакання, колькасць зваротаў па пытаннях афармлення адных і тых жа дакументаў, каб выдаваць польскі падарожны дакумент на 3 гады, каб польскі падарожны дакумент сведчыў асобу замежнага грамадзяніна ў Польшчы і іншыя прапановы. Ваявода абяцаў перадаць дадзеныя прапановы ў цэнтральныя органы ўлады Польшчы. Па выніку сустрэчы створана працоўная група з прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вроцлаве, якая будзе камунікаваць з упаўнаважаным ваяводы, каб паскорыць вырашэнне праблем легалізацыі беларусаў. Мацей Авіжэнь і Павел Латушка дамовіліся пра тое, што праз два месяцы адбудзецца іх сустрэча, каб прааналізаваць, што ўдалося зрабіць за гэты час для таго, каб зрушыць гэтую праблему ў бок вырашэння.
- Гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі плануецца гарманізаваць
ЕС рыхтуе новы санкцыйны пакет, у якім улічаны асобныя палажэнні праграмы кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”». Нашы падыходы чуюць у ЕС, а праца ў пытанні санкцый ужо пачынае прыносіць плён. «Радыё Свабода» апублікавала паведамленне аб тым, што Еўракамісія падрыхтавала праект новага пакета санкцый, які накіраваны на ўзмацненне жорсткасці мер у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, і гарманізацыю санкцый з Расіяй. Лісты аб неабходнасці гарманізацыі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі раней былі накіраваны нашай камандай у Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, а таксама ў МЗС шэрагу краін-членаў ЕС. Цяпер ЕС гатовы прыняць гэтыя прапановы. Мы неаднаразова ўказвалі на неабходнасць гэтай і іншых важных мер, каб спыніць выкарыстанне Беларусі як «чорнай дзіркі» для абыходу існуючых санкцый. Напрыклад, па дакументах тавар едзе з Польшчы ў Грузію, а ў Беларусі адрасат мяняецца на кампанію расійскага ВПК. У праекце Еўракамісіі прадугледжаны новыя абмежаванні, уключаючы забарону на пастаўкі ў Беларусь тавараў двайнога прызначэння, а таксама навігацыйнага абсталявання і прадметаў раскошы — тых самых груп тавараў, якія найбольш падвяргаліся незаконнаму рээкспарту ў Расію. Адмысловая ўвага нададзена кантролю за рээкспартам, што таксама дапаможа прадухіліць трапленне гэтых тавараў у Расію праз Беларусь. Уведзены таксама абмежаванні на імпарт пэўных тавараў з Беларусі, у тым ліку алмазаў і мінеральных прадуктаў, а таксама на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій для нафтаперапрацоўкі. Нам важна, каб свет зразумеў: санкцыі павінны быць не толькі шырокімі, але і глыбокімі, каб выключыць любыя шчыліны. Інакш на санкцыях толькі нажываюцца набліжаныя да рэжыму праз схемы іхняга абыходу. Мы працягнем працу, каб забяспечыць выкананне і ўзмацненне гэтых мер дзеля міру і бяспекі ў рэгіёне.
