Прапановы аб увядзенні новых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі накіраваны ў Кіеў
- Admin of the NAM

- Feb 26
- 2 min read

24 лютага 2026 года, у гадавіну пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў зварот Упаўнаважанаму Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславу Уласюку з комплекснымі прапановамі па ўзмацненні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.
У звароце Павел Латушка выказаў падзяку кіраўніцтву Украіны і асабіста Прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму за ўвядзенне персанальных санкцый у дачыненні да дыктатара Лукашэнкі. «Гэта важны палітычны сігнал рэжыму і знак падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі», — адзначыў палітык.
Народным антыкрызісным упраўленнем прапанаваны канкрэтныя крокі як па ўдасканаленні існуючых абмежаванняў, так і па далейшым узмацненні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі.
У прыватнасці, прапануецца пашырыць практыку прымянення сертыфікатаў вытворцаў для прадухілення абыходу абмежаванняў; узмацніць кантроль і абмежаванні на перамяшчэнне праз Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў схемах «ілжывага транзіту»; увесці блакіруючыя санкцыі супраць банкаў, падключаных да сістэмы «СПФС» Банка Расіі.
Таксама прапанавана пашырыць санкцыі на пастаўкі з Беларусі ўсіх відаў угнаенняў і звадкаванага газу, іншых значных экспартных тавараў (рапсавы алей, торф); увесці абмежаванні ў дачыненні да канкрэтных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, якія яшчэ не ахоплены санкцыямі.

Асобна прапануецца пашырыць персанальныя санкцыі, у тым ліку ў дачыненні да атачэння Лукашэнкі і кіраўніцтва прадпрыемстваў; прапагандыстаў; суддзяў і службовых асобаў, датычных да агрэсіі, а таксама да рэпрэсій і пераследу за салідарнасць з Украінай.
У звароце адзначана, што структуры так званай Саюзнай дзяржавы садзейнічаюць агрэсіі Расіі супраць Украіны, незаконнаму перамяшчэнню ўкраінскіх дзяцей і іх далейшай ідэалагічнай апрацоўцы, а таксама падрыву суверэнітэту Беларусі, што можа знайсці адлюстраванне ў санкцыйнай палітыцы Украіны і яе саюзнікаў у дэмакратычных краінах.
Да звароту прыкладзена серыя аналітычных і факталагічных матэрыялаў з канкрэтнымі пералікамі прадпрыемстваў, устаноў і фізічных асобаў, у дачыненні да якіх прапануецца ўвядзенне санкцый як Украінай, так і яе саюзнікамі.
Як адзначыў Павел Латушка:
«Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і НАУ пацвярджаюць гатоўнасць да далейшага экспертнага ўзаемадзеяння з украінскім бокам для выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў па ўзмацненні ціску на рэжым Лукашэнкі і сумеснага лабіявання новых санкцыйных рашэнняў супраць рэжыму як з боку ЕС, так і іншых дэмакратычных краін».



Comments