top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Акно магчымасцей у стратэгіі па Беларусі

    Кіраўнік НАУ Павел Латушка прыняў удзел у XXI Мінскім форуме, які сёння праходзіць у Берліне. Павел Латушка выступіў на мерапрыемстве з дакладам: Я думаю, што абсалютна ўсе, хто сабраўся тут, у Берліне, маюць вялікае жаданне, каб Мінскі форум, адпаведна яго назве, мог быць праведзены ў Мінску. Сёння наша мэта — абмеркаваць магчымасці, як вярнуць Мінскі форум у Мінск. Дзеля гэтага патрэбна воля ў беларусаў, але і патрэбна воля і ў нашых партнёраў. У беларусаў шмат партнёраў, ёсць і саюзнікі, але, на жаль, не так шмат актыўных саюзнікаў, якія гатовы сумесна распрацаваць і рэалізоўваць стратэгію па Беларусі. Адзіная краіна, якая мае стратэгію і метадычна рэалізуе яе — гэта Расійская Федэрацыя. Мэта гэтай стратэгіі — знішчыць Беларусь і ліквідаваць беларускі этнас. Двума з галоўных інструментаў яе рэалізацыі з’яўляюцца: марыянетка Крамля Лукашэнка і яго рэжым, а таксама т.з. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. Лукашэнка знішчае беларускія нацыянальна арыентаваныя сілы, грамадзянскую супольнасць, дэмакратычную частку грамадства, а на адкрытае поле, падрыхтаванае рэжымам, уваходзяць расійскія сілы. Ці варта паўтарацца? Так, варта. Бо не ўсе з прысутных кожнага дня жывуць у гэтай інфармацыйнай прасторы, у якой жывем мы, беларусы. У Беларусі за апошнія тры гады праз затрыманні прайшлі больш за 60 тыс. грамадзян, каля 20 былі забіты альбо памерлі ў турмах. Сёння ў беларускіх турмах тысячы палітзняволеных, ліквідавана больш за 1400 пазаўрадавых арганізацый, усе апазіцыйныя палітычныя партыі і незалежныя СМІ. У рамках стратэгіі Расіі марыянетка Лукашэнка знішчае беларускую мову, культуру, забараняе як аўтараў, так і творы, нават класікаў беларускай літаратуры. Праз манументальнае мастацтва адбываецца гераізацыя расійскіх гістарычных постацяў. Перапісвацца гісторыя краіны, якая адыходзіць ад гістарычных сувязяў беларускага народа з еўрапейскай прасторай да абсалютнай падпарадкаванасці расійскай імперыі. Адбываюцца сістэмныя дзеянні па вынішчэнні беларускай еўрапейскай прысутнасці ў краіне. Спыняюся. Мы аб гэтым папярэджвалі нашых партнёраў і ў 2020 годзе, і ў 2021 годзе, і як дыпламат ведаю, што ў вашых архівах ёсць гэтыя запісы. Але што ж, адказнасць усё роўна на нас. Хацеў бы вітаць прыняцце Бундэстагам Германіі 7 лістапада 2023 года рэзалюцыю Бундэстага «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і». Гэта выключна важны дакумент. І гэта фактычна дакумент-стратэгія Германіі ў адносінах да Беларусі. Гэта першы прыклад сярод еўрапейскіх парламентаў. Я бы марыў, каб нашыя асноўныя партнёры прынялі падобныя дакументы. Хацеў бы падзякаваць дэпутатам кіруючай кааліцыі і асабліва прысутнаму тут кіраўніку групы Бундэстага па Беларусі спадару Робіну Вагенеру, а таксама МЗС Германіі. Што сумеснага мы можам зрабіць на падставе гэтай рэзалюцыі? Стварыць сумесную рабочую групу, якая б акрэсліла канкрэтныя крокі. Прабачце за мой бюракратычны падыход. Інакш гэты дакумент застанецца толькі добрымі інтэнцыямі. Якія інструменты мы можам выкарыстаць у рамках такой стратэгіі? 1. Інструмент міжнароднай крымінальнай адказнасці. Неабходна выдаць Аляксандру Лукашэнку ордэр за здзяйсненне ваеннага злачынства — незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый, як гэта ўжо было зроблена супраць Уладзіміра Пуціна. З гэтай мэтай Народнае антыкрызіснае ўпраўленне падрыхтавала і перадало пракурору МКС у Гаазе 2 часткі Камунікацыі «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь» у адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута. Акрамя таго ў сярэдзіне лістапада 2023 года была апублікавана справаздача Лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта грамадскай аховы здароўя пад назвай «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны». Дадзеная справаздача вядомай і аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвердзіла ўсе факты, перададзеныя намі раней у МКС. Таксама важна на падставе даклада Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, які быў падрыхтаваны пры падтрымцы НАУ, у якім утрымліваюцца звесткі аб здзяйсненні масавых злачынстваў супраць чалавечнасці рэжымам Лукашэнкі, ініцыяваць разгляд дадзенай справы у МКС. З траўня 2020 года больш за 136 тысяч (!) беларусаў і беларусак сталі ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці, а менавіта такіх як: незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту — у тым ліку, у дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, пераследы і дэпартацыі. Справаздача Justice Hub змяшчае глыбокі прававы аналіз злачынстваў і галоўнае — падрабязны алгарытм дзеянняў па задзейнічанні адпаведных механізмаў міжнароднага крымінальнага правасуддзя: юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, стварэнні спецыяльнага міжнароднага крымінальнага трыбунала па Беларусі і прымяненні ўніверсальнай юрысдыкцыі. Асабістае прыцягненне Лукашэнкі да міжнароднай крымінальнай адказнасці, выдача ордэра на ягоны арышт знішчыць Лукашэнку палітычна і стане сігналам для ўсяго яго атачэння аб тым, што ад яго можна і трэба пазбавіцца. Гэта важнейшы інструмент для рэалізацыі стратэгіі па расколе эліт. Лукашэнка пры ўладзе 30 гадоў. За 30 гадоў адбыліся гвалтоўныя знікненні палітычных апанентаў рэжыму, забойствы, гвалт, захоп грамадзянскага самалёта, міграцыйная вайна, дзейсная падтрымка рэжымам агрэсіі супраць Украіны. Лукашэнка не панёс адказнасці. Калі адказнасць не наступіць — можна забыцца пра матывацыю беларусаў змагацца за дэмакратыю. Дэмакратыя пераможа ў Беларусі толькі тады, калі наступіць адказнасць. 2. Выбары ў Беларусі. Таксама важным з’яўляецца непрызнанне так званых парламенцкіх выбараў Лукашэнкі, запланаваных ім на люты 2024 года. Непрызнанне ўжо зараз, не чакаючы іх правядзення. Гэты крок дасць сігнал унутр сістэмы: «перагарнуць старонку» ў міжнародных адносінах немагчыма да таго часу, пакуль сістэма не пазбавіцца ад дыктатара і не пойдзе на дыялог з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. 3. Санкцыі. Што неабходна зрабіць на гэтым стратэгічным накірунку? Па-першае, гарманізаваць эканамічныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі за ваенную агрэсію супраць Украіны і такім чынам ліквідаваць існуючыя шчыліны ў санкцыях. Пры гэтым абавязкова захаваўшы калійныя санкцыі. Разам з тым трэба ліквідаваць выключэнні з дзеючых сектаральных санкцый. Лепшым жа вырашэннем было б цалкам закрыць магчымасць перамяшчэння тавараў праз мяжу з Беларуссю. Безумоўна, з выключэннем для тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў. Па-другое, трэба ўвесці санкцыі на выкарыстанне даляраў у разліках з Беларуссю, на ўвоз банкнотаў у Беларусь. Як Еўрасаюз ужо зрабіў гэта з еўра. Па-трэцяе, неабходна знайсці і арыштаваць замежныя актывы сям'і і «гаманцоў» Лукашэнкі. Але гэтае пытанне ўжо да амерыканскага боку. Зноў жа – кошт утрымання Лукашэнкі ва ўладзе павінен стаць максімальна крытычным для сістэмы. 3. Інструменты барацьбы за захаванне незалежнасці Беларусі і беларускай ідэнтычнасці. Неабходна на ўсіх узроўнях афіцыйна асудзіць і заняць жорсткую пазіцыю супрацьдзеяння спробам Расіі паглынуць незалежнасць Беларусі праз рэалізацыю праекту пад назвай «Саюзная дзяржава». Неабходна выразна вызначыць гэты праект як праект рэалізацыі гібрыднай анэксіі Беларусі і стварэння прамой пагрозы беларускай незалежнасці і сувернітэту. Неабходна выразна заявіць аб непрызнанні любых спробаў Расіі паглынуць Беларусь праз падпісанне пагадненняў з нелегітымнымі ўладамі, а таксама аб непрызнанні любых такіх пагадненняў, падпісаных самаабвешчаным і нелегітымным «прэзідэнтам» Аляксандрам Лукашэнкам. Разам з тым для захавання беларускай інтэлектуальнай эліты неабходна рэалізаваць праект Нацыянальнага беларускага ўніверсітэта за мяжой. А таксама павялічыць колькасць і фінансаванне грантавых праграм, накіраваных непасрэдна на захаванне, падтрымку і развіццё беларускай нацыянальнай культуры, адукацыі і самасвядомасці. 4. І безумоўна адначасова з усімі пералічанымі дзеяннямі неабходна актыўна выкарыстоўваць і развіваць інструмент контрпрапаганды, незалежныя беларускія медыя, забяспечыць новыя тэхналагічныя рашэнні для доступу беларусаў да праўдзівай інфармацыі ўнутры Беларусі, павялічыць рэкламныя бюджэты для прасоўвання кантэнту незалежных СМІ і іншых арганізацый, якія вядуць актыўную інфармацыйную працу і супрацьдзеянне прапагандзе. 5. Палітзняволеныя. Учора і пазаўчора ў КР адбылася вялікая дыскусія па гэтым абсалютна прыярытэтным пытанні. Прапаную адзін абсалютна канкрэтны захад — допуск праўладнай дэлегацыі беларускіх спартсменаў да Алімпіяды ў Парыжы абумовіць вызваленнем палітычных зняволеных у Беларусі. Адначасова прадугледзіць магчымасць у гульнях свабодных беларускіх спартсменаў, якія выступілі супраць рэжыму. Каб рэалізаваць гэты падыход — патрэбна толькі воля. Безумоўна, адзінай магчымай стратэгіяй, якая гарантавана спрацуе, не існуе. Але без стратэгіі не будзе чаму працаваць увогуле. Давайце ж паставім сабе канкрэтную мэту, абярэм адпаведную супольную стратэгію і распачнем неабходныя, практычныя крокі і дзеянні. Выкарыстаем усе гэтыя інструменты. І паспрабуем прывесці Беларусь да нацыянальнай згоды, каб вобраз незалежнай і свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі не застаўся толькі вобразам і прадметам тэарэтычных абмеркаванняў. Дзякуй за вашу ўвагу. Жыве Беларусь!