- Лукашэнка знішчае эканоміку Беларусі
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол «Вялікія нацыі ніколі не бяднеюць з-за марнатраўства і неразумнасці прыватных асоб, але яны нярэдка бяднеюць у выніку марнатраўства і неразумнасці дзяржаўнай улады» — пісаў вялікі шатландскі эканаміст Адам Сміт. Беларусы — неверагодна працавіты народ. Пакаленні беларусаў стваралі нашу краіну. Не адно стагоддзе наша шматпакутная зямля палівалася крывёй і потым Беларусь аднаўлялася пасля разбуральных войнаў і бедстваў. І ўсё атрымалася ў беларускага народа: не проста аднавілі краіну, а стварылі сваю, незалежную дзяржаву. Але на гэтым беды беларусаў не скончыліся. Да ўлады прыйшоў Лукашэнка. І 30 гадоў праз яго нязменнае праўленне сітуацыя ў нашай краіне склалася так, што хутка працаваць на яе карысць будзе проста няма каму. Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі з 2010 года скарацілася на 550 тысяч чалавек. Гэта больш, чым насельніцтва цэлага Гомеля — другога па колькасці горада ў краіне. Агульная колькасць насельніцтва Беларусі таксама пачала скарачацца менавіта з моманту з'яўлення ва ўладзе Лукашэнкі. За час яго кіравання насельніцтва Беларусі скарацілася больш, чым на мільён чалавек. Лукашэнка сваім бяздарным праўленнем і неразуменнем эканамічных працэсаў перашкаджаў руплівай працы таленавітай нацыі беларусаў: ён хацеў як мага больш кантраляваць і красці, а гэта не давала падстаў павышаць прадукцыйнасць і пашыраць вытворчасць, ды і наогул праяўляць ініцыятыву. Замест новых прадпрыемстваў Лукашэнка будаваў лядовыя палацы, куды не кожны беларус можа аддаць займацца хакеем сваё дзіця, бо не кожнаму па кішэні купіць для свайго дзіцяці хакейную форму і рыштунак. Замест парадаў і салютаў каласальныя грошы можна было выдаткаваць на дапамогу ветэранам і вязням нацысцкіх лагераў. Замест будаўніцтва цэнтраў ідэалагічнага і г. зв. патрыятычнага выхавання можна было пусціць сродкі на будаўніцтва школ і дзіцячых садкоў. Замест будаўніцтва АЭС і новых будынкаў пракуратуры і міліцыі мы маглі б падтрымліваць беларускі бізнэс, развіваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Замест закупак вадамётаў, дубінак і гумовых куль грошы беларусаў маглі б пайсці на закупку лекаў і неабходнага медыцынскага абсталявання для бальніц і паліклінік. Усё гэта можна было зрабіць за 30 гадоў. Калі б не Лукашэнка. Наша задача зараз — выправіць памылку даўжынёй ў трыццаць гадоў. А для гэтага нам неабходна аб'яднацца вакол альтэрнатывы Лукашэнку. Гэта значыць — падтрымліваць палітвязняў, добраахвотнікаў, палітычныя інстытуты. Важна прагаласаваць за сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйную раду 25-27 траўня. Упершыню за 30 гадоў мы рэальна можам правесці дэмакратычныя выбары і стварыць па-сапраўднаму прадстаўнічы інстытут. Не прызначыць, як Лукашэнка, а сапраўды выбраць тых, хто будзе нас прадстаўляць, абапіраючыся на рэальныя галасы беларусаў, а заўтра, у транзітны перыяд, узяць на сябе адказнасць за тое, каб пабудаваць незалежную і свабодную Беларусь. Такую Беларусь, якую 30 гадоў беларусам не даваў пабудаваць рэжым Лукашэнкі. Мы ж, беларусы, вартыя лепшага. Вартыя выбіраць лепшых. Вартыя жыць у лепшай Беларусі.
- Лукашэнка ў фокусе Мінюста Польшчы
