top of page

Украінскі эксперт — беларускай апазіцыі: ды хоць з мехам бульбы прыязджайце


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Украінскі эксперт Цэнтра процідзеяння расійскай агрэсіі Дзмітрый Грамакоў у гутарцы з рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком неакуратна прапанаваў Святлане Ціханоўскай прывезці ва Украіну «Хаймарс».


Грамакоў хацеў сказаць: давайце ў беларусаў і ўкраінцаў будуць хоць нейкія сумесныя праекты. Беларускі твітар пачуў: і няхай ваша Ціханоўская без «Хаймарса» не прыязджае.


Мы пагаварылі з Дзмітрыем Грамаковым пра тое, чаго чакае Украіна ад беларускай апазіцыі, які «Хаймарс» прывёз Латушку і чаму Кіеў хацеў бы бачыць беларускіх добраахвотнікаў у касцяку будучага войска Беларусі.

«Латушка накапаў доказаў — гэта яго «Хаймарс»

Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм
Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм. Фота: НАУ-медыя

— Больш за месяц таму ўкраінская экспертная супольнасць і прадстаўнік Рады сустракаліся з беларускай апазіцыяй у Варшаве. Развіццё гэтай сустрэчы было?


— Пакуль не. Але агульных тэм для супрацоўніцтва можна накапаць шмат. І мы гатовыя пра гэта казаць. Але пакуль што кантакты заканчваюцца падтрымкай «на словах». Маўляў, «усё ў нас будзе добра, калі вы пераможаце». Гэта не ўспрымаецца ўкраінскім бокам сур'ёзна.


А вось калі ёсць канкрэтная тэма, тады з ёй можна ехаць ва Украіну. Ды хоць з мехам бульбы можаце прыехаць, а не з «Хаймарсам», і перадаць гэты мяшок канкрэтнаму дзіцячаму дому. Гэта ўжо і будзе дыялог.


Дыялог — гэта не пра словы. Дыялог — гэта пра тое, што вы робіце для перамогі Украіны акрамя таго, што спачуваеце з Варшавы і Прагі. Спачуванне — гэта добра, але давайце знойдзем нейкую сумесную дзейнасць.


Вось другі раз з [Аляксандрам] Азаравым сустракаемся, а ён кажа: «У нас усё зашыфраванае і закрытае». Ну, давай нешта прыдумаем, каб ты нешта адкрыў і мы пачалі нешта рабіць разам.


Я разумею: сакрэтныя людзі рэалізуюць сакрэтныя планы. Акей. Але нават у гэтай дзейнасці ўсё роўна павінен быць нейкі публічны прадукт. Зразумела, нельга паказаць людзей, якія удзельнічаюць у рэалізацыі гэтай дзейнасці, але форму камунікацыі знайсці трэба. Усё ж ідзе трэці год гэтай дзейнасці.


Бо самае галоўнае ў сумеснай дзейнасці — праз яе мы даведаемся адно пра аднаго. Даведаемся, у каго якія матывы, хто да чаго імкнецца. А пакуль глебы для дыялогу няма. Пакуль мы абмяркоўваем толькі, як не пачаць ненавідзець адно аднаго.

Але ж не пачаць ненавідзець можна па-рознаму: можна проста зачыніцца і забыць адзін пра аднаго.


Вось у чым асаблівасць [Паўла] Латушкі? Ён правільна ўхапіў тэму [Латушка перадаў ва Украіну доказы вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь]. Таму што гэта сумесная гісторыя.

Зміцер Грамакоў
Зміцер Грамакоў. Фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

— Гэта значыць, Украіна гэты ход Латушку заўважыла?


— Ну, вядома, заўважыла. Калі ў нас з'яўляецца рэсурс для таго, каб развіваць нейкую гісторыю на рэгіянальным узроўні — навошта ад яго адмаўляцца? Мы туды цяпер дакладна не даедзем. У нас няма такіх шчыльных дыпламатычных адносін. Калі ў вас ёсць гэтыя магчымасці — вядома, мы хочам супрацоўнічаць.


Тое самае з палком: яны ваююць побач з намі. Пытанне да астатніх [беларускіх палітыкаў]: а што робіце вы?

«Вы што, хочаце намі кіраваць? "Не, мы хочам з вамі працаваць"»


— У нашым мінулым інтэрв'ю вы казалі, што беларускія добраахвотнікі ва Украіне — гэта не «нашы» людзі, гэта «вашы» людзі. Украіна бачыць у добраахвотніках касцяк патэнцыйнага новага беларускага войска?


— Так.


Пытанне замены кадравага складу беларускага войска цікавае. З каго будзе фармавацца афіцэрскі склад вашай арміі пасля перамогі рэвалюцыі? Ці застанецца беларускае войска пераемнікам савецкага ці ў яго з'явяцца абстраляныя кадры, якія прайшлі баявыя дзеянні, былі інтэграваныя і здольныя працаваць у рамках вялікай міжнароднай сістэмы? Ці змогуць беларусы захаваць гэты кадравы патэнцыял і ці будуць яго шанаваць?


Гэта выгадна ў тым ліку і для нашай бяспекі. Гэта людзі, якія з намі ваявалі, якія ўсведамляюць, за што яны ваявалі. Мы для іх нават пры ўсіх унутрыпалітычных гісторыях дакладна ніколі не будзем ворагамі.


— Дзмітрый, а асабіста вас з Беларуссю нешта звязвае ці гэта зусім чужая гісторыя?


— Гісторыя чужая, але я доўга займаюся гэтай тэмай, і таму яна робіцца блізкай і зразумелай. І разумею, што гэтая гісторыя — важная. Важная для разумення будучыні, для разумення таго, як і з кім гэта будучыня выбудоўваць.


Калі ўсе пачынаюць нас вінаваціць, маўляў, ва Украіны няма палітыкі ў дачыненні да Беларусі і беларусаў, я задаюся пытаннем: а ці гатовыя беларусы прыняць нашу палітыку ў дачыненні да іх?


Пасля сустрэчы ў Варшаве многія [беларускія палітыкі] сказалі: а чаго вы да нас лезеце? Вы што, хочаце намі кіраваць? Не, мы хочам з вамі працаваць. І разумець, чаго ад вас чакаць заўтра і паслязаўтра.


Чаго чакаць ад [Аляксандра] Лукашэнкі — незразумела, што ў яго ў галаве — незразумела. А вы ад яго залежыце настолькі, што пачынаеце прайграваць яго ж мадэлі кіравання і паводзін. І мы разумеем, што замяніць аднаго Лукашэнку на іншага — гэта не наш шлях. Нам трэба больш. Нам патрэбная зразумелая і выразная сістэма. Каб мы разумелі, на якіх прынцыпах яна працуе, як будуць выбірацца наступныя людзі.


Атрымаць яшчэ аднаго Лукашэнку мы не хочам, думаю, і народ Беларусі таксама.


Арыгінал артыкула: euroradio.fm


bottom of page