  • «Далёкая дуга» схематозаў Лукашэнкі

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол Сёння, 29 лістапада 2023 года, Лукашэнка адправіўся ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, анансаваўшы шэраг сустрэч з лідарамі афрыканскіх дзяржаў: «Усе вы павінны разумець, гэта далёкая дуга нашага супрацоўніцтва, але гэта не значыць, што далёкія краіны. З некаторымі мы маем добрыя адносіны, гандлёва-эканамічныя ў тым ліку». Так што гэта за такія гандлёва-эканамічныя адносіны з краінамі «далёкай дугі» і хто здабывае з гэтых адносін выгаду? На першы погляд можа падацца, што выгаду гэтую здабывае Рэспубліка Беларусь і яе грамадзяне. Так бы і было, калі б беларуская эканоміка была «эканомікай здаровага чалавека», а не «эканомікай курца». Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы пастаўлялі б сваю прадукцыю на рынкі тых жа краін Блізкага Усходу і Афрыкі і за гэта атрымлівалі б валюту, выручка такім чынам ішла б дзяржаве, а потым праз падаткі пераразмяркоўвалася б паміж грамадзянамі. Але ці так адбываецца насамрэч? Не. Аказваецца, дзяржаўныя прадпрыемствы пастаўляюць сваю прадукцыю ў краіны «далёкай дугі» не наўпрост, а праз загадкавую прыватную фірму AFTRADE DMCC, зарэгістраваную не ў Мінску і нават не ў Шклове, а... у сонечным Дубаі! Адпаведна і выручка ад продажу тавараў, якія вырабляюцца беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, ідзе не ім, а асядае на рахунках гэтай дзіўнай канторкі, якая звязана з такімі даволі вядомымі персанажамі як Аляксандр Зінгман, Віктар Шэйман. І, вядома ж, самім Лукашэнкам. У выніку пасля прапампоўкі выручкі праз гэтую фірму-пракладку, беларускім дзяржпрадпрыемствам дастаецца толькі дробязь. Гэта і ёсць асноўны прынцып працы сістэмы Лукашэнкі. Беларусы сваёй працай ствараюць тавар, вырабляюць прадукцыю, а выгаду ў выніку атрымліваюць не стваральнікі і вытворцы, а Лукашэнка і яго асяроддзе. Таму і санкцыі ў першую чаргу б'юць не па звычайных грамадзянах, як спрабуе пераканаць нас прапаганда, а канкрэтна па такіх вось дзялках, якія атрымліваюць большую частку маржы ад продажу беларускай прадукцыі: як прыродных багаццяў нашай краіны, так і тавараў, створаных з дапамогай разумовай і фізічнай працы беларусаў. Але можа хаця б у зваротным кірунку ад гандлю з Афрыкай і Азіяй у Беларусь ідуць імпартныя тавары, якія задавальняюць патрэбы беларусаў? Лукашэнка ўвесь час кажа аб стварэнні нейкіх новых вытворчасцей у краінах Афрыкі, аб перадачы гэтым краінам нейкай падтрымкі і дапамогі, «перш за ўсё ў тэхналогіях». І што ж гэта за падтрымка і тэхналогіі? Усё проста, з такімі ж сябрамі-людаедамі як і ён сам Лукашэнка арганізуе там здабычу карысных выкапняў: золата, алмазаў, нафты. Арганізуе гэта ўсё не дзяржава, не Рэспубліка Беларусь, а прыватныя фірмы, створаныя даверанымі людзьмі Лукашэнкі. Даходы ад продажу якіх, зноў жа, не паступаюць у бюджэт, гэта значыць шараговым беларусам, а ідуць Лукашэнку, ягонай сям'і і найбліжэйшаму атачэнню. Вось такое вось гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі «далёкай дугі». Дык навошта ж Лукашэнка паехаў у Дубай, нібыта на кліматычны саміт? Няўжо хтосьці праўда думае, што яго цікавяць экалагічныя і кліматычныя праблемы? А вось ствараць іх — ён мастак. Прыкладам гэтаму могуць служыць шэраг экалагічных катастроф, створаных дыктатарам за дзесяцігоддзі яго праўлення. Гэта і Светлагорскі ЦКК, і Брэсцкі акумулятарны завод, і Астравецкая АЭС, і перыядычна карычневая або дурнапахлая вада ў кранах у жыхароў беларускіх гарадоў, і перыядычныя выкіды адходаў у рэкі, і многія іншыя праблемы, з якімі вось ужо не адзін дзясятак гадоў сутыкаюцца беларусы. Але Лукашэнка, паўтаруся, не паляцеў у Дубай вырашаць экалагічныя і кліматычныя пытанні. Перад ім зусім не стаіць задача па недапушчэнні павышэння тэмпературы на планеце больш чым на 1,5 градуса ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай, як заяўлена арганізатарамі саміту. Узурпатар паляцеў пералічваць накрадзенае, пераразмяркоўваць свае фінансавыя плыні і пракантраляваць свой шматлікі бізнэс у краінах той самай «далёкай дугі». Бізнес, які ён пабудаваў за кошт беларускіх грамадзян і на шкоду ім. Ну і, вядома ж, ён паехаў наладжваць новыя схемы для абыходу, прынятых супраць яго рэжыму, санкцый.

