Зварот Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі да дэ-факта ўладаў Рэспублікі Беларусь у сувязі з арыштам Нікаласа Мадуры
- Admin of the NAM

- 6 hours ago
- 1 min read

Арышт Нікаласа Мадуры 3 студзеня 2026 года стаў у новай глабальнай палітыцы паказальным сігналам кожнаму аўтарытарнаму рэжыму: ні гады кіравання дзяржаўным апаратам, ні кантроль над войскам, ні знешняя падтрымка паплечнікаў не з’яўляюцца гарантыямі захавання ўлады. Мадура адмовіўся ад дыялогу з апазіцыяй, выбраў рэпрэсіі замест легітымнасці, лічыў сілавыя структуры сваёй непрабіўнай аховай – і жорстка памыліўся. У выніку лёс Венесуэлы зараз будзе залежыць у значнай ступені ад знешніх фактараў.
Усведамляючы сваю адказнасць за захаванне суверэнітэту Беларусі, Кабінет пацвярджае ініцыятыву па правядзенні нацыянальнага дыялогу, выкладзеную ў Заяве ад 9 жніўня 2025 года. Мы настойваем на тым, што адзіным сродкам папярэджання калапсу дзяржаўнасці з’яўляецца арганізацыя Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі.
Менавіта ўнутранае грамадскае паразуменне патрэбна, каб забяспечыць стабільнасць падчас неабходнай для нашай краіны палітычнай трансфармацыі, выхад на цывілізаванае вырашэнне ўнутраных праблем, зняцце санкцый, вяртанне інвестыцый і аднаўленне канструктыўнага міжнароднага супрацоўніцтва.
Урок Каракаса паказвае, што вокны магчымасцяў закрываюцца хутка, таму ігнараванне ініцыятывы Круглага стала можа прывесці да сцэнароў, дзе цывілізаваны грамадскі дыялог будзе заменены іншымі некантраляванымі працэдурамі, якія могуць ствараць пагрозы незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Беларусы заслугоўваюць дэмакратычнага кіравання, устойлівага эканамічнага развіцця і нармалізацыі міжнародных адносінаў. Кожная службовая асоба мусіць несці адказнасць за выбар аптымальных шляхоў для паспяховага развіцця нашай краіны.
Жыве Беларусь!
Варшава, Вільня, 8 студзеня 2026










Comments