top of page

Прадстаўнікі Германіі і Францыі пацвердзілі неабходнасць ціску на рэжым Лукашэнкі

Павел Латушка з Абрагамам Кнутам, членам Бундэстага, старшынём групы «За дэмакратычную Беларусь». Фота: НАУ-медыя
Павел Латушка з Абрагамам Кнутам, членам Бундэстага, старшынём групы «За дэмакратычную Беларусь». Фота: НАУ-медыя

Кіраўнік групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу прытрымліваецца пазіцыі аб неабходнасці працягу санкцыйнага і палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай дамагчыся зменаў у яго ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы — гэта было адзначана падчас сустрэчы дэлегата Каардынацыйнай Рады, чальца беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Паўла Латушкі з кіраўніком дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАРЕ Кнутам Абрахамам падчас зімовай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

Дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка ў складзе дэлегацыі дэмакратычных сіл, якая прадстаўлена шасцю членамі КР, бярэ ўдзел у зімовай сесіі ПАРЕ, якая праходзіць з 26 па 30 студзеня ў Страсбурге.

Падчас сесіі Павел Латушка правёў сустрэчу з кіраўніком дэлегацыі Бундэстага Германіі ў ПАРЕ, кіраўніком групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу Кнутам Абрахамам.

Прадстаўнік нямецкага парламента, які адначасова з'яўляецца кіраўніком групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу, запэўніў, што яго пазіцыя застаецца нязменнай: яна палягае ў неабходнасці працягу санкцыйнага і палітычнага ціску на рэжым Лукашэнкі з мэтай дамагчыся зменаў у яго ўнутранай рэпрэсіўнай палітыцы. Нямецкі дэпутат адзначыў, што за сваю гісторыю рэжым ужо не раз карыстаўся перамовамі з Еўрапейскім саюзам, ішоў на нязначныя змены, а пасля вяртаўся да ранейшай практыкі рэпрэсій.

Кнут Абрахам пагадзіўся з падыходам аб неабходнасці дамагацца пачатку дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Падчас сустрэчы была дасягнута дамоўленасць аб далейшай працы па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў. Таксама абмеркаваны магчымасці пашырэння супрацоўніцтва Каардынацыйнай Рады і групы за дэмакратычную Беларусь у Бундэстагу.

Павел Латушка праінфармаваў прадстаўніка Германіі пра будучыя выбары ў Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца ў маі 2026 года. Кнут Абрахам адзначыў унікальнасць сітуацыі, калі дэмакратычныя сілы Беларусі маюць свой прадстаўнічы орган — Каардынацыйную Раду, дэлегацыя якой можа працаваць у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і падкрэсліў важнасць яго захавання.

Павел Латушка з Яго Правасхадзіцельствам спадаром Папам Ндзіаем, паслом, пастаянным прадстаўніком Францыі пры Радзе Еўропы. Фота: НАУ-медыя
Павел Латушка з Яго Правасхадзіцельствам спадаром Папам Ндзіаем, паслом, пастаянным прадстаўніком Францыі пры Радзе Еўропы. Фота: НАУ-медыя

Таксама Павел Латушка правёў сустрэчу з пастаянным прадстаўніком Францыі ў Радзе Еўропы Папам Ндыяе. Прадстаўнік Францыі падкрэсліў, што яго краіна прытрымліваецца падыходу сістэмнай і паслядоўнай падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі. Ён таксама адзначыў важнасць таго, што Каардынацыйная Рада мае сваю дэлегацыю ў ПАРЕ.

Падчас сустрэчы Пап Ндыяе запэўніў, што Францыя будзе падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, і падкрэсліў неабходнасць надаваць больш увагі сітуацыі ў краіне ў межах Рады Еўропы.

Павел Латушка падзякаваў Францыі за яе лідарства ў пытаннях правоў чалавека і захавання прынцыпаў міжнароднага права, а таксама перадаў суразмоўцу інфармацыю пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Бакі абмеркавалі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў.

Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што Аб’яднаны Пераходны Кабінет звяртаецца да Францыі і іншых еўрапейскіх партнёраў з заклікам выкарыстоўваць увесь патэнцыял санкцыйнага механізму ціску на рэжым Лукашэнкі, каб змусіць яго пайсці на рэальныя, а не касметычныя змены ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і пачатак дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, як гэта прапісана ў заключэнні Радзе ЕС ад лютага 2024 года.

Павел Латушка разам з іншымі чальцамі дэлегацыі дэмакратычных сіл Беларусі ў ПАРЕ таксама ўзяў удзел у сустрэчах з дэлегацыямі парламентаў Харватыі і Францыі.


Comments


bottom of page