  • Заява Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў сувязі з хваляй масавых рэпрэсій 28 лістапада 2023

    Сёння раніцай, з 7 гадзін раніцы, пачаліся масавыя ператрусы ў членаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў месцах іх пражывання на тэрыторыі Беларусі, у нашых сваякоў. Пазней Следчы камітэт рэжыму Лукашэнкі заявіў пра тое, што падазраванымі прызнаныя больш за 100 асоб, уключаючы членаў Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення нібыта за дзеянні, накіраваныя на захоп улады, нібыта за экстрэмісцкую дзейнасць. У сувязі з гэтым заяўляем, што мы, прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, не спынімся ў нашай барацьбе за свабодную, дэмакратычную, незалежную еўрапейскую Беларусь, а тыя злачынцы на чале з Лукашэнкам, якія здзяйсняюць масавыя злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы ў дачыненні да Украіны і ўкраінскіх дзяцей, панясуць сваю адказнасць. Вы прыйшлі да нас без ордэраў, мы вернемся да вас з ордэрамі. Акрамя таго, адказныя за сённяшнія дзеянні рэжыму, гэты ганебны масавы рэйд, таксама абавязкова патрапяць ў нашы санкцыйныя прапановы. Мы не спынімся. Мы працягваем дзейнічаць. Жыве Беларусь!

