Без незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў нашым рэгіёне

«Не будзе трывалай бяспекі ў Цэнтральнай Еўропе, пакуль Беларусь застаецца пад расійскім ваенным і палітычным кантролем. Беларусь — гэта не перыферыя рэгіёна, а адзін з ключавых элементаў яго будучай архітэктуры бяспекі», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан падчас XXXV Эканамічнага форуму ў Карпачы на панэльнай дыскусіі «Цэнтральная Еўропа — стратэгічная роля рэгіёна ў фарміраванні архітэктуры бяспекі».
У панэльнай дыскусіі таксама ўзялі ўдзел кіраўнік румынскай грамадскай арганізацыі Asociația Lupii Tricolori Адрыян Бэзэван, дырэктарка прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Польшчы Катажына Смык, генеральны дырэктар венгерскай кансалтынгавай кампаніі Caroberto Advisory Міхай Рашончы-Ковач і былы намеснік дырэктара Дэпартамента Цэнтральнай Еўропы МЗС Чэхіі Марцін Свароўскі.
Падчас дыскусіі Арцём Брухан адзначыў, што пасля 2020 года Лукашэнка фактычна абмяняў частку дзяржаўнага суверэнітэту на гарантыю захавання ўласнай улады, а пасля 2022 года гэта залежнасць набыла яшчэ і прамое ваеннае вымярэнне. Дзеля ўтрымання ўлады рэжым аддаў Крамлю ваенны, палітычны, эканамічны, энергетычны, інфармацыйны і культурны суверэнітэт Беларусі.
«Аднак гэты працэс не з'яўляецца незваротным. Беларусь дагэтуль мае ўласныя дзяржаўныя інстытуты, грамадства, нацыянальную ідэнтычнасць і моцнае імкненне грамадзян да незалежнасці», — падкрэсліў намеснік кіраўніка НАУ.
Каб Беларусь мела дэмакратычную перспектыву, важна інвеставаць у беларускае грамадства:
«Вы інвестуеце ва ўласную абарону і абарончыя праекты, і гэта, безумоўна, вельмі важна. Але не менш важна інвеставаць у тое, каб Беларусь стала часткай бяспекі рэгіёна, а не крыніцай пагрозы.
«Будучыня Беларусі — гэта пытанне не толькі свободы беларусаў. Гэта пытанне бяспекі Польшчы, Украіны, краін Балтыі і ўсёй Еўропы. Без незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў нашым рэгіёне», — падкрэсліў Арцём Брухан.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне з’яўляецца афіцыйным інстытуцыйным партнёрам XXXV Эканамічнага форуму ў Карпачы. Форум сабраў больш за 6000 гасцей з 53 краін свету, а таксама на ім праходзіць больш за 500 панэльных дыскусій.




Comments