top of page

Павел Латушка: Без нашага ўдзелу нельга дапускаць ніякіх дамоўленасцяў. Мы суб’ектныя. Мы гэтага права дамагліся, і мы будзем гэтае права адстойваць.

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

Поўнае інтэрв’ю Паўла Латушкі для Deutsche Welle Беларусь глядзіце на відэа

«Спачатку рэжым павінен пачаць дыялог з грамадствам, з дэмакратычнымі сіламі. А ўжо потым можна гаварыць пра нейкія дамоўленасці паміж Бруселем і Мінскам», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка ў інтэрв’ю нямецкаму тэлебачанню «Deutsche Welle Беларусь» падчас візіту ў Берлін.

«Лукашэнка разумее толькі мову сілы, і ён рэагуе толькі тады, калі існуе сапраўдны ціск, які ўплывае асабіста на яго, на ягонае самалюбства і, безумоўна, на эканоміку. Тое, што ўдалося вызваліць сотні палітвязняў за апошні час, у многім — вынік таго санкцыйнага рэсурсу, які назапашваўся гадамі… Ціск сам па сабе неабходны, і ён ужо працуе. І я перакананы, што менавіта ён у першую чаргу паўплывае на вызваленне наступных груп палітвязняў».

Што датычыцца магчымых перамоваў ЕС з рэжымам Лукашэнкі, Павел Латушка адзначыў:

«Лукашэнка і раней дамаўляўся, і за гэта Еўрапейскі саюз ішоў на змякчэнне сваёй палітыкі, на адмену санкцый у абмен на пэўную лібералізацыю. Але Лукашэнка заўсёды аднабакова парушаў гэтыя дамоўленасці. Гэта адбывалася як мінімум пяць разоў за ўсю гісторыю існавання ягонага рэжыму. Давяраць яму немагчыма. Гэта чалавек, які чарговы раз падмане. Таму ў гэты працэс трэба ўключаць беларускае грамадства: грамадзянскія структуры і дэмакратычныя сілы, якія стануць гарантам таго, што гэтым разам Лукашэнку не ўдасца падмануць ЕС».

Святлана Ціханоўская і Павал Латушка на сустрэчы з камандай НАУ. Варшава, 2026. Фота: НАУ медыя
Святлана Ціханоўская і Павал Латушка на сустрэчы з камандай НАУ. Варшава, 2026. Фота: НАУ медыя

«Мы прапануем стратэгію з двух напрамкаў. З аднаго боку, мы разумеем і высока цэнім тое, што робяць ЗША. Яны дабіваюцца вызвалення людзей, ратуюць жыцці. Гэта найважнейшая задача для нас. Важна, каб ЗША працягвалі гэтую камунікацыю, вызвалялі ўсіх палітвязняў і дамагаліся спынення рэпрэсій. А Еўрапейскі саюз у адказ на інтэнцыі Лукашэнкі наконт нармалізацыі адносін павінен выставіць умовы. Спачатку рэжым павінен пачаць дыялог з грамадствам, з дэмакратычнымі сіламі. А потым ужо можна гаварыць пра нейкія дамоўленасці паміж Бруселем і Мінскам. Без нашага ўдзелу нельга дапускаць ніякіх пагадненняў. Мы суб’ектныя. Мы гэтага права дамагліся, і мы будзем яго адстойваць», — падкрэсліў Павел Латушка.

Падчас інтэрв’ю Павел Латушка таксама адзначыў важнасць таго, каб Германія і вядучыя краіны ЕС падтрымалі ідэю нацыянальнага дыялогу ў Беларусі праз інструмент «круглага стала» для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу. Ён падкрэсліў, што існуюць пазітыўныя прыклады выкарыстання такога інструмента ў Польшчы, Германіі, Чэхіі, Партугаліі і іншых краінах.

«Немагчыма проста скапіраваць сітуацыю і перанесці яе на сённяшнюю рэальнасць. Але калі такі лабіст, такая магутная дзяржава, як Германія, будзе прапаноўваць такі падыход, калі хочаце — умову — для рэжыму Лукашэнкі, то рэжыму будзе вельмі цяжка», — адзначыў Павел Латушка.


Comments


bottom of page