  • Мегаламан Лукашэнка — хадзячая эканамічная і экалагічная катастрофа

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол Нядаўна Лукашэнка падпісаў свой указ аб стварэнні Савета па стратэгічных праектах. Савет створаны «ў мэтах удасканалення дзейнасці па планаванні, распрацоўцы і рэалізацыі стратэгічных праектаў». Дык што гэта за такія стратэгічныя праекты, для якіх спатрэбілася чарговая савет пры Лукашэнку? Раней ужо былы міністр эканомікі Лукашэнкі Аляксандр Чарвякоў анансаваў сем запланаваных стратэгічных праектаў на найбліжэйшую перспектыву. Акрамя будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, пра якую мы ўжо гаварылі ў адным з нашых папярэдніх відэа, Чарвякоў анансаваў праект па ўзвядзенні ў Беларусі новага цэлюлознага камбіната. Трэба нагадаць, што адзін цэлюлозна-кардонны камбінат Лукашэнка ўжо стварыў. Праект па мадэрнізацыі Светлагорскага ЦКК з арганізацыяй новай вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы па маштабах вядома не параўнаць з атамнай станцыяй, але па суадносінах шкоды і карысці ў ЦКК усё можа быць нават горш. Праект па будаўніцтве цэлюлознага завода на базе Светлагорскага ЦКК расцягнуўся на дзесяць гадоў і абышоўся ў адзін мільярд долараў. Аднак будаўніцтва адбывалася з вялікім адставаннем ад графіка. Першы раз Светлагорскі ЦКК павінны былі запусціць яшчэ ў далёкім 2016 годзе. Але потым тэрміны гатоўнасці вымушаныя былі перанесці на 2017-ы. У выніку ў 2019 годзе кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскім ген. падрадчыкам. У якасці падстаў называліся парушэнне будаўнічых нормаў і тэрмінаў, былі выяўлены факты пастаўкі бракаванага абсталявання і з'яўленне моцнага непрыемнага паху ў ваколіцах завода. Акрамя таго, генпадрадчык адмовіўся ўводзіць прадпрыемства ў прамысловую эксплуатацыю. У выніку рэжым Лукашэнкі канчаткова пасварыўся з кітайскімі інвестарамі. Кітайцы сышлі, а доўг на 650 млн даляраў перад двума кітайскімі банкамі застаўся. У сярэдзіне 2019 года завод працаваў у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі з загрузкай на ўзроўні толькі каля 60%. Даўгі Светлагорскага ЦКК перад кітайскімі банкамі часткова пагашаліся міністэрствам фінансаў Беларусі. У выніку будаўніцтва завода беленай цэлюлозы Светлагорскі камбінат стаў стратным прадпрыемствам, ні разу не паказаўшы чысты прыбытак з 2012 года. У пачатку 2019 года агульная запазычанасць прадпрыемства складала блізу 900 млн даляраў і была значна большай за кошт асноўных сродкаў прадпрыемства. У далейшым тэрміны поўнай гатоўнасці новага камбіната пераносіліся яшчэ не раз. Афіцыйна яго запусцілі толькі ў 2020 годзе. Але пры гэтым і ў 2021-м годзе ён працаваў з загрузкай толькі ў 70%. І што характэрна — у 2022 годзе нічога не змянілася. За дзесяць месяцаў 2022 года камбінат вырабіў 220 тыс. тон цэлюлозы пры праектнай магутнасці ў 400 тысяч. Але эканамічныя праблемы Светлагорскага ЦКК — гэта не ўсё. Іх дапаўняе яшчэ і экалагічная катастрофа, выкліканая новай вытворчасцю. Будаўніцтва новага завода беленай цэлюлозы ўскладніла экалагічную абстаноўку ў Светлагорску. Пасля ўводу прадпрыемства ў доследную эксплуатацыю мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца на непрыемны пах, удушша, млоснасць, пяршэнне ў горле, ваніты. Мясцовыя ўлады і прадстаўнікі завода пацвердзілі факт выкідаў, але назвалі іх часовымі і звязалі з вымушанай наладкай абсталявання ў працэсе выхаду на праектную магутнасць. Пры гэтым падкрэслівалася, што ў пробах паветра нібыта не было выяўлена перавышэння мяжы дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Аднак, па разліках Беларускага навукова-даследчага цэнтра «Экалогія» ў жылой зоне горада канцэнтрацыі серавадароду, аміяку, фармальдэгіду перавышалі гранічна дапушчальныя ўзроўні ад 60% да 96%. Праблемы з экалогіяй дапаўняюцца яшчэ і праблемамі з бяспекай. У маі 2019 года работнікі прадпрыемства распаўсюдзілі ў сацсетках фатаграфіі даху, які абрынуўся, у адным з новых цэхаў. 30 ліпеня 2020 года на камбінаце падчас рамонтных работ прарвала трубу з гарачай шчолачнай сумессю, з-за чаго два чалавекі атрымалі цяжкія апёкі, адзін з якіх пазней памёр у бальніцы. У кастрычніку 2020 года адбыўся выбух і наступнае ўзгаранне рэзервуара з талавым маслам, пры гэтым выбуховая хваля скінула на зямлю рабочага, што прывяло да яго смерці. Такім чынам, смяротнымі ахвярамі лукашэнкаўскага стратэгічнага праекта стала ўжо прынамсі два чалавекі. Зараз на Светлагорскім ЦКК рэалізуецца новы праект. Тут будуюць цэх па вытворчасці кардона. Чаканы тэрмін акупляльнасці гэтага праекта — 10 гадоў. Запусціць вытворчасць планавалі сёлета, але нешта зноў пайшло не па плане. А наогул рабіць кардонную ўпакоўку — гэта на думку Лукашэнкі і ягоных чыноўнікаў такая вось прарыўная, перадавая тэхналогія. Салігорскі ЦКК — характэрны прыклад схемы рэалізацыі стратэгічных праектаў па-лукашэнкаўску. Спачатку вы марнуеце шмат часу і грошай на рэалізацыю мегапраекта, потым разумееце, што ён не працуе так, як павінен, таму зноў марнуеце яшчэ больш грошай, каб мегапраект нарэшце зрабіць ужо супермегапраектам. Прычым гаворка тут зусім не пра мегаэфектыўнасць і суперакупляльнасць такіх праектаў — а толькі пра мегазатраты ва ўгоду мегаламаніі аднаго вусатага саўгаснага «генія». Нядаўна прэса паведаміла, што Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат атрымаў штраф у памеры 3,34 млн рублёў. Такое рашэнне прыняў суд Гомельскай вобласці. Таксама прадпрыемства павінна выплаціць 33 тысячы рублёў дзяржпошліны. Аднак нелегітымныя ўлады, мабыць, баючыся росту грамадскай незадаволенасці, паспяшаліся абвергнуць гэтую інфармацыю. Беллеспаперапрам разам з аспрэчаннем паведаміў, што да прадпрыемства нядаўна ў судовым парадку ўсё ж былі ўжытыя штрафныя санкцыі, але ўсяго толькі за несвоечасовае афармленне прыродаахоўных дазвольных дакументаў у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння ранейшых. Але нават такое апраўданне не адмяняе ўсіх тых праблем, якія спарадзіў Светлагорскі ЦКК у апошнія гады. Але хіба гэта спыніла Лукашэнку і яго мегаламанію? Не. Як раз наадварот. Цяпер Лукашэнка і ягонае асяроддзе рыхтуюць сюрпрыз ужо не для жыхароў Светлагорска, а для нейкага іншага беларускага горада. Каму ж з беларускіх гарадоў «пашанцуе» размясціць у сябе яшчэ адну экалагічную і эканамічную катастрофу? Гэта пакажа час. На жаль, інакш, акрамя як на шкоду людзям, рэалізоўваць «стратэгічныя праекты» Лукашэнка і выбудаваная ім сістэма проста не ўмеюць. На кожны правал у гэтага рэжыму заўсёды адзін адказ. Пабудавалі адну бескарысную для краіны і пры гэтым дарагую БелАЭС — ды яшчэ і не за свае грошы? Давайце пабудуем яшчэ адну! Пабудавалі адзін нерэнтабельны і пры гэтым яшчэ і небяспечны для здароўя і жыццяў людзей камбінат, зноў жа — нават не за свае грошы? Выдатна, давайце браць крэдыт і будаваць яшчэ адзін! А паказчыкам «прагрэсу» ва ўсіх гэтых бяздарных ідэях з'яўляецца хіба што прагрэсуючая мегаламанія Лукашэнкі. Пакутаваць ад якой вымушаная ўся краіна.

