top of page

Еўразвяз узгадніў 18-ы пакет санкцый: Надзеі дыктатараў на слабасць Еўропы не спраўдзіліся — Еўропа дэманструе сілу

  • Jul 18
  • 2 min read
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка аб увядзенні 18-га санкцыйнага пакета ЕС

«ЕС толькі што ўзгадніў адзін з самых жорсткіх на сённяшні дзень пакетаў санкцый супраць Расіі», — заявіла сёння кіраўніца Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Кая Калас.

Новыя санкцыі закрануць 105 суднаў так званага «ценявога флоту». Акрамя таго, абмежаванні закрануць «Паўночны паток» і банкі, што дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Таксама будзе зніжаны цэнавы паталок на расійскую нафту — з 60 да 47,6 долараў за барэль. Ён будзе пераглядацца кожныя шэсць месяцаў, каб адаптавацца да зменаў на рынку.

Уводзіцца дадатковая гарманізацыя санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі. Забарона на спецыялізаваныя паслугі абмену фінансавымі паведамленнямі (адключэнне ад SWIFT) заменена поўнай забаронай на транзакцыі (закрыццё карэспандэнцкіх рахункаў). Таксама ўведзена эмбарга на імпарт зброі з Беларусі.

«Кабінет і НАУ даўно звярталі ўвагу на тое, што банкаўская сістэма Беларусі задзейнічана ў абыходзе санкцыйных абмежаванняў. Мы адзначалі, што аднаго адключэння ад SWIFT недастаткова — неабходна закрыць карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў, якія садзейнічаюць агрэсіі. У ЕС нас пачулі. Гэтыя меры прадугледжаныя новым санкцыйным пакетам.

18-ы пакет санкцый павінен прывесці да скарачэння даходаў расійскага бюджэту, што адаб’ецца на магчымасцях продажу тавараў з Беларусі на расійскі рынак і на магчымасцях рэжыму Лукашэнкі разлічваць на фінансавую падтрымку для працягу ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі. Пад санкцыі ЕС трапляюць банкаўскія інстытуты Беларусі, якія спрыяюць фінансаванню і абыходу санкцый, уведзеных за агрэсію.

Еўропа не забылася пра ганебны саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. У спіс юрыдычных асоб у 18-м пакеце санкцый супраць Расіі ўключаны шэраг прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу рэжыму Лукашэнкі.

Як чалец Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, я ўдзячны Еўрапейскаму Саюзу за паслядоўнасць і прынцыповасць у сваіх дзеяннях.

Надзеі дыктатараў на слабасць Еўропы не спраўдзіліся — Еўропа дэманструе сілу.

Важна працягваць нарошчваць ціск, выкарыстоўваючы механізмы, якія сапраўды б’юць па фінансавай і ваеннай машыне дыктатарскіх рэжымаў», — пракаментаваў увядзенне Еўрапейскім Саюзам 18-га пакета санкцый намеснік кіраўніцы АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка.



Comments


bottom of page