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол 17 траўня Павел Латушка сустрэўся з міністрам юстыцыі і Генеральным пракурорам Польшчы Адамам Боднарам. Галоўнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне магчымай падтрымкі Польшчай ініцыятывы НАУ па прыцягненні Лукашэнкі і яго памагатых да крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць чалавечнасці праз Міжнародны крымінальны суд. Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб драматычным становішчы насельніцтва Беларусі, абсалютная большасць якога выступіла супраць дыктатара Лукашэнкі. Грунтоўна даведзена інфармацыя аб велізарнай колькасці ахвяр катаванняў, згвалтаванняў, гвалтоўных знікненняў, пазбаўлення волі, забойстваў, а таксама дэпартацыі. Даведачна: Міністр і Генеральны пракурор Польшчы А. Боднар мае багаты досвед працы ў якасці віцэ-прэзідэнта праўлення Хельсінскага фонду па правах чалавека, а таксама ў якасці амбудсмена Польшчы. Займаючы гэтыя пасады, ён увесь час знаходзіўся ў парадку дня праваабарончай сітуацыі ў Беларусі. Сёння А. Боднар з'яўляецца адным з найбольш аўтарытэтных юрыстаў Польшчы. Міністр юстыцыі Польшчы адзначыў, што тэма злачынстваў супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, безумоўна знаходзіцца ў фокусе ўвагі і яму вядомыя маштабы рэпрэсій. А. Боднар адзначыў, што асабіста знаёмы з Анджэем Пачобутам і Алесем Бяляцкім, якія сёння з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі сярод тысяч палітвязняў у Беларусі. Міністр таксама ініцыятыўна праінфармаваў аб праведзенай рэформе польскага заканадаўства, якая створыць магчымасць больш шырокага прымянення прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы і, адпаведна, прыцягнення вінаватых за найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы нацыянальнымі судамі Польшчы незалежна ад месца здзяйснення такіх злачынстваў. Дадзены падыход можа быць ужыты да асоб, якія здзяйсняюць злачынныя дзеянні і ў Беларусі. А. Боднар выказаў гатоўнасць Генеральнай пракуратуры Польшчы садзейнічаць расследаванню спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі, ахвярамі ў якіх з'яўляюцца грамадзяне Беларусі. А. Боднар паведаміў, што яго міністэрства прааналізуе магчымасць рэалізацыі ініцыятывы, прадстаўленай НАУ, па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў Міжнародным крымінальным судзе для яе магчымай далейшай рэалізацыі. Мінюсту Польшчы перададзеныя падрыхтаваныя НАУ матэрыялы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі.
- Беларусь пад акупацыяй, але Лукашэнка — патрыёт?
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Тыя, хто распавядае нам пра акупацыю Беларусі з боку Расіі, чамусьці адначасова катэгарычна выступаюць супраць эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але дзе ў гэтым логіка? Калі акупант захапіў і кантралюе эканамічныя рэсурсы нашай краіны, навошта дазваляць яму павялічваць гэтыя рэсурсы? Навошта дапамагаць акупантам? Калісьці нацысты акупавалі Чэхаславакію, а на частцы яе тэрыторыі з іх дазволу ўтварылася фармальна незалежная Славацкая дзяржава. Аднак, фактычна гэта дзяржава была сатэлітам нацысцкай Германіі, а эканоміка Славакіі працавала на патрэбы Трэцяга Рэйха. Славакія стала складовай часткай нямецкага ВПК. Акрамя продажу ў Германію прадуктаў харчавання, славакі рабілі гарматы і тарпеды для нямецкіх падводных лодак, а для патрэб нацыстаў выраблялася паліва. Згодна з двухбаковым пагадненнем Германія ўзяла на сябе «абарону» Славацкай дзяржавы і яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Немцам дазвалялася стварыць у Славакіі ваенныя аб'екты і заняць іх сваімі ваеннымі сіламі. У сваю чаргу Славакія ўзяла на сябе абавязацельствы, што будзе праводзіць сваю знешнюю і ваенную палітыку ў цесным згодзе з Трэцім Рэйхам. У выніку гэтага Славакія стане суагрэсарам практычна ва ўсіх нападах, якія развязала нацысцкая Германія, гэтак жа як і Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, якая ўцягнутая ў агрэсію супраць Украіны і працягвае да