  • У ЗША зафіксавалі ваенныя злачынствы Лукашэнкі

    16 лістапада 2023 года Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя (Yale HRL) апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны». Гэтая справаздача дакументуе ролю Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэнні дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь. Публікацыя HRL змяшчае асноўныя высновы аб колькасці перамешчаных ўкраінскіх дзяцей, месцах, маршрутах і праграмах перамяшчэння, а таксама аб ключавых постацях ў прыняцці і выкананні рашэння аб перамяшчэнні. HRL, спасылаючыся ў тым ліку на дадзеныя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, устанавіла, што па меншай меры 2 442 ўкраінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразлівых груп, былі перамешчаныя з 17 гарадоў Украіны як мінімум у 13 устаноў Беларусі. Пры гэтым вялікая колькасць дзяцей, а менавіта 2 050 украінскіх дзяцей былі перамешчаныя ў беларускі лагер «Дубрава». Як падкрэслівае HRL, перамяшчэнне дадзенай колькасці дзяцей з Украіны атрымліваецца пацвердзіць з высокай ступенню дакладнасці. Фактычна агульная колькасць незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей з вялікай доляй верагоднасці перавышае гэтую лічбу. Перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей Беларуссю і Расіяй, а таксама ажыццяўленне іх перавыхавання, якое ўключае ў тым ліку правядзенне заняткаў вайсковага характару з выкарыстаннем зброі, носіць сістэматычны характар. HRL устаноўлена, што перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена А. Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі У. Пуціным у рамках так званай Саюзнай дзяржавы пры падтрымкі спецслужбаў Расіі і Беларусі. Пры гэтым А. Лукашэнка ажыццяўляе непасрэдны кантроль за ўдзелам Беларусі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей: А. Лукашэнка ўхваліў фінансаванне перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з сумеснага бюджэту Саюзнай дзяржавы, а таксама ўцягванне дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый Беларусі ў арганізацыю перамяшчэння дзяцей з Украіны ў Беларусь. Ключавую ролю ў вызначэнні ўкраінскіх дзяцей, якія падвергліся перамяшчэнню, адыгралі Следчы камітэт РФ, Памежнае Упраўленне ФСБ Расіі па Растоўскай вобласці, Міністэрства адукацыі так званых ДНР і ЛНР. 30 даверанасцей на перамяшчэнне ўкраінскіх сірот было аформлена непасрэдна Міністэрствам адукацыі ЛНР. Важную ролю ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь таксама адыгралі Аляксей Талай і яго фонд, Вольга Волкава і яе арганізацыя «Дэльфіны», ААТ Беларуськалій. У справаздачы прыводзяцца цытаты Паўла Латушкі пра ролю кіраўніка Беларуськалія ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Адносна выкарыстання праграм перавыхавання ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей, HRL ўстанавіла, што як мінімум 9 груп дзяцей з Украіны ў 8 з 13 установаў былі падвергнутыя перавыхаванню. HRL вызначыла праграмы перавыхавання як прапаганду культурных, гістарычных, грамадскіх, патрыятычных і іншых ідэй, якія адказваюць палітычным інтарэсам рэжымаў у Беларусі і Расіі. Акрамя таго, не менш за 6 груп дзяцей з Украіны прайшлі ваенную падрыхтоўку ў Беларусі, у тым ліку на базах органаў унутранай бяспекі Беларусі. У працэс перавыхавання былі ўцягнутыя таксама расійскія і беларускія чыноўнікі і арганізацыі, уключаючы прарэжымныя грамадскія арганізацыі, ультранацыяналістычныя экстрэмісцкія групы, дзяржаўныя прамысловыя кампаніі, мясцовыя арганізацыі ў Беларусі і палітыкі, якія падтрымліваюць рэжым. Раней, 14 лютага 2023 года, Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя апублікавала справаздачу аб расійскай праграме перавыхавання і ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей, у якой фокус адказнасці за арганізацыю такой праграмы быў накіраваны на Уладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Белову. Пасля публікацыі дадзенай справаздачы 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэра на арышт дадзеных асоб. Кіраўнік НАУ Павел Латушка: «Дадзеная справаздача незалежнай аўтарытэтнай арганізацыі фактычна пацвярджае ўсе факты, раней перададзеныя Народным антыкрызісным упраўленнем у Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная акалічнасць безумоўна умацоўвае працу НАУ, накіраваную на прадухіленне незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і крымінальны пераслед галоўных злачынцаў. Дэмакратыя перамагае тады, калі надыходзіць адказнасць. У дачыненні да беларусаў і ўкраінцаў Лукашэнка і яго памагатыя здзяйсняюць тысячы злачынстваў. Факты злачынстваў фіксуюцца рознымі міжнароднымі арганізацыямі і інстытутамі. Усе яны кваліфікуюцца ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам. Таму ёсць усе падставы верыць, што справядлівасць пераможа, а Лукашэнка панясе пакаранне за свае злачынствы. Інакш дэмакратыя не пераможа». Новая публікацыя HRL дапаўняе лютаўскую справаздачу, асвятляючы ролю Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэнні ў Беларусь і перавыхаванні дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

  • Усё пад каўпаком Лукашэнкі

    Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан пра рэпрэсіўныя змены ў так званым заканадаўстве Лукашэнка хоча загнаць усіх за жалезную заслону і ўвесці татальны кантроль. На гэтым тыдні нелегітымныя ўлады ўнеслі шэраг змяненняў і дапаўненняў у дзейнае так званае заканадаўства, якое тычыцца парадку выезду беларускіх грамадзян за мяжу. Так, быў абноўлены парадак афармлення выезду за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. Адным з галоўных змяненняў у працэдуры афармлення выезду на ПМЖ стане ўніверсальная адзнака ў пашпарце, якая цяпер не будзе прывязвацца да адной краіны. Разам з тым, наступным крокам можа стаць абавязак выпускаць за межы Рэспублікі Беларусь толькі ўладальнікаў такой адзнакі альбо дзеючай візы, што можа істотна скараціць свабоду перамяшчэння беларусаў. Тут варта памятаць, што раней нелегітымныя ўлады абавязалі грамадзян Беларусі паведамляць аб наяўнасці грамадзянства або віду на жыхарства замежнай дзяржавы, а таксама той жа карты паляка. КДБ ужо цяпер можа абмяжоўваць выезд тым, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі, а а таксама тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, нядаўнія новаўвядзенні закранулі і чыноўнікаў. Так, усіх дзяржслужачых абавязалі браць у кіраўніцтва дазвол на любы выезд за мяжу, няхай гэта будзе турыстычная паездка на моры, экскурсія выхаднога дня, шоп-тур або візіт да сваякоў. Узгадненне выезду з Беларусі для ўсіх чыноўнікаў, а таксама суддзяў цяпер будзе ажыццяўляцца на падставе заявы, якая падаецца не пазней чым за 10 каляндарных дзён да даты выезду. Хоць у рэальнасці можна выказаць здагадку, што гэтыя тэрміны могуць істотна расцягнуцца, так як названыя дазволы будуць выдаваць выключна кіраўнікі дзяржорганаў, у падначаленні у якіх можа быць да некалькіх тысяч чалавек. Замест вываду мы можам толькі канстатаваць новую рэальнасць, ад якой ужо не атрымаецца ўцячы нават у тых, хто абраў заставацца ў сістэме. Лукашэнка — гэта агульная праблема для ўсіх без выключэння беларусаў. Рашэнне ў яе толькі адно. Мы, беларусы, заўсёды можам дамовіцца адзін з адным. Тым больш, што мы цудоўна ведаем, якой была нацыянальная згода 2020 года, які шлях усе мы абралі пераважнай большасцю галасоў, і хто парушыў гэтую згоду і скраў наш выбар. Выбар не змяніўся. Лукашэнка павінен сысці ў нябыт. І сёння гэта разумеюць нават тыя, хто пабаяўся выступіць на баку народа ў 2020 годзе.

