top of page

Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: facebook.com/zelenskyy.official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: facebook.com/zelenskyy.official

18 лютага 2026 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні персанальных санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Раней санкцыі супраць Лукашэнкі ўжо ўвялі Еўрапейскі саюз, ЗША, Японія, Канада, Швейцарыя і Новая Зеландыя

Як адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка: «Санкцыі Украіны асабіста супраць Лукашэнкі — гэта важны палітычны сігнал рэжыму, а таксама знак падтрымкі дзейнасці дэмакратычных сіл па дасягненні дэмакратычных змен у Беларусі. Украіна ў чарговы раз пацвярджае, што гэты чалавек не з’яўляецца законным і легітымным прэзідэнтам Беларусі. Таксама ўкраінскі бок прызнае яго ролю ў злачынствах, учыненых ім асабіста і прадстаўнікамі яго рэжыму, у тым ліку ў злачынствах агрэсіі, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці».

Таксама Павел Латушка падкрэсліў, што Украіна афіцыйна пацвярджае датычнасць службовых асоб рэжыму Лукашэнкі і самога дыктатара да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. НАУ раней ужо перадала дзве адпаведныя камунікацыі з вялікім аб’ёмам доказаў у Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда.

«Мы таксама сабралі і перадалі з дапамогай нашых літоўскіх партнёраў матэрыялы для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, а цяпер абагульняем адпаведныя матэрыялы, якія даказваюць удзел рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны для спецтрыбунала, які ствараецца», — адзначыў Павел Латушка.

Акрамя таго, украінскі бок указвае яшчэ на некалькі фактараў, якія абгрунтоўваюць санкцыі супраць дыктатара. Сярод іх — удзел больш як 3 000 беларускіх прадпрыемстваў у кааперацыі з расійскім ваенна-прамысловым комплексам. Асобна адзначаецца разгортванне ў другой палове 2025 года інфраструктуры для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі, якая выкарыстоўваецца для каардынацыі атак па тэрыторыі Украіны. Кіеў указвае і на пастаўкі праз Беларусь заходніх кампанентаў, іншага абсталявання, якія могуць выкарыстоўвацца ў ваенных мэтах у абыход санкцыйных абмежаванняў.

Яшчэ 9 верасня 2024 года Павел Латушка накіраваў адпаведны зварот саветніку — упаўнаважанаму прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславу Уласюку з прапановай падтрымаць гарманізацыю гандлёвых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі.

Як сёння заявіў Павел Латушка: «Уладзіслаў Уласюк публічна выказаўся за ідэю збліжэння санкцыйных падыходаў да двух рэжымаў. Акрамя гэтага, у ліку прапанаваных намі ўкраінскаму боку мер можна назваць узмацненне транзітных абмежаванняў і пашырэнне гандлёвых санкцый.

Мы будзем ініцыяваць і ўносіць на разгляд украінскаму боку прапановы па ўвядзенні дадатковых санкцыйных абмежаванняў на рэжым Лукашэнкі, а таксама зацікаўлены ва ўзаемадзеянні для лабіравання адпаведных санкцыйных рашэнняў у межах ЕС».

«Што да размяшчэння ў Беларусі ракет сярэдняй дальнасці «Арэшнік», то мы, як і ўкраінскі бок, лічым, што такія дзеянні павышаюць пагрозы рэгіянальнай бяспецы і робяць з Беларусі мішэнь для магчымага адказнага ўдару», — адзначыў беларускі палітык.

«Мы зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з афіцыйным Кіевам у пытанні дасягнення адказнасці Лукашэнкі за ваеннае злачынства — незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, у пытанні адказнасці Лукашэнкі за ўчыненне акту агрэсіі супраць Украіны, а таксама разлічваем на падтрымку нашых намаганняў па дасягненні адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў межах Міжнароднага крымінальнага суда, улічваючы, што Украіна ўжо з'яўляецца членам МКС», — падсумаваў Павел Латушка.

Comments


bottom of page