Змаганне рэжыму Лукашэнкі з беларускай культурай набыло беспрэцэдэнтныя маштабы
- Admin of the NAM

- 3 days ago
- 6 min read
Тэзісы выступу намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, члена дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Паўла Латушкі па пытанні беларускай культуры на пасяджэнні Камітэта ПАСЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ
На працягу дзесяцігоддзяў Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але зараз гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы. Культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таксама яна з’яўляецца асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці. Падобныя працэсы ідуць на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.
Уся структура нелегітымнай улады ў Беларусі інфільтраваная агентамі ўплыву Масквы. Працэс запускаецца праз пракрамлёўскіх псеўдаактывістаў, якія пішуць даносы на любыя праявы нацыянальнай ідэнтычнасці. Сілавікі і прапагандысты выкарыстоўваюць гэта як нагоду для рэпрэсій, а курыруюць працэс расійскія ідэолагі пры фінансавай падтрымцы расійскіх фондаў і пад прамым наглядам пасольства Расіі ў Мінску.
На фоне рэпрэсій супраць беларускай культуры расійскія артысты, расійскія мерапрыемствы і расійскія прафесіяналы запаўняюць культурную прастору ў Беларусі, якая «вызвалена» ад беларускіх спецыялістаў і ініцыятыў. Праца Крамля ў дачыненні да Беларусі накіравана на перафарматаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, на тое, каб беларусы адчувалі сябе часткай рускай культуры. Гэта падрыхтоўка да магчымай анексіі Беларусі, каб беларускае грамадства ставілася да яе лаяльна.
«Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі за рамкі пераследу палітычных актывістаў і цяпер уключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі», — падкрэсліваецца ў апублікаваным у межах 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека дакладзе адмысловага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілса Муйжніекса.
Нядаўнія масавыя вызваленні палітычных зняволеных адбываліся паралельна з мэтакіраванымі рэпрэсіямі супраць дзеячаў культуры: сілавыя структуры метадычна працуюць з асобамі, якія мелі кантакты з канкрэтнымі культурнымі арганізацыямі, што дзейнічаюць за мяжой, а таксама накіроўваюць свае намаганні на канкрэтныя сферы культуры. Паводле даных беларускага ПЭН-клуба: у цэлым, прынамсі 117 прадстаўнікоў культурнай сферы знаходзяцца ў турмах (у тым ліку Павел Белавус — заснавальнік Symbal.by і кампаніі "Godna", Алег Хаменка — музыкант, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, прадзюсар, лідар гурта "Палац"), установах адкрытага тыпу («хімія») або адбываюць тэрміны ў умовах «хатняй хіміі» па палітычных матывах.
У турме Гродна 11 ліпеня 2023 года памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін.

Станам на 2026 год у Беларусі няма ніводнай моўнай школы, дзе замежнікі маглі б вывучаць беларускую мову. Праекты, якія папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю, падвяргаюцца нападкам прапагандыстаў. Пад ціскам закрываюцца нават праўладныя, але беларускамоўныя ініцыятывы. Не спыняюцца арышты ўдзельнікаў культурных праектаў.
У 2024–2025 гадах разгарнулася сістэмнае паляванне на рэдактараў і адміністратараў беларускамоўнай Вікіпедыі. У выніку рэпрэсій і крымінальных спраў колькасць новых артыкулаў на беларускай мове ў гэтай анлайн-энцыклапедыі ўпала да гістарычнага мінімуму.
Рэжым Лукашэнкі з 2020 года ліквідаваў больш за 260 арганізацый, якія належаць да сферы культуры або маюць культурны складнік у сваёй дзейнасці. Паводле даных маніторынгу арганізацыі Беларускі ПЭН, вядомыя імёны як мінімум 428 дзеячаў і работнікаў культуры, звольненых па палітычных матывах пасля падзей 2020 года ў Беларусі.
У Беларусі адмяняюцца тэатральныя пастаноўкі, беларускамоўныя тэатры русіфікуюцца. У кіраўніцтва беларускіх тэатраў замест звольненых спецыялістаў былі прызначаны мастацкія кіраўнікі з Расійскай Федэрацыі (больш за пяць выпадкаў). У нацыянальным, акадэмічным, вядучым драматычным тэатры краіны, дзе я працаваў генеральным дырэктарам, прызначаны расійскі рэжысёр і ў трупу набіраюцца расійскія акцёры. У адзіны да нядаўняга часу цалкам беларускамоўны тэатр у Беларусі.
Рэпрэсіям, цэнзуры або кадравым чысткам падверглася абсалютная большасць вядучых дзяржаўных і ўсе незалежныя тэатры краіны. Толькі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы былі звольнены 58 чалавек (уключаючы 36 акцёраў — амаль уся трупа).
Па даносах забараняюцца фестывалі і выставы. Манапалізацыя культурнай прасторы дзяржавай, у прыватнасці абавязковы дазвол на арганізацыю мерапрыемстваў, стварае ўмовы для карупцыі і цэнзуры.
Амаль усе ўстановы культуры, створаныя беларусамі за мяжой, таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі (напрыклад, Музей Вольнай Беларусі, «Вольныя купалаўцы», «Будзьма беларусамі», «ІншыЯ» і іншыя), што азначае: у выпадку, калі грамадзяне з Беларусі будуць глядзець іх праекты, матэрыялы ці наведваць іх за мяжой, гэта таксама пагражае палітычным пераследам.