  • Да гадавіны Слуцкага збройнага чыну

    Лічыцца з інтарэсамі беларусаў 27 лістапада адзначаецца гадавіна Слуцкага збройнага чыну — паўстання, якое ў 1920 годзе адстойвала ідэалы беларускай незалежнасці. Рух нацыянальнага супраціву, які паказаў, што беларусы гатовыя змагацца за сваю зямлю і выступаць за свае нацыянальныя інтарэсы. Ваяры Слуцкага збройнага чыну сваёй мужнасцю і адданасцю радзіме пацвердзілі прыхільнасць ідэалам беларускай незалежнасці. У канцы 1980-х гадоў гэтая гістарычная падзея пачала адзначацца як Дзень Герояў. Лічыцца з інтарэсамі беларусаў. Ідэалы беларускіх барацьбітоў за незалежнасць працягваюць захоўвацца: незалежная краіна, а не край паміж Польшчай і Расіяй, самабытная нацыя, а не маленькі «народзец» — як сто гадоў таму, так і сёння беларусы адстойваюць свае нацыянальныя інтарэсы. Беларусы заўсёды намагаліся мірна праходзіць шматлікія гістарычныя выбраванні. Але варта памятаць, што калі ўзнікае пагроза ўласнай незалежнасці, уласнай зямлі, уласнаму народу — беларусы могуць і будуць адстойваць свае інтарэсы, шляхам змагання і барацьбы праяўляць мужнасць і адданасць сваім нацыянальным прынцыпам. На жаль, пагроза незалежнасці нашай краіны па-ранейшаму існуе. З-за намаганняў злачыннага і марыянетачнага рэжыму, які спрабуе ўтрымліваць уладу ў Беларусі, гэтая праблема сёння набывае актуальнасць. Але як і стагоддзе таму, усе, хто сёння адстойвае Беларусь, хочуць жыць у Вольнай і Незалежнай краіне. І сёння гэта жаданне абсалютнай большасці беларусаў. Беларусы паказалі гэта ўсяму свету, узяўшы на сябе адказнасць ў 2020 годзе, калі сотні тысяч чалавек выступілі супраць гвалту і беззаконня на нашай зямлі. Разам з тым сённяшняя барацьба беларусаў стала настолькі масавай, што ёй няма аналагаў у гісторыі. Таму нам наканавана лёсам жыць у сваёй краіне. Таму мы не спынімся ў сваім змаганні за незалежную Беларусь. Такія гістарычныя падзеі дазваляюць нам і будуць дазваляць нашым нашчадкам ганарыцца мужнасцю і сумленнем беларускай нацыі. І пра сённяшняе лёсавызначальнае змаганне беларусаў таксама будуць пісаць у падручніках праз 100 гадоў. У падручніках Вольнай і Незалежнай Беларусі. Сёння мы адзначаем Дзень Герояў. Гэтае падзея дае нагоду памятаць, што беларусы — нацыя з багатай гісторыяй, выбітнай культурай, каштоўнай спадчынай. Гэта тое, што нам дадзена лёсам, тое, за што мы змагаемся і тое, што аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце. Беларусы будуць адстойваць сваю незалежнасць. І з гэтым непазбежна прыдзецца лічыцца ўсім, хто спрабуе на яе пасягнуць. Жыве Беларусь! Павел Латушка 27.11.2023

  • 93 гады з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол Творчасць Уладзіміра Караткевіча ўваходзіць у залаты фонд беларускай літаратуры. Караткевіч — аўтар, які паказаў свету адметнасць і каларыт беларускай нацыянальнай гісторыі і культуры. Дзякуючы свайму таленту і майстэрскаму валоданню родным словам, зрабіў значны ўнёсак у сучаснасць і ў будучыню беларускай нацыі. У 2010 годзе, калі я займаў пасаду міністра культуры, разам з аднадумцамі ініцыяваў выданне твора «Дзікае паляванне Караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча адначасова на беларускай, рускай, украінскай і англійсках мовах. Мэтай было выдаць твор на роднай мове, а таксама на замежных мовах дзеля таго, каб грамадзяне іншых краін маглі азнаёміцца з беларускай культурай праз творчасць зорнага беларускага пісьменніка — Уладзіміра Караткевіча. Ілюстратарам выдання стаў Юрый Якавенка. Адна цікавостка: праз 13 гадоў кніга класіка была прададзена за даволі значную суму на аўкцыёне па сборы сродкаў для падтрымкі беларускіх палітвязняў. У бытнасць міністрам таксама ініцыяваў адкрыццё помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве, таму што пісьменнік меў дачыненне да Украіны: скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі, а таксама пісаў творы і на ўкраінскай мове. Сёння прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ініцыююць выключэнне са школьнай праграмы рамана «Каласы пад сярпом тваім» аўтарства Уладзіміра Караткевіча, аднаго з самых вядомых твораў славутага беларускага аўтара. Такія дзеянні, безумоўна, паказваюць сапраўднае аблічча рэжыму — антыбеларускае, антынароднае і антынацыянальнае. Але знішчыць беларускую культуру немагчыма. Яе не знішчылі сто гадоў таму, яе не знішчаць і сёння. І дзякуючы такім Асобам як Уладзімір Караткевіч, мы сёння можам ганарыцца сваёй культурнай, літаратурнай і гістарычнай спадчынай.

  • Папярэдні даклад аб рэпрэсіўных захадах рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў замежжа

    25 лістапада ў Варшаве адбылася прэзентацыя папярэдняга даклада «Сістэмная дыскрымінацыя, парушэнні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі рэжымам Лукашэнкі беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой. Шляхі пераадолення». Дакумент падрыхтаваны юрыстамі НАУ і мае на мэце сістэматызаваць інфармацыю аб дзеяннях рэжыму Лукашэнкі, накіраваных на пераслед беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Беларусі, а таксама шляхі супрацьдзеяння рэпрэсіўным захадам і памяншэнне негатыўных наступстваў у дачыненні да беларусаў, якія апынуліся за мяжой. Юрысты НАУ папярэдне зафіксавалі і сістэматызавалі 15 сродкаў парушэння правоў, дыскрымінацыі і рэпрэсій у дачыненні да беларусаў за мяжой у выніку дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, сярод іх: адмена адтэрміноўкі на службу ў войску для грамадзян, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў замежных вну; затрыманні пры перасячэнні мяжы па вяртанні з іншых краін, затрыманні пры спробах атрымаць візу; перашкоды для ўдзелу ў выбарах для грамадзян, якія пражываюць за мяжой; завочны крымінальны пераслед, канфіскацыя маёмасці палітычных эмігрантаў; забарона на выдачу пашпартоў за мяжой; забарона на ажыццяўленне здзелак з маёмасцю на падставе даверанасці, выданай за мяжой; забарона на атрыманне даведак на падставе давернасці, выданай за мяжой; патрабаванні да грамадзян Беларусі аб паведамленні аб замежным ВНЖ, ПМЖ, грамадзянстве, іншых дакументах; знішчэнне маёмасці і арышт родных эмігрантаў; дыскрымінацыя па месцы пражывання беларусаў за мяжой мясцовымі актарамі; перашкоды ў атрыманні апастыля для дакументаў — павелічэнне тэрмінаў, павелічэнне кошту і іншыя. Пералічаныя парушэнні правоў не з’яўляюцца вычарпальнымі, юрысты НАУ працягваюць збіраць інфармацыю аб рэпрэсіўных захадах рэжыму ў дачыненні да беларусаў замежжа. На прэзентацыі папярэдняга даклада выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі НАУ, ОСЦ, Варшаўскай і Нідэрландскай калегій адвакатаў, БДІПЧ АБСЕ, Амбудсмена Польшчы, замежныя дыпламаты, а таксама прадстаўнікі польскіх юрыдычных кампаній «WKB Wierciński, Kwieciński, Baehr», Centrum Dialogu im. Juliusza Mieroszewskiego. У межах прэзентацыі адбыўся збор прапаноў аб сістэмным вырашэнні праблем, звязаных з парушэннем правоў беларусаў замежжа. Кіраўнік НАУ Павел Латушка: «У краінах, дзе сёння знаходзяцца беларусы, перад усім працуе права. Таму праблемы беларусаў, якія жывуць за мяжой — гэта пытанні не толькі саміх беларусаў. Гэта праблемы і ўрадаў гэтых краін. Сёння асабліва важна сістэматызаваць і вызначыць шляхі для вырашэння гэтых праблем, каб у выніку рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму беларусы не апынуліся ў прававым вакууме за мяжой». Працоўная група юрыстаў працягне працу над дакладам з улікам заўваг і прапаноў, якія былі атрыманыя ў рамках абмеркавання і якія працягваюць прымацца. Пасля завяршэння сістэматызацыі матэрыялы даклада будуць накіраваны і прадстаўлены ўрадам краін, дзе пражываюць беларусы, каб супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі, якая наступае ў выніку рэпрэсіўных дзеянняў рэжыму.

