Беларусь у ПАРЕ: чаму гэта гістарычны прарыў і пры чым тут выбары ў Каардынацыйную Раду?
- Pavel Latushka

- Apr 24
- 2 min read
Updated: Apr 25
Многія чулі абрэвіятуру ПАРЕ, у тым ліку і ў кантэксце таго, што цяпер там працуе афіцыйная дэлегацыя Каардынацыйнай Рады. Але што насамрэч стаіць за гэтымі чатырма літарамі і чаму гэта так важна для усіх нас?
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы — гэта адна з найбуйнейшых палітычных пляцовак кантынента, якая аб'ядноўвае парламентарыяў 46 дзяржаў. Гэта орган, які фармуе еўрапейскую прававую базу і прымае найважнейшыя палітычныя рэзалюцыі. Гэтыя дакументы задаюць вектар і служаць прававой асновай для рашэнняў, якія прымаюць урады еўрапейскіх краін у дачыненні да нашага рэгіёна.
Каб трапіць у ПАРЕ, Беларусь прайшла вельмі доўгі шлях.

Гэта так, бо Беларусь дзесяцігоддзямі не мела ў ПАРЕ паўнавартаснага прадстаўніцтва. У студзені 1997 года ПАРЕ пазбавіла Беларусь статусу «спецыяльна запрошанага» як краіну, што звярнула з шляху дэмакратыі. Прычынай стала тое, што ў 1996 годзе Лукашэнка правёў антыканстытуцыйны рэферэндум, з дапамогай чаго сканцэнтраваў уладу ў сваіх руках і распусціў законна абраны парламент — Вярхоўны Савет 13-га склікання.
З гэтага моманту месца нашай краіны там альбо пуставала, альбо яго беспаспяхова спрабавалі заняць прызначэнцы рэжыму. Але менавіта праз антыдэмакратычную палітыку рэжыму ім гэта не ўдавалася.
Але зараз сітуацыя змянілася карэнным чынам: ПАРЕ ўсталявала інстытуцыйныя адносіны з дэмакратычнымі сіламі — Каардынацыйнай Радай. Цяпер у Страсбургу слухаюць не хлусню чыноўнікаў рэжыму Лукашэнкі, а рэальны голас грамадства. Мы — першая краіна, якая, не будучы сябрам арганізацыі, мае там сваю афіцыйную дэлегацыю Каардынацыйнай Рады, якая прадстаўляе грамадства, а не дыктатуру.
Як гэта стала магчымым?

Ключавы фактар — ВЫБАРЫ. Каардынацыйная Рада 3-га склікання стала першай у гісторыі, сфармаванай праз прамое галасаванне беларусаў і беларусак. Менавіта гэты дэмакратычны мандат стаў вырашальным аргументам для міжнароднага прызнання. Без выбараў такога ўзроўню прадстаўніцтва ў ПАРЕ было б немагчыма дасягнуць і гэтага прызнання проста не адбылося б.
І зараз, як чальцы беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ, мы маем магчымасць працаваць унутры камісій, удзельнічаць у дэбатах і падрыхтоўцы дакументаў і рашэнняў па Беларусі разам з еўрапейскімі калегамі.
Мы паспяхова пралабіявалі ўключэнне вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў рэзалюцыі па стварэнні Спецтрыбунала за агрэсію супраць Украіны.
Мы выкарыстоўваем гэтую трыбуну для канкрэтных спраў: ад пытанняў адказнасці да вырашэння пытанняў легалізацыі беларусаў за мяжой і абароны правоў палітвязняў.
Гэта не проста статус у міжнародным пратаколе. Гэта рэальны інструмент міжнароднага ўплыву, які мы вярнулі беларускаму народу.



Comments