цяперашняга часу ўсяляк дапамагаць агрэсару. У выніку пранацысцкі рэжым у Славакіі дакіраваўся да таго, што ўсё скончылася славацкім нацыянальным паўстаннем у жніўні 1944 года. Славакам і ў галаву тады не прыходзіла, што тавары выпускаюцца для патрэб нямецкай эканомікі, эканомікі агрэсара — гэта праца на карысць славацкага народа. Але цяпер чамусьці шмат каму ў галаву прыходзяць ідэі, што рэжым Лукашэнкі трэба неадкладна вызваліць ад санкцый, каб паліва, лес і ўгнаенні зноў пайшлі на экспарт, а атрыманая ад іх продажу на Захадзе валюта пайшла на падтрыманне рэпрэсіўнага апарата і рэалізацыю сумесных з Расіяй праектаў у сферы ВПК. «Санкцыі трэба неадкладна зняць!» — чуем мы. Але людзі, якія кажуць гэта, чамусьці забываюць, што паміж Беларуссю і Расіяй, дзякуючы Лукашэнку, няма рэальнай мяжы і гэта дазваляе агрэсару бесперашкодна правозіць на захад і назад сотні розных тыпаў тавараў, неабходных для патрэб Расіі, у тым ліку для падтрымання агрэсіі супраць Украіны. Асабліва некаторых турбуе лёс прадпрыемства «Беларуськалій», кіраўніцтва якога прымае актыўны ўдзел у праектах т. зв. Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, яно ўдзельнічае ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі з наступнай іх індактрынацыяй у духу ідэалогіі «рускага свету». Але некаторыя аддаюць перавагу не звяртаць на гэта ўвагу і заяўляюць, што прадпрыемства спрабуюць займець рускія алігархі. Тым часам Расія, чамусьці нават на шкоду сваім алігархам, якія такіх прывілеяў не маюць, падае «Беларуськалію» зніжкі да 40% на транспарціроўку па сваёй тэрыторыі калійных угнаенняў. Мы часам чуем, што «дэмсілы і іх заклікі да санкцый загубілі беларускага калійнага гіганта». Але ў 2023 годзе «Беларуськалій» практычна выйшаў на дасанкцыйныя аб'ёмы вытворчасці і экспарту ўгнаенняў, тым самым загружаючы магутнасці і даючы нашым шахцёрам магчымасць працаваць, але без права ствараць свае прафсаюзы і страйкаваць. Ніхто не ўводзіў такія санкцыі, якія б забілі беларускія прадпрыемствы і пакінулі б беларусаў на вуліцы без сродкаў да існавання, ніхто не ізаляваў Беларусь цалкам, асуджаючы яе жыхароў на галодную смерць. Санкцыі ўладкаваныя так, каб прадпрыемствы захоўваліся, але тыя, хто несправядліва нажываюцца на агульнанацыянальным багацці, пазбавіліся сваіх звышпрыбыткаў. Рабочыя, нягледзячы на санкцыі, атрымліваюць свае заробкі, ходзяць на працу.
- Адказнасць няўхільная
«Адказнасць няўхільная», — пра гэта заявіў Павел Латушка падчас лекцыі ў Познаньскім універсітэце ім. Адама Міцкевіча. Удзельнікамі лекцыі «Злачынствы, учыненыя рэжымам Лукашэнкі» сталі польскія студэнты і прадстаўнікі беларускай дыяспары. У ходзе лекцыі былі прадстаўлены найбольш рэальныя механізмы прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да беларускага народа, і ваенныя злачынствы, звязаныя з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Павел Латушка падрабязна прадставіў сітуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі з мэтай інфармавання польскай грамадскасці аб рэальнай сітуацыі ў краіне. Адначасова былі выкладзены 5 механізмаў прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Павел Латушка адказаў на пытанні, звязаныя з: сітуацыяй унутры Беларусі і бесперапыннымі рэпрэсіямі; перспектывамі вызвалення Украінай часова акупаваных Расіяй тэрыторый і ўплыву вайны на будучыню Беларусі; рэакцыяй міжнароднай супольнасці на размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі; дзейнасцю дэмакратычных інстытутаў Беларусі ў эміграцыі; пытаннямі абароны правоў свабодных спартсменаў і інш. На лекцыі прысутнічалі больш за 50 слухачоў і прадстаўнікоў СМІ.