Цалкам ліквідаваны на тэрыторыі Беларусі вядучыя незалежныя беларускія выдавецтвы («Янушкевіч», «Кнігазбор»). У лютым 2026 года прайшла новая хваля вобшукаў і арыштаў выдаўцоў і дыстрыб’ютараў. Найбуйнейшыя выдавецтвы (Gutenberg Publisher, Логвінаў і інш.) абвешчаны экстрэмісцкімі. Экстрэмісцкім абвешчаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільнюсе, ідзе хваля вобшукаў і арыштаў у яго цяперашніх і былых студэнтаў.
У спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унесены працы беларускіх гісторыкаў (З. Шыбека, В. Ластоўскі) і мастацкія творы класікаў літаратуры (В. Дунін-Марцінкевіч, Л. Геніюш, Н. Арсеннева, У. Някляеў). З школьнай праграмы па патрабаванні прапагандыстаў выключаны раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Па палітычных прычынах міністэрства інфармацыі рэжыму прызнала забароненымі да распаўсюджвання 258 кніг (мастацкая, гістарычная, паліталагічная літаратура), а суды, МУС і КДБ унеслі ў спіс так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў больш за 9 тысяч аб’ектаў (сайты, старонкі ў сацсетках, друкаваныя выданні).
З 2019 па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове ў Беларусі скарацілася з 1271 да 893, а агульны тыраж упаў амаль на 700 000 экзэмпляраў.
У 2022 годзе створаны Савет па гістарычнай палітыцы і прыняты рэпрэсіўны закон «Аб генацыдзе беларускага народа» для крымінальнага пераследу за нязгоду з дзяржаўнымі міфамі. Больш за 50 гісторыкаў звольнены або выгнаны з краіны. У 2024–2025 гадах Масква і Мінск узгаднілі ўкараненне адзіных падручнікаў па гісторыі «Саюзнай дзяржавы» на 2026–2027 гады, дзе перыяд Рэчы Паспалітай названы «цяжкім выпрабаваннем», а перыяд Расійскай імперыі — «эпохай міру і мадэрнізацыі». Беларуская Народная Рэспубліка – першая беларуская нацыянальная дэмакратычная дзяржава, якая ўзнікла ў 1918 годзе, выкідваецца з гістарычнага наратыву.
У 2023–2025 гадах па ўсёй краіне дэмантаваны помнікі і знакі ў гонар нацыянальных герояў: Тадэвуша Касцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Ларысы Геніюш. Замест беларускіх герояў у Мінску і іншых гарадах узводзяцца помнікі дзеячам расійскай гісторыі (напрыклад, 11-метровы манумент Аляксандру Неўскаму).
З 2023 года ўведзена жорсткая палітычная сертыфікацыя гідаў. За выкарыстанне беларускай мовы і «няправільныя» гістарычныя ацэнкі гідаў арыштоўваюць проста падчас экскурсій. З інфраструктуры гарадоў цалкам прыбрана беларуская лацінка. На транспарце (напрыклад, у Гродне, Маладзечне) адмяняюцца аўдыяаб’явы на беларускай мове. На сённяшні дзень толькі 1,4% нарматыўных актаў у краіне публікуюцца на беларускай мове.
У 1994 годзе 58% першакласнікаў Мінска вучыліся на беларускай мове; да 1999 года іх колькасць скарацілася да 5,3%. У 2023 году толькі 10% школьнікаў навучаліся на роднай мове, пераважна ў сельскіх школах, якія закрываюцца. Беларускамоўныя гімназіі ў рэгіёнах прымусова пераводзяцца на рускую мову.
Беларуская мова разглядалася як мова апазіцыі. А цяпер гэта мова, якая ўспрымаецца Лукашэнкам як элемент супраціву супраць яго ўлады. Многія беларусы не выкарыстоўваюць публічна беларускую мову, бо баяцца рэпрэсій і пераследу. Нават у маю бытнасць міністрам культуры я быў адзіным членам урада, які публічна выкарыстоўваў беларускую мову ў грамадскай камунікацыі. Сам Лукашэнка казаў, што беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасці, ён пастаянна ўжывае рускую мову і лічыць, што гэта наша родная мова.
Лукашэнка мне калісьці сам-насам сказаў (хоць я ўспрымаю гэта як ілжывы тэзіс), што ён бы таксама загаварыў па-беларуску, але тады Пуцін будзе прадаваць яму нафту значна даражэй. То-бок ён гатовы прадаць беларускую культуру, беларускую мову, гісторыю за эканамічныя інтарэсы, за куплю нафты і газу. У гэтым сутнасць гэтага прасавецкага і прарасійскага палітыка.
Захад доўгі час успрымаў сітуацыю ў Беларусі выключна як лакальны крызіс правоў чалавека. Гэта небяспечная памылка. Сёння культура і ідэнтычнасць — гэта лінія фронту. Без маштабнай, сістэмнай і рашучай падтрымкі беларускай культуры Еўрапейскі саюз у самым бліжэйшым будучыні атрымае непасрэдна каля сваіх граніц альбо афіцыйны новы рэгіён Расійскай Федэрацыі, альбо краіну з цалкам замененым расійскім менталітэтам — глыбока агрэсіўным, мілітарызаваным і варожым у адносінах да Еўропы. Знішчэнне беларускай культуры ператварае 9-мільённае еўрапейскае грамадства ў безаблічны мабілізацыйны і ідэалагічны рэсурс для ваенных авантур Крамля.
Нацыя можа выжыць без дзяржаўных граніц, але не можа выжыць без моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі мы будзем удзяляць культуры дастаткова ўвагі, гэта дапаможа нам не гаварыць пра новыя ваенныя базы ў будучыні. Сацыялагічныя даныя даследавання нацыянальнай ідэнтычнасці, праведзенага для Фонду Эберта, паказваюць, што менавіта нацыянальна арыентаваныя беларусы ў найбольшай ступені падтрымліваюць ідэю еўрапейскай інтэграцыі і еўрапейскага выбару Беларусі, у адрозненне ад прасавецкіх і русіфікаваных.
Рэкамендацыі і план дзеянняў для дэмакратычнай Еўропы.