  • Прэмія імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні

    Маю вялікі гонар праінфармаваць аб тым, што Амбасадай Аўстрыі ў Варшаве аб’яўлены прыём заявак да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне «Прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх жуналістаў у выгнанні». Як сябра Апякунскай Рады Прэміі па просьбе Амбасадара Аўстрыі ў Варшаве Андрэаса Стадлера хачу данесці гэтую інфармацыю да ўсіх зацікаўленых. У перыяд жорсткага падаўлення дэмакратычных памкненняў у Беларусі як ніколі важная самаадданасць мужных журналістаў і выкрывальнікаў. Яны праліваюць святло на праўду і тым самым робяць жыццёва важны ўнёсак у станаўленне грамадзянскай супольнасці і будучай дэмакратыі ў Беларусі. Іх імкненне заахвочваецца прэміяй, прысвечанай польскаму дэмакратычнаму актывісту і філосафу Кшыштафу Міхальскаму. Матэрыялы прымаюцца ў 3 катэгорыях: аналітычная журналістыка, якая паказвае ролю беларускай палітыкі ў міжнародным кантэксце; журналісцкае расследаванне, звязанае з Беларуссю; малады талент: для аўтараў да 30 гадоў (патрабуецца не менш за 1 год журналісцкай працы). Умовы ўдзелу: беларускі аўтар(ы) у эміграцыі; матэрыялы павінны быць апублікаваныя пасля лета 2020 г.: артыкулы, блогі, друкаваныя або анлайн (3 000–30 000 знакаў) матэрыялы, аўдыё- і відэаматэрыялы (5 хв. – 1 г.); абавязкова наяўнасць перакладзенай версіі/пашыранага рэзюмэ (EN); ад аднаго аўтара можа быць прыняты толькі адзін матэрыял (дадаткова прыкладаецца спіс іншых публікацый аўтара і кароткая біяграфія). Сумарны прызавы фонд прэміі складае 30 000 еўра (3 катэгорыі па 10 000 еўра). Рашэнне аб уручэнні прэміі будзе прымацца аўтарытэтным незалежным журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя прадстаўнікі журналісцкай супольнасці, супрацоўнікі пасольстваў, сябры Апякунскай Рады Прэміі. Заяўкі прымаюцца на адрас warschau-ob@bmeia.gv.at з пазнакай у тэме ліста «Прэмія для беларускіх журналістаў». Пераможцы будуць апавешчаныя па электроннай пошце. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў Варшаве ў 2024 годзе. Спонсар: STRABAG SE. Прыём заявак на суісканне Прэміі імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні адкрыты да 4 снежня.

