Павел Латушка: Суверэнітэт Беларусі не з’яўляецца прадметам гандлю паміж Лукашэнкам і Масквой
- Pavel Latushka

- 4 days ago
- 2 min read

«Калі беларусы самі вызначаць свой лёс, Крэмль губляе псеўдаправавыя падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, створаныя пры падтрымцы дыктатара Лукашэнкі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, каментуючы прынятую заяву Кабінета адносна агрэсіўных намераў Расійскай Федэрацыі па ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі.
«Суверэнітэт Беларусі не з’яўляецца прадметам гандлю паміж Лукашэнкам і Масквой, якая з'яўляецца галоўнай крыніцай пагрозы нашаму суверэнітэту. Лёс Беларусі павінны вызначаць беларусы. Расія сёння — гэта не "гарант", а галоўная пагроза нашай незалежнасці. Заявы СЗР і МЗС РФ пра выкарыстанне "ўсіх сродкаў", уключаючы нават пагрозы ядзернай зброяй, для ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі з’яўляюцца непрымальнымі і недапушчальнымі. Але віна за гэтую сітуацыю ляжыць на Лукашэнку: дзеля захавання ўлады ён падпісаў здрадлівыя дамовы, якія даюць Крамлю фармальную "зачэпку" для ядзернага шантажу і ўводу войскаў.
У сваёй заяве мы звяртаемся да трох асноўных адрасатаў:
Беларускае грамадства. Мы павінны цвяроза разумець: пагроза страты дзяржаўнасці стаіць вельмі востра. І яна зыходзіць не з Захаду, а з Усходу.
Міжнародная супольнасць. Мы фіксуем акт агрэсіўнай палітыкі Расіі, каб нашы партнёры разумелі: любыя патэнцыйныя крокі Крамля па "стабілізацыі" сітуацыі ў Беларусі з’яўляюцца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы нашай краіны.
Функцыянальныя беларускія ўлады. Тыя людзі ў сістэме, якія яшчэ захоўваюць рэшткі дзяржаўнага мыслення. Мы паказваем ім: Лукашэнка вядзе нашую краіну да страты дзяржаўнасці, а іх саміх — да статусу калабарантаў у расійскай губерні, і адзіны спосаб гэтага пазбегнуць — нацыянальны дыялог праз выкарыстанне інструменту круглага стала.
Ідэю круглага стала, паводле дадзеных закрытых даследаванняў, яшчэ на пачатку нашай камунікацыі падтрымлівала 44% беларусаў. Сёння, калі тэма становіцца больш папулярнай у інфапрасторы, гэтая лічба дакладна будзе расці. Беларусы хочуць мірнага выхаду з крызісу.
Мае сэнс разглядаць цяперашнія заявы СЗР і Захаравай як у тым ліку і ўскосную рэакцыю на нашу ідэю. Для ўсходняга суседа недапушчальна, каб беларусы дамовіліся з беларусамі. Бо калі беларусы самі вызначаць свой лёс, Крэмль губляе псеўдаправавыя падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, створаныя пры падтрымцы дыктатара Лукашэнкі. Дамова аб "гарантыях бяспекі", якую падпісаў Лукашэнка, не будзе працаваць у выпадку ўнутранага палітычнага пагаднення. Круглы стол — гэта не проста "размова", а па сутнасці эфектыўная тэхналогія абароны нашага суверэнітэту.
Пагадненне ўнутры беларускага грамадства фактычна дае значна менш падстаў Расіі для узброенай інтэрвенцыі на тэрыторыі Беларусі, магчымасць якой была замацавана ў дамове аб так званых "гарантыях бяспекі» Беларусі і Расіі», — заявіў Павел Латушка.










Comments