- Знешні доўг Беларусі вырас у 18 разоў
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Пры дыктатары наша краіна пастаянна несла і працягвае несці страты ў розных сферах і галінах, у тым ліку ў жыццёва важных для насельніцтва. Напрыклад, яшчэ ў 1990 годзе ў Беларусі працавала 874 бальніцы, а ўжо на канец 2022 года бальніц у краіне налічвалася толькі 585, гэта значыць на 33% менш. Лукашэнка ліквідаваў, удумайцеся, 289 бальніц. Але і на гэтым ён не спыніўся — на працягу 2023 года ліквідавана яшчэ 27 бальніц. У суме — 316 бальніц было зачынена. Таксама кожны год у нашай краіне перастаюць існаваць населеныя пункты. Толькі ў 2023 годзе спынілі існаванне 12, у 2022 годзе — 45, у 2021 — 21, а ў 2020 — 15. Гэта значыць за 4 гады ў Беларусі колькасць населеных пунктаў зменшылася на 93. Аднак за час знаходжання ля руля ўзурпаванай улады, Лукашэнка сёе-тое павялічыў. І трэба адзначыць, што вельмі моцна. Знешні доўг Беларусі па стане на 1994 год складаў 2 млрд даляраў ЗША. А вось па стане на 1 студзеня 2024 года — ужо 36,88 млрд даляраў ЗША. Рост больш чым у 18 разоў. Такі размах, вядома, уражвае. І з'яўляецца слушнае пытанне — за 30 гадоў Лукашэнка павялічыў замежную запазычанасць у 18 разоў, а што было створана? Можа стала больш прадпрыемстваў? Можа павялічылася колькасць бальніц? Можа пабудаваная ў доўг атамная электрастанцыя паменшыла кошт электраэнергіі для насельніцтва? Адказы на гэтыя пытанні мы ўсе ведаем. Гэта ўсё для таго, каб Лукашэнка і яго сям'я маглі адкрываць і валодаць шматлікімі кампаніямі ў розных краінах, будаваць рэзідэнцыі, выводзіць з краіны велізарныя грашовыя рэсурсы, скупляць нерухомасць за мяжой.
- Навошта беларусам ісці на выбары Каардынацыйнай рады?
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Павел Латушка пра тое, у чым заключаецца важнасць выбараў у Каардынацыйную раду для Беларусі. Першае і самае відавочнае — каб нарэшце пачаць выбіраць і ўплываць на палітыку. Пачынаючы з узроўню палітыкі саміх дэмакратычных сіл. Гэта вельмі каштоўна і важна — нарэшце атрымаць пазітыўны, здаровы электаральны досвед. Па-другое, выбары патрэбныя для таго, каб рэалізаваць прынцып «нічога пра нас, без нас». Бо можна сядзець і казаць, што хтосьці там за мяжой кулуарна нешта вырашае, а можна непасрэдна ў гэтым удзельнічаць праз выбары і наўпрост уплываць. Па-трэцяе, для таго, каб стварыць рэальна прадстаўнічы орган, які будзе абараняць інтарэсы выбаршчыкаў і які будуць рэальна чуць нашы міжнародныя партнёры і палітыкі, бо за ім стаіць выбар людзей. А для гэтага важна прывесці ў палітыку сваіх прадстаўнікоў, якіх выбралі мы, а не самі дэмсілы ўнутры сябе. Па-чацвёртае, выбары неабходныя, каб за кошт новых абраных прадстаўнікоў вырашыць кадравае пытанне і нават голад, які відавочна існуе ў дэмакратычных сілах сёння. Выбары ў КС дазволяць уключыць у працу 80 чалавек, абраных дэпутатаў, якія змогуць прысвячаць сябе ўзняццю хвалюючых беларусаў пытанняў на ўсіх даступных на дадзены момант пляцоўках. І, нарэшце, стварэнне і функцыянаванне дэмакратычных палітычных інстытутаў, якія выступаюць альтэрнатывай дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі — гэта тое, без чаго немагчыма эфектыўна вырашаць ні тактычныя і аператыўныя задачы, ні стратэгічныя. Гэта тое, без чаго немагчыма эфектыўна змагацца з дыктатурай. Гэта тое, што неабходна для абароны незалежнасці Беларусі ва ўмовах расійскай пагрозы і недапушчэння сцэнару, пры якім Расія зможа бесперашкодна інкарпараваць Беларусь. І гэта тое, без чаго Беларусь не будзе гатовая да дэмакратычных пераменаў. А час пераменаў у любым выпадку прыйдзе. І мы павінны быць да гэтага гатовыя. Вось навошта трэба ісці на выбары 25-27 траўня. Вось навошта нам з вамі патрэбна абраная Каардынацыйная рада. Давайце выбіраць разам. З праграмай і першымі 9 крокамі кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» можна азнаёміцца ў нашым Telegram-канале.