  • Алмазная справа Лукашэнкі

    Чаму Лукашэнка перанёс візіт на гомельскі крышталь з 3 на 17 лістапада? Стала вядома, што Еўрапейская камісія рыхтуе новы пакет санкцый і прапануе забараніць імпарт і транзіт расійскіх алмазаў і ювелірных вырабаў з дыяментамі з пачатку 2024 года. У прапанове гаворыцца, што забарона будзе распаўсюджвацца на непрамысловыя прыродныя і сінтэтычныя алмазы і ювелірныя вырабы з дыяментамі са студзеня 2024 года. Таксама будзе паэтапна ўводзіцца — з 1 сакавіка па 1 верасня — забарона на імпарт расійскіх алмазаў пры апрацоўцы ў трэціх краінах, у тым ліку ўпрыгожванні з расійскімі дыяментамі. У Беларусі ёсць Гомельскі ювелірны завод «Крышталь», які з'яўляецца вядучым вытворцам ювелірных вырабаў, дыямантаў, алмазнага інструмента. Не раз каманда НАУ, Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі даводзілі партнёрам, што, уводзячы санкцыі супраць Расіі і мінуючы пры гэтым рэжым Лукашэнкі, санкцыі не з'яўляюцца эфектыўнымі і з лёгкасцю абыходзяцца. Такі разлік у двух рэжымаў ёсць і з планаванымі санкцыямі на расійскія алмазы. І Лукашэнка вырашыў асабіста прадэманстраваць сваю значнасць у гэтым пытанні і запланаваў на 3 лістапада візіт на Крышталь. Які, дарэчы, прыйшлося перанесці. А ў чым была прычына фальстарту візіту Лукашэнкі на Крышталь? Што адбылося ў гэты час? З 6 па 11 лістапада праходзіла пасяджэнне Кімберлійскага працэсу — гэта міжнародная схема сертыфікацыі, якая рэгулюе гандаль неапрацаванымі алмазамі і створаная з мэтай прадухілення патоку «крывавых» алмазаў і абароны легальнага гандлю алмазнай сыравінай у свеце. Сам Кімберлійскі працэс быў зацверджаны ААН у 2003 годзе. На дадзены момант у склад арганізацыі ўваходзяць 85 краін, уключаючы ЗША, Еўрасаюз, Расію, Кітай, шэраг афрыканскіх дзяржаў і Беларусь. І вось гэта пасяджэнне Кімберлійскага працэсу і праводзілася з мэтай процідзеяння Расіі ў яе фінансаванні вайны супраць Украіны з дапамогай продажу алмазнай сыравіны і алмазаў, у тым ліку і рэжыму Лукашэнкі. Асноўнай тэмай Кімберлійскага працэсу стала абмеркаванне ўнясення змяненняў у схему сертыфікацыі, зацверджаную рэзалюцыяй ААН 55/56, што продаж нелегальна здабытых алмазаў фінансуе не толькі паўстанцкія групы, але і асобныя краіны, якія вядуць войны супраць урадаў іншай краіны. І ў выпадку прыняцця такога пашыранага вызначэння пад яго падпалі б і неапрацаваныя алмазы, якія здабываюцца ў Расіі і прадаюцца за мяжу ў абыход санкцый. Але як і любое прыняцце рашэнняў па супрацьдзеянні вайне, экстрэмізму, гвалту і іншым злачынствам, калі ў склад краін, упаўнаважаных на выказванне свайго меркавання, уваходзяць прадстаўнікі рэжымаў Беларусі і Расіі і так званыя «сяброўскія ім» краіны, ёсць рызыка, што яны не дадуць прыняць санкцыйныя, абмежавальныя рашэнні. Так адбылося і гэтым разам. Беларусь, Расія, Кыргызстан і Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР) назвалі прапанову аб пашырэнні паняцця «крывавых алмазаў» палітычна матываванай і адмовіліся ад узгаднення новай фармулёўкі. Перамовы скончыліся нічым. Чаму для рэжыму так важна сёння прадпрыемства «Крышталь»? Рэжым Лукашэнкі ўжо прадчувае новыя фінансавыя плыні ад пасярэдніцтва ў бізнэсе з «крывавымі дыяментамі». І пасля завяршэння пасяджэння Кімберлійскага працэсу накіраваўся з візітам на ААТ «Гомельскае ВА Крышталь», якому і адведзена роля ўдзельніка ў схемах куплі і продажу алмазнай сыравіны і алмазаў, якія здабываюцца ў Расіі і якія фінансуюць далейшую агрэсію Расіі супраць Украіны. І ў гэтай лукашэнкаўскай схеме роля «Крышталя» — гэта роля толькі выканаўцы і патэнцыйнага кандыдата на трапленне пад санкцыі. Усе даходы ад гэтых здзелак асядуць на рахунках давераных асоб Лукашэнкі і зноў жа ў «дружалюбных яму» краінах. А калі прадстаўнікі або супрацоўнікі «Крышталя» захочуць зразумець такія аперацыі дыктатара, то, імаверна, тлумачэнні яны ўжо будуць атрымліваць у іншым месцы — за кратамі. Пытанне часу — і новая крымінальная справа атрымае сваю назву «Алмазная». Расія пацвердзіла важнасць бачнай «самастойнасці» Беларусі для абыходу санкцый У выніку правядзення пасяджэння Кімберлійскага працэсу вельмі выразна зафіксаваны яшчэ адзін важны момант. У 2023 годзе старшынёй Кімберлійскага працэсу з'яўляецца Зімбабвэ — вялікі сябар Лукашэнкі. Так водзіцца ў дыктатараў. А вось Беларусь адзіная краіна, якая падала заяўку на пасаду віцэ-старшыні Кімберлійскага працэсу ў 2024 годзе і на пасаду старшыні ў 2025 годзе. Аднак удзельнікі сустрэчы заблакавалі вылучэнне лукашэнкаўскіх прадстаўнікоў на пасаду віцэ-старшыні і старшыні ў 2024-2025 гадах, адпаведна, заходнія краіны пярэчылі супраць таго, каб такі блізкі саюзнік Расіі атрымаў падтрымку. У 2024 годзе старшынёй Кімберлійскага працэсу будзе ААЭ. Рэжым Лукашэнкі «праглынуў» чарговае недвухсэнсоўнае ўказанне ведаць сваё месца, а вось Мінфін Расіі падчас пасяджэння абурыўся такой «дыскрымінацыяй» свайго памагатага не толькі ў вайсковай агрэсіі супраць Украіны, але і як краіны, памагатай ў абыходзе санкцый. Калі планам рэжыму наканавана спраўдзіцца, а тут многае ў руках нашых партнёраў у ЕС і ЗША, то Лукашэнка і яго самае багатае сямейства ў Беларусі атрымаюць дадатковыя крыніцы звышпрыбыткаў з перапродажу «крывавых алмазаў». Любыя санкцыі як і любыя дзеянні супраць агрэсіўнай Расіі павінны гарманічна, сінхронна і адначасова ўводзіцца і кантралявацца і супраць рэжыму Лукашэнкі. Толькі такія адначасовыя і вывераныя дзеянні прывядуць да дасягнення ўстанаўлення міру і правапарадку і падзення двух рэжымаў, якія прыносяць велізарныя беды і пакуты мільёнам людзей.

  • У Лукашэнкі праблемы ў Кітаі

    Павел Латушка пра змену пасла ў Кітаі Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў у сваім так званым дыпламатычным корпусе. Так, у адстаўку быў адпраўлены пасол у Кітаі Юрый Сянько, які, на думку Лукашэнкі, не справіўся са сваімі абавязкамі, а на яго месца ўзурпатар прызначыў свайго цёзку — міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова. Сянько адпрацаваў паслом менш за тры гады, тады як мінімальная працягласць кантракту для знаходжання на пасадзе пасла — пяць гадоў. Лукашэнка ўскладае на Чарвякова ўжо як на дыпламата вялікія надзеі, бо адносіны з КНР зараз перажываюць не самыя лепшыя часы: у першую чаргу гэта датычыцца інвестыцый з Кітая і ўзаемнага гандлю дзвюх краін. Кітай незадаволены Лукашэнкам з дзвюх прычын: Усе суседзі Беларусі з краін ЕС закрылі цэлы шэраг пунктаў пропуску. Ёсць пагроза поўнага закрыцця мяжы, калі дыктатар не перастане дэстабілізаваць сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі. Лукашэнка прывёз ядзерную зброю ў Беларусь. Яшчэ адзін «правал» ва ўзаемаадносінах з Кітаем: Лукашэнку не запрасілі на нядаўнюю канферэнцыю «Адзін пояс — адзін шлях». Гэта можа сведчыць пра тое, што кіраўніцтва КНР незадаволена палітыкай Лукашэнкі, якая тармозіць гандаль Кітая з Еўропай. У гэтай сітуацыі таксічны Лукашэнка з яго ростам напружанасці ля межаў з ЕС ламае ўсе перспектывы гандлёвага супрацоўніцтва Кітая і еўрапейскіх краін. Яшчэ адно прызначэнне — новы пасол у Сербіі Сяргей Маліноўскі. Пры прызначэнні дыпламата на новую пасаду Лукашэнка паскардзіўся, што сербы «забыліся тое дабро, з якім мы» (гэта значыць Лукашэнка) ішлі «да іх», і падтрымліваюць (які жах!) еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць яго. Але і Сербія, абіраючы паміж Лукашэнкам і добрымі эканамічнымі адносінамі з Захадам, у выніку абірае Захад. Нягледзячы на любоў да Пуціна і Лукашэнкі з боку многіх сербскіх палітыкаў, Сербія збіраецца ўступаць чамусьці не ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, а ў ЕС. Таму што толькі ЕС нясе народу Сербіі эканамічныя дабрабыт і развіццё, а не бессэнсоўныя войны і разруху, якія прапануе клуб састарэлых дыктатараў пад назвай «Саюзная дзяржава». Такія розныя і геаграфічна, і культурна краіны як Кітай і Сербія, калі справа даходзіць да канчатковага выбару, імкнуцца ўмацоўваць свае адносіны з эканамічна і тэхналагічна развітым заходнім светам, а не рэжымам Лукашэнкі. Толькі ліквідаваўшы рэжым Лукашэнкі, Беларусь зможа будаваць нармальныя здаровыя стасункі не толькі з краінамі Захаду, але і з тымі ж Сербіяй і Кітаем.

bottom of page