top of page

Лукашэнка апынуўся пад велізарным ціскам Пуціна, бо сам паставіў Беларусь у татальную залежнасць ад Расіі

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

«Патрэбны нацыянальны дыялог з выкарыстаннем інструмента круглага стала для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі», — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ.

Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што для дасягнення сапраўдных, а не касметычных палітычных зменаў у нашай краіне, мы прапануем стратэгію, якая складаецца з двух кірункаў:

  • Злучаныя Штаты, задзейнічаючы свае інструменты санкцыйнага ціску на рэжым, а таксама нестандартныя метады дыпламатыі, маюць дастаткова сіл і рэсурсаў, каб дабіцца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі.

  • Еўрапейскі саюз і іншыя дэмакратычныя краіны мы просім паслядоўна выкарыстоўваць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных сістэмных зменаў у Беларусі.

«Лукашэнка знаходзіцца пад велізарным ціскам Пуціна. Гэта яго віна і адказнасць, бо менавіта ён паставіў Беларусь у такую залежнасць ад Расіі. З іншага боку, Украіна вельмі выразна акрэсліла яму: калі ён уцягне Беларусь у вайну, гэта прывядзе да сур’ёзных наступстваў.

Менавіта круглы стол можа стаць рэальным выхадам, што дазволіць гарантаваць бяспеку Украіны, вярнуць беларускаму народу права самастойна вызначаць сваю будучыню і стварыць перадумовы для больш шырокага мірнага працэсу ў рэгіёне

Мы бачым еўрапейскіх партнёраў як адзін з трох бакоў гэтага Круглага стала — разам з дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму — і як сілу, здольную заахвоціць Мінск сесці за стол перамоў праз механізмы санкцый і скаардынаванага ціску. Пры гэтым важна падкрэсліць: любыя пагадненні з рэжымам праз галаву беларускага грамадства з'яўляюцца нежыццяздольнымі, і гісторыя гэта ўжо не раз даказвала.

Наш галоўны прынцып нязменны: "Нічога пра беларусаў без беларусаў"».

Таксама падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што канвеер рэпрэсій у Беларусі не спыняецца ні на адзін дзень. У якасці прыкладу прывёў маштабныя вобшукі па ўсёй краіне ў сувязі з прызнаннем па палітычных матывах Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Асобна Павел Латушка падкрэсліў жахлівы маштаб транснацыянальных рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, які з’яўляецца беспрэцэдэнтным для Еўропы. У сувязі з гэтым дэлегат Каардынацыйнай Рады звярнуўся з просьбай да дэпутатаў краін Рады Еўропы пралабіраваць у сваіх урадах пытанне падтрымкі расследавання «беларускай сітуацыі» ў Міжнародным крымінальным судзе, каб забяспечыць усебаковае правасуддзе і не дапусціць яго фрагментацыі.


Comments


bottom of page