Прадастаўленне тэрыторыі Беларусі для ваеннай агрэсіі Расіі — наўмысны і ўсвядомлены крок рэжыму
- Artsiom Brukhan

- Aug 8
- 2 min read
Updated: Aug 10

«Менавіта ўварванне расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі зрабіла магчымымі баі пад Кіевам, маштабныя злачынствы супраць цывільнага насельніцтва ў Бучы, Ірпені, Гастомелі і іншых населеных пунктах Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай і Жытомірскай абласцей», — адзначыў намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснана упраўлення Арцём Брухан падчас спецыяльнага мерапрыемства ў межах Канферэнцыі «Новая Беларусь» «Роля Беларусі ў агрэсіі супраць Украіны: прыцягненне вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі да адказнасці», арганізаванага НАУ і Прадстаўніцтвам Кабінета па транзіце ўлады.
У межах мерапрыемства адбылася прэзентацыя «Фактычныя абставіны: дакументаванне ролі Беларусі ў агрэсіі», у якой прынялі ўдзел Арцём Брухан, выканаўчы дырэктар iSANS Уладзімір Кобец, прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгарь, кіраўніца Праграмы міжнароднай бяспекі Польскага інстытута міжнародных спраў Ганна Марыя Дынэр, аналітык Rochan Consulting Конрад Скарупа.
«У святле стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны асабліва важным з’яўляецца ўсебаковае дакументаванне інфармацыі, якое дазволіць даць аб’ектыўную прававую ацэнку дзеянням асоб, адказных за гэтае злачынства».
Падчас выступу Арцём Брухан распавёў пра працу, якую НАУ вядзе ў кірунку дакументавання інфармацыі аб здзяйсненні рэжымам Лукашэнкі акту агрэсіі, распавёў метадалогію працы, структуру задакументаванай інфармацыі, а таксама храналогію падзей і дзеянняў кіраўніцтва Беларусі, якія абумовілі агрэсію супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.
«У аснове дакументавання ляжыць метадалогія расследаванняў па адкрытых крыніцах, адаптаваная да міжнародных стандартаў збору і захавання лічбавых доказаў, якія прымяняюцца ў міжнародным крымінальным правасуддзі.
Кожны эпізод афармляецца як асобнае дасье, якое ўключае зыходны матэрыял, яго захаваныя копіі ў незалежных фарматах і пратакол дакументавання. У пратаколе фіксуюцца звесткі, якія дазваляюць пацвердзіць паходжанне і спосаб атрымання інфармацыі.

Падчас прэзентацыі было адначана, што асобная ўвага надаецца такім крыніцам, як:
нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца Расіяй і Беларуссю, у тым ліку ў межах Саюзнай дзяржавы;
афіцыйныя заявы вышэйшага палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Беларусі і Расіі;
публічныя заявы вайскоўцаў;
незалежныя камерцыйныя геапрасторавыя здымкі.
«Мэтай дакументавання з’яўляецца не толькі фіксацыя фактаў, але і ўстанаўленне прычынна-выніковай сувязі паміж задакументаванымі абставінамі і канкрэтнымі службовымі асобаміі».
Асобна была прэзентавана структура задакументаванай інфармацыі. Адпаведныя дасье можна падзяліць на 7 катэгорый.

Таксама Арцём Брухан прадставіў храналогію агрэсіі Беларусі супраць Украіны:
«Факты, якія мы маем і задакументавалі, сёння даюць падставы меркаваць, што адпраўным пунктам у планаванні акта агрэсіі Беларусі супраць Украіны стала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна 29 снежня 2021 года. Падчас яе Лукашэнка ўпершыню і нечакана агучыў як асабістую прапанову правядзенне вучэнняў, якія пазней атрымалі назву «Саюзная рашучасць — 2022» і фактычна завяршыліся ўварваннем расійскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. У. Пуцін пры гэтым прадставіў гэтыя вучэнні як ужо ўзгодненыя і назваў тэрміны іх правядзення — люты–сакавік 2022 года.
Наступнай зафіксаванай падзеяй стала 18 студзеня 2022 года, калі Міністэрства абароны Беларусі ўпершыню афіцыйна абвясціла пра праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы і паведаміла, што яна пройдзе ў два этапы: да 9 лютага — перакідка войскаў і стварэнне групоўкі; 10–20 лютага — сумеснае вучэнне "Саюзная рашучасць — 2022". Былі названыя асноўныя палігоны і аэрадромы.
Я ж хацеў бы канстатаваць, што храналогія дзеянняў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі, зафіксаваная інфармацыя і заявы не пакідаюць ніякіх сумненняў у наўмысным і ўсвядомленым характары дзеянняў кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі па прадастаўленні тэрыторыі Беларусі для агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны».


Comments