top of page

Павел Латушка: Маштабы транснацыянальных рэпрэсій узмацняюцца з кожным годам і сёння закранаюць амаль усіх, хто быў выгнаны з краіны

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

«Транснацыянальныя рэпрэсіі сталі сістэмным інструментам, які выкарыстоўваецца аўтарытарнымі рэжымамі для пераследу сваіх апанентаў па-за межамі краіны. Аднак рэжым Лукашэнкі давёў гэтыя практыкі да маштабу, які адпавядае вызначэнню пераследу як злачынства супраць чалавечнасці, што падпадае пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда», — адзначыў дэлегат Каардынацыйнай рады, чалец беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка падчас спецыяльнага мерапрыемства «Разуменне транснацыянальных рэпрэсій: рызыкі, мадэлі і наступствы для дэмакратычнай прасторы Еўропы і яе найбольш уразлівых дэмакратый» у межах сесіі ПАРЕ.

«У 2020 годзе, пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў, рэжым Лукашэнкі разгарнуў маштабную кампанію ўнутраных рэпрэсій. Яе мэта, сфармуляваная самім дыктатарам, заключалася ў тым, каб "ачысціць" беларускае грамадства ад усіх, каго палічаць нелаяльнымі. На працягу многіх гадоў гэтыя дзеянні заставаліся бескаранымі, што прывяло да дзясяткаў тысяч арыштаў і зняволенняў, а ў выніку — да масавых выгнанняў і далейшага экстэрытарыяльнага пераследу тых беларусаў, якіх рэжым лічыць "нелаяльнымі".

Згодна з дакладам Групы незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2025 год, з 2020 года фактычна былі дэпартаваныя да 600 тысяч чалавек.

Людзі з’язджалі з-за абгрунтаванага страху адвольнага арышту, утрымання пад вартай без справядлівага суда, катаванняў, пагроз адабрання дзяцей, а таксама абмежаванняў права на працу і доступу да адукацыі.

Прымусовае выгнанне з Беларусі не з’яўляецца канцом пакут для тых, хто пераследуецца, а, наадварот, становіцца пачаткам транснацыянальнага пераследу з боку рэжыму.

Маштабы транснацыянальных рэпрэсій узмацняюцца з кожным годам і сёння закранаюць амаль усіх, хто быў выгнаны з краіны», — адзначыў Павел Латушка.

Павел Латушка падкрэсліў, што ў 2023 годзе беларускія консульствы спынілі выдачу і прадаўжэнне пашпартоў, а таксама адмовілі ў афармленні іншых важных дакументаў, такіх як даверанасці, неабходныя для здзяйснення маёмасных здзелак. Таксама было падкрэслена, што рэжым развязаў кампанію судовага пераследу, выкарыстоўваючы завочныя судовыя працэсы супраць беларусаў за мяжой для пакарання тых, хто адкрыта выступае супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Падобныя працэдуры часта заканчваюцца драконаўскімі прысудамі тэрмінам да 20 гадоў пазбаўлення волі — толькі за ажыццяўленне фундаментальных правоў чалавека, за адкрытае супрацьстаянне злачынствам, якія ўчыняюцца рэжымам, і за праяву салідарнасці і падтрымкі тых, каго пераследуе рэжым», — адзначыў Павел Латушка.

Поўнае выступленне Паўла Латушкі падчас спецыяльнага мерапрыемства ў межах ПАРЕ даступна на афіцыйнай сайце Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Аналіз сітуацыі з транснацыянальнымі злачынствамі супраць беларусаў на YouTube-канале Паўла Латушкі.

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

Гэтае спецыяльнае мерапрыемства было арганізавана дакладчыкам ПАРЕ Канстанцінасам Эфстаціў, Групай сацыялістаў, дэмакратаў і зялёных у ПАРЕ, а таксама арганізацыяй «Платформа за мір і справядлівасць».

Канстанцінас Эфстаціў цяпер працуе над падрыхтоўкай спецыяльнага даклада, прысвечанага злачынствам транснацыянальнага характару. Паводле дамоўленасці Паўла Латушкі з Канстанцінасам Эфстаціў, значную частку дакумента плануецца прысвяціць пытанням транснацыянальных злачынстваў у дачыненні да беларусаў. У далейшым гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны для прасоўвання пытанняў прававой адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за ўчыненне гэтага віду злачынстваў.

Comments


bottom of page