top of page

Рэжым Лукашэнкі жадае толькі працягваць і ўзмацняць рэпрэсіі

Павел Латушка з намеснікам дырэктара Дэпартамента глабальнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Польшчы Адамам Кшывасондзкім. Варшава, Польшча, 2025. Фота: НАУ-медыя
Павел Латушка з намеснікам дырэктара Дэпартамента глабальнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Польшчы Адамам Кшывасондзкім. Варшава, Польшча, 2025. Фота: НАУ-медыя

«Рэжым у Беларусі цалкам не мае палітычнай волі мяняць рэпрэсіўную палітыку», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас сустрэчы з намеснікам дырэктара Дэпартамента глабальнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Польшчы Адамам Кшывасондзкім.

«Прