top of page

Выступ намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі


Еўрапарламент, Страсбург, 4 кастрычніка 2023 г.

Ваша эксцэленцыя, шаноўны спадар Амбудсмен Украіны, шаноўнае спадарства!

Дзякую за запрашэнне прыняць удзел у паседжанні і за прадастаўленую магчымасць выступіць.

Сёння Аляксандр Лукашэнка і вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва яго рэжыму здзяйсняюць як мінімум тры з чатырох асноўных міжнародных злачынстваў супраць Украіны і яе грамадзян.

Адно з іх — прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка, члены яго сям'і, а таксама блізкія да яго людзі арганізавалі сістэму перавозкі дзяцей, у прыватнасці сірот, з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Асноўная мэта адпраўкі гэтых дзяцей у Беларусь — іх ідэалагічная апрацоўка ў адпаведнасці з наратывамі «рускага свету». Гэтыя дзеці ўцягваюцца ў ваенную, рэлігійную і палітычную дзейнасць. Праграма іх знаходжання ў Беларусі не ўключала ў сябе якога-небудзь значнага медыцынскага аспекту. Існуючыя доказы сведчаць пра гэта.

Аляксандр Лукашэнка як кіраўнік так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі асабіста падпісваў дакументы, якія прадугледжваюць арганізацыю падобных праграм перамяшчэння дзяцей. Толькі з верасня 2022 года па май 2023 года ў лагер «Дубрава», размешчаны ў Мінскай вобласці, было дастаўлена не менш за 2100 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з 15 гарадоў Украіны.

Падчас расследавання наша каманда ўстанавіла, што асобныя эпізоды вывазу дзяцей у Беларусь мелі месца яшчэ ў 2021 годзе. Сёння гэтых дзяцей аддаюць на ўсынаўленне ў Расіі.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прадаставіла ў Міжнародны крымінальны суд доказы таго, што ні адзін выпадак перамяшчэння гэтых дзяцей не падпадае пад дазволеныя выключэнні па міжнародным гуманітарным праве. Такім чынам, усе такія дзеці з'яўляюцца ахвярамі ваеннага злачынства і адначасова злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе гвалтоўнага перамяшчэння грамадзянскага насельніцтва.

Беспакаранасць Аляксандра Лукашэнкі — гэта выклік усёй цывілізаванай супольнасці і міжнароднай сістэме правасуддзя, не кажучы ўжо пра людзей з Украіны, якія непасрэдна пацярпелі ад яго дзеянняў.

У сувязі з гэтым мы лічым крытычна важным садзейнічаць МКС у расследаванні гэтых злачынстваў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне накіравала ў МКС камунікацыю па артыкуле 15 па дадзеным пытанні і ў цяперашні час працуе над яе абнаўленнем.

Не можа быць ніякай справядлівасці для ахвяр з Украіны, пакуль Лукашэнку не судзяць.


コメント


bottom of page