top of page

Мы вернем Беларусь у наш агульны еўрапейскі дом. Іншага шляху няма

Feb 11
2 min read

Тэзісы выступлення намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, лаўрэата прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы, Паўла Латушкі на афіцыйных мерапрыемствах падчас уручэння ўзнагарод Форуму супрацоўніцтва і дыялогу Польшча–Літва і Форуму дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця

Шаноўнае спадарства! Вашы Эксцеленцыі! Глыбокапаважаныя арганізатары і сябры Капітулы! Дарагія лаўрэаты, сябры!

Сённяшні год Сенат Польшчы абвясціў Годам Ежы Гедройца. І гэта не проста даніна памяці вялікаму мысліцелю. Гэта момант ісціны для ўсяго нашага рэгіёна. Для нас, беларусаў, Ежы Гедройц асабліва блізкі — бо ён нарадзіўся ў нашым родным Мінску, і яго візія вольнай Беларусі была неад’емнай часткай яго еўрапейскай мары.

Ежы Гедройц казаў, што без вольнай Украіны, Літвы і Беларусі няма вольнай Польшчы. Сёння, у Год Гедройца, гэтыя словы гучаць як прароцтва. Пашырэнне ўзнагароды на навукоўцаў, даследчыкаў з Беларусі ў гэты скаладаны час для маёй краіны — гэта сігнал, што Еўропа Гедройца не заканчваецца на Бугу. Беларусь — гэта не дыктатар, гэта народ, які абірае Еўропу. Дзякуй за вашу салідарнасць, якая з’яўляецца нашай самай моцнай сумеснай зброяй.

Гедройц марыў пра прастору свабоды, дзе Беларусь, Польшча, Літва і Украіна — гэта не проста суседзі, а адзіны геапалітычны арганізм, злучаны агульнымі каштоўнасцямі. Сёння мы бачым, як Украіна плаціць крывёю за гэтую мару.

Як былы Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА, я ніколі не забуду свае эмоцыі пры наведванні дома Гедройца ў Мезон-Лафіт пад Парыжам. Той момант, калі я ўпершыню ўзяў у рукі легендарную «Культуру».

Для мяне было вялікай пашанай асабіста ведаць лаўрэатаў Прэміі — Іх Экселенцыі прэзідэнта Леха Качыньскага і прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Гэта лідары, чыё візіянерства і сёння дэманструе нам важнасць свабоды.

Упершыню ў гэтым годзе гэтая прэмія пашырана на прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі. І я шчыра віншую прафесара Аляксандра Смалянчука. Спадар Аляксандр, ваша праца па вяртанні праўдзівай гісторыі — гэта падмурак нашай годнасці. Ваша ўзнагарода — гэта знак таго, што Беларусь – гэта Еўропа, і Еўропа гэта прызнае, не жадаючы новай «жалезнай заслоны» па лініі Буга.

Паважаныя сябры! Як лаўрэат узнагароды Леха Валенсы — легендарнага лідара «Салідарнасці», чалавека, які адыграў адну з вядучых роляў у разбурэнні камуністычнай імперыі ў Еўропе, — я веру ў моц яднання і супольнага супраціву. І сёння салідарнасць патрэбна нам як ніколі.

Мы разумеем: пакуль Беларусь застаецца ў руках дыктатара, бяспека ўсяго рэгіёна будзе пад пагрозай. Але Беларусь — гэта не Лукашэнка. Беларусь — гэта народ, які ў 2020 годзе зрабіў свой незваротны еўрапейскі выбар.

Мацей Радзівіл, які таксама атрымліваў гэтую ўзнагароду, ведае: нашыя народы заўсёды перамагалі, калі былі разам. Мы — нашчадкі Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Наш інтэлектуальны код — гэта свабода.

Дзякуй Польшчы і Літве за вернасць запаветам Гедройца. Мы вернем Беларусь у наш агульны еўрапейскі дом. Іншага шляху няма.

Жыве Беларусь! Za wolność naszą i waszą! Слава Украіне!


Comments


bottom of page