- Міжнародная абарона для беларусаў на беларускай мове
Беларусы ў хуткім часе змогуць карыстацца беларускамоўнай версіяй мабільнага дадатку пры зваротах па міжнародную абарону ў Польшчы У красавіку Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы анансавала запуск мабільнага дадатку Refugeebook для замежных грамадзян, якія звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы. У дадатку змешчаныя адказы на пытанні па атрыманні міжнароднай абароны: працэдура падачы, атрыманне сацыяльнай дапамогі, формы дакументаў, асаблівасці падачы дакументаў сумесна з дзецьмі, дзеянні пасля прыняцця рашэння і г.д. Дадатак быў створаны на польскай, англійскай, рускай і ўкраінскай мовах. У сувязі з адсутнасцю беларускамоўнай версіі мабільнага дадатку намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 24 красавіка звярнуўся да кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томаша Цытрыновіча: «Улічваючы вялікую колькасць беларускіх бежанцаў у Польшчы, хацеў бы звярнуцца да вас з просьбай дадаць у гэты спіс беларускую мову. Ініцыятыва па ўвядзенні беларускай мовы дазволіла б беларускім бежанцам атрымаць больш лёгкі доступ да інфармацыі і падтрымаць нацыянальную мову, якая падвяргаецца агромністаму ціску з боку рэжыму ў Беларусі». У сваім адказе, атрыманым Паўлам Латушкам 9 траўня бягучага года, кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы адзначыў: «Я даў даручэнне пачаць працу над мадыфікацыяй дадатку і ўвесці версію на беларускай мове». «Мы ўдзячныя Упраўленню па справах замежнікаў Польшчы за важнае рашэнне ў падтрымку беларускай мовы. Заўсёды будзем намагацца абараняць правы беларусаў, якія вымушаны шукаць прытулку за мяжой. Важным для нас з’яўляецца і падтрымка нашай кааліцыі "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"" на выбарах у Каардынацыйную раду, праз якую мы таксама будзем змагацца за правы беларусаў», — адзначыў у сувязі з рашэннем польскага боку Павел Латушка.
- Тэкст выступлення Паўла Латушкі да вечара памяці Станіслава Шушкевіча
Варшаўскі універсітэт 7 мая 2024 г. Станіслаў Шушкевіч застанецца для мяне першым кіраўніком Беларусі, колькі б не спрабаваў Лукашэнка даказаць адваротнае. Станіслаў Станіслававіч — значная асоба для беларускай дзяржаўнасці. Менавіта ён зрабіў унёсак у абвяшчэнне незалежнасці нашай краіны, менавіта ён спрыяў таму, каб Беларусь была самастойнай, дэмакратычнай і вольнай краінай. Узгадваю, як Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, прымаў у Мінску 42-га прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана ў 1994 годзе. Тады я быў маладым юнаком і таксама стаяў на Плошчы Перамогі, калі Клінтан і Шушкевіч ускладалі кветкі. Яны падыйшлі да людзей, і тады я пабачыў двух кіраўнікоў краін — можа, за адзін метр ад сябе. Пазней я вітаўся са шматлікімі прэзідэнтамі, кіраўнікамі дзяржаў, але той візіт на мяне, студэнта, зрабіў асаблівае ўражанне. Менавіта Шушкевіч як першы кіраўнік незалежнай Беларусі ўсталёўваў першыя афіцыйныя адносіны новай незалежнай краіны Беларусі з многімі краінамі свету. Усе дыпламаты, якія працавалі ў той час, у 90-я гады, заўсёды будуць успрымаць асобу Шушкевіча як першага кіраўніка беларускай дзяржавы. А Лукашэнка заўсёды імкнуўся знішчыць пра яго памяць. Памятаю, як у Лукашэнкі ў 2011 годзе ўзнікла ідэя адкрыць Музей сучаснай дзяржаўнасці Беларусі ў адміністрацыі на Карла Марка ў Мінску. На 6-ым паверсе фарміравалася экспазіцыя і спачатку яе распрацоўшчыкі зрабілі велічэзны раздзел, прысвечаны пачатку 90-х — прыняццю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, назве нашай краіны, сцягу, там было шмат падпісаных Шушкевічам дакументаў. Пазней за музей «узялася» сумнавядомая намесніца начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі Ірына Дрыга, якая па загадзе тады намесніцы кіраўніка адміністрацыі Наталлі Пяткевіч сказала прыбраць усе матэрыялы. Застаўся толькі адзін дакумент — Канстытуцыя, падпісаная Станіславам Шушкевічам. Колькі не спрабавалі адваяваць, але гэта было нерэалістычна, таму што музей, на думку прадстаўнікоў рэжыма, павінен быць прысвечаны толькі адной асобе, якая і засядае там, у рэзідэнцыі, ужо 30 гадоў. Так, магчыма «пачысціць» экспазіцыю, але немагчыма змяніць і перапісаць гісторыю, немагчыма знішчыць унёсак у незалежнасць нашай краіны. Унёсак, які зрабіў Станіслаў Шушкевіч. Памятаю, калі працаваў маладым віцэ-консулам, мяне ўразіла адна гісторыя, якая і дагэтуль успрымаецца мной вельмі супярэчна. Тады на аўтавакзале ў Беластоку я праважаў сваю маці і цешчу, якія вярталіся ў Мінск — яны былі ў нас у гасцях. На вакзале я пабачыў Станіслава Станіслававіча. У добрым паліто, з упэўненым поглядам і з сумкай праз плячо… Падумалася тады: як так, гэта ж першы кіраўнік нашай незалежнай дзяржавы, чаму так, у рэйсавым аўтобусе, у гэтых чэргах на мяжы, якія і тады былі велічэзнымі, першы кіраўнік нашай дзяржавы едзе ў Беларусь? Калісьці дыпламат, былы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш напісаў, што суседняя дзяржава магла б паклапаціцца пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча… Але канешне, гэта не было нічыёй віной. Такі вынік — стаўленне Лукашэнкі, рэжыму. Канешне, непрымальнай была сітуацыя, калі яму плацілі адзін сімвалічны даляр пенсіі. Аднак варта адзначыць, што нягледзячы на такое стаўленне, Станіслаў Станіслававіч ніколі не здраджваў сваім прынцыпам, ніколі не адступаў ад сваіх ідэй і светапогляду. І ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі. Узгадваю, што мой першы цесць, які ўжо адыйшоў у іншы свет, асабіста ведаў Шушкевіча і распавядаў, што Станіслаў Станіслававіч збіраў ігральныя карты з розных краін — многія прывозілі яму гэтыя ігральныя карты з камандзіровак. Такая дзіўная калекцыя была ў фізіка-ядзершчыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук. Увогуле ў савецкія часы і ў часы атрымання незалежнасці Беларусі гэта была навуковая эліта. Чалавек з няпростым лёсам, які ніколі не здаваўся. Шушкевіч ведаў, што такое рэпрэсіі рэжымаў. Варта ўзгадаць і бацьку Станіслава Шушкевіча — таксама Станіслава. Пісьменнік і паэт, у 1937 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лагераў. У 1949 годзе быў асуджаны паўторна. Цалкам рэабілітаваны быў толькі ў 1975 годзе. Магчыма, менавіта такія падзеі ў жыцці сям’і зрабілі Станіслава Шушкевіча моцным чалавекам. На першых і, на жаль, пакуль што апошніх дэмакратычных выбарах у Беларусі я галасаваў за Станіслава Шушкевіча. Але веру, што яшчэ прыйдзе той час, калі мы зможам абраць прадстаўніка беларускага народа на сумленных і празрыстых выбарах. За некалькі месяцаў да яго сыходу я размаўляў са Станіславам Станіслававічам. Мы стэлефанаваліся, каб абмеркаваць рэформу Канстытуцыі — якой павінна быць канстытуцыя, што важна зафіксаваць усе супрацьвагі, якія ніколі б не дазволілі паўтарыцца сітуацыі, якую мы назіраем ужо 30 гадоў у нашай краіне. У нас адбылася вельмі добрая размова. І скажу шчыра, для мяне быў вялікі гонар, што я мог асабіста паразмаўляць з выключнай асобай для беларускай незалежнасці як Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч — першы кіраўнік незалежнай Беларусі.