Дадзеныя прапановы аб’ядноўваюць прапановы ад Прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні, Беларускай Рады культуры, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Палітычнае прызнанне этнацыду і санкцыі: Прыняць рэзалюцыі на ўзроўні ПАРЕ і Еўрапарламента, якія афіцыйна кваліфікуюць дзеянні Расіі і рэжыму Лукашэнкі як гібрыдную акупацыю і паўзучы этнацыд беларускага народа. Увесці санкцыі супраць чыноўнікаў, сілавікоў і прапагандыстаў, адказных за пераслед мовы і культуры, а таксама расійскіх фондаў, якія іх фінансуюць. Русіфікацыя выкарыстоўваецца як інструмент кантролю, а знішчэнне нацыянальнай культуры — як спосаб аслаблення грамадства. Менавіта таму падтрымка беларускай культуры — гэта пытанне свабоды, суверэнітэту і еўрапейскай бяспекі.
Стварэнне Еўрапейскага фонду беларускай культуры: Разгарнуць маштабныя праграмы інстытуцыйнай і фінансавай падтрымкі незалежных беларускіх культурных устаноў і ініцыятыў, адукацыйных праектаў як унутры краіны, так і ў эміграцыі. Стварыць 2-3-гадовую падпраграму для беларусаў у межах праграмы «Крэатыўная Еўропа». Падтрымаць ініцыятывы па інтэграцыі незалежнай беларускай культуры ў еўрапейскі кантэкст, а таксама пашырыць яе прадстаўніцтва на еўрапейскіх платформах. Інвестыцыі ў культуру сёння — гэта інвестыцыі ў дэмакратыю, стабільнасць і бяспеку Еўропы заўтра.
Абарона лічбавай і гістарычнай спадчыны: Выдзеліць мэтавыя гранты на алічбоўку беларускіх архіваў, кніг, развіццё беларускамоўнага IT-сектара і падтрымку праектаў, якія вяшчаюць унутр краіны для дэканструкцыі наратываў «Рускага свету». Размежаваць падтрымку беларусаў і апазіцыйных расіян («добрых рускіх»). Падтрымаць ініцыятывы, накіраваныя на аб’яднанне дзеячаў з краін, якія адчуваюць спробы расійскага ўплыву (Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Казахстан).
Не дапусціць новай «жалезнай заслоны» паміж Беларуссю і Еўропай. Сёння беларускія мастакі, музыканты, пісьменнікі і даследчыкі працягваюць будаваць масты паміж Беларуссю і Еўропай. Але гэтыя масты становяцца ўсё больш крохкімі. Абмежаванні на перамяшчэнне, цяжкасці з візамі, праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў і доступам да прафесійных магчымасцей рызыкуюць стварыць новую «жалезную заслону» — не паміж рэжымамі — дэмакартычнымі і аўтарытарнымі, а паміж людзьмі. Трэба захаваць і пашырыць магчымасці для мабільнасці беларусаў. Еўропа павінна заставацца адкрытай для беларускага грамадства, нават калі Беларусь пакуль застаецца закрытай для Еўропы.



Comments