Павел Латушка праінфармаваў палітычны Камітэт ПАРЕ пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду
- Pavel Latushka

- 2 days ago
- 2 min read
Дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец дэлегацыі КР у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Павел Латушка выступіў на пасяджэнні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАРЕ.
Павел Латушка адзначыў велізарны маштаб рэпрэсій у Беларусі, якія не спыняюцца, звярнуўшы ўвагу на тое, што, паводле Dissidentby, на сённяшні дзень 920 чалавек прызнаныя палітвязнямі. А паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года прынамсі 9 691 чалавек зведаў палітычна матываваны крымінальны пераслед. Як мінімум 8 394 чалавекі былі асуджаныя, у тым ліку завочна.
«Наймаштабнейшыя ў гісторыі Еўропы XXI стагоддзя рэпрэсіі ў Беларусі не проста працягваюцца — яны ўжо даўно набылі форму сістэмнага дзяржаўнага тэрору. Канвеер рэпрэсій не спыняецца ні на адзін дзень».
Павел Латушка падкрэсліў, што для дасягнення сапраўдных, а не касметычных палітычных зменаў у нашай краіне, мы прапануем стратэгію, якая складаецца з двух кірункаў:
ЗША, задзейнічаючы свае інструменты санкцыйнага ціску на рэжым, дамагаюцца вызвалення палітычных зняволеных. І тут важна дабіцца таксама спынення рэпрэсій.
Еўрапейскі саюз і іншыя дэмакратычныя краіны мы просім паслядоўна выкарыстоўваць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных сістэмных зменаў у Беларусі.
«Мы просім, каб пасыл для рэжыму з боку еўрапейскіх партнёраў быў адназначным: спачатку дыялог з беларускім грамадствам».
Асобна падчас выступу Павел Латушка праінфармаваў палітычны Камітэт ПАРЕ пра вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду.
Падчас выступу было адзначана, з якім беспрэцэдэнтным ціскам давялося сутыкнуцца пры правядзенні гэтых выбараў.
«Рэжым ствараў атмасферу страху сярод беларусаў. Усе спісы, якія ўдзельнічалі ў выбарах, былі прызнаныя экстрэмісцкімі, гэтаксама як і сама Каардынацыйная Рада прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй. Рэжым прадэманстраваў фэйкавыя затрыманні грамадзян Беларусі ўнутры краіны нібыта за ўдзел у выбарах, пад рэпрэсіі трапілі блізкія кандыдатаў на выбарах, каб змусіць іх адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Была арганізаваная маштабная кампанія па дыскрэдытацыі і дэзінфармацыі як у дачыненні да самой Каардынацыйнай Рады, так і, у прынцыпе да выбараў.
Мы сутыкнуліся з нябачанымі раней па маштабе DDoS-атакамі. Падчас выбараў на электронную платформу Каардынацыйнай Рады для галасавання было здзейснена больш за 24 мільярды запытаў, што згенеравала каля 68 тэрабайт шкоднага трафіку».
Таксама падчас выступу Павел Латушка вызначыў некалькі важных прыярытэтаў, па якіх дэлегацыя КР у ПАРЕ працягне працу:
Лабіяваць у камунікацыі з калегамі ў ПАРЕ, каб іншыя краіны далучыліся да расследавання пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда «беларускай сітуацыі».
Фокус на трансгранічных злачынствах.
Падтрымка працы Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны.
Прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у межах справы, якая ўжо расследуецца ў МУС.
Імплементацыя Люксембургскіх пагадненняў, прынятых ПАРЕ, што тычыцца практычнага вырашэння пытанняў легалізацыі беларусаў за мяжой, з улікам таго, што беларусы знаходзяцца ў выключнай сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі забараніў выдачу і падаўжэнне пашпартоў для грамадзян Беларусі, якія пражываюць за мяжой.
Падтрымка палітвязняў.
«Як дэлегацыя дэмакратычнай Беларусі ў ПАРЕ, мы нацэленыя на доўгатэрміновае і канструктыўнае супрацоўніцтва з ПАРЕ. Веру, што сумеснымі намаганнямі мы вернем Беларусь у вялікую еўрапейскую сям’ю дэмакратычных народаў».



Comments