«Кропка ўваходу – 123» — новая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі
- Admin of the NAM

- Jan 21
- 2 min read

З 20 студзеня па 1 сакавіка ў Музеі Вольнай Беларусі — праекце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — праходзіць выстава «Кропка ўваходу – 123», прысвечаная 123 беларускім палітвязням, вызваленым 13 снежня і прымусова дэпартаваным рэжымам Лукашэнкі.
Зняволеных вывозілі з завязанымі рукамі, у балаклавах і з мяшкамі на галовах, без папярэджання. Многім не вярнулі пашпарты і асабістыя рэчы. Усё, што яны ўзялі з сабой, — невялікія валізкі з адзеннем і турэмным мінімумам: лыжка, мыла, ануча, чайныя пакецікі, цёплая бялізна. Рэчы, да якіх сціскаецца ўвесь дазволены свет вязня.
Сёння гэтыя прадметы — музейныя экспанаты. Іх функцыя змянілася: яны спыніліся ў сваім кругазвароце і пачалі сведчыць.
Выстава «123» аб’ядноўвае больш за 30 артэфактаў, звязаных з турэмным досведам некаторых з дэпартаваных палітвязняў. Гэта рэчы з мужчынскіх і жаночых калоній (часам — забароненыя для выкарыстання вязнямі прадметы), а таксама прадметы, звязаныя з працэдурай дэпартацыі — пакет ад сухпайка КДБ, балаклава і іншыя.
Запрашаем на выставу, каб убачыць і асэнсаваць досвед вялікай колькасці беларусаў. Мы павінны весці размову пра тое, што з намі адбылося і працягвае адбывацца.
Каманда праекта:
Аўтары і арганізатары: Музей Вольнай Беларусі
Суарганізатары і партнёры: Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі»
Падтрымка: Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне
Куратар: Аляксей Бацюкоў
Дызайн выставы: Аляксандр Адамаў
Графічны дызайн: Дар’я Абібок
Мастак па святле: Даніла Ганчароў
У экспазіцыі выкарыстоўваецца відэатрансляцыя «Радыё Свабода» з прэс-канферэнцыі беларускіх палітвязняў, якая адбылася 22 снежня 2025 года.
Праект «Кропка ўваходу» — серыя выставаў новых экспанатаў Музея Вольнай Беларусі, што дапамагае ўвайсці ў сучасны беларускі кантэкст праз артэфакты, якія ўзнікаюць тут і цяпер.
Даты выставы: 20 студзеня — 1 сакавіка
Час працы выставы: аўторак–пятніца: 16:00–20:00 субота–нядзеля: 12:00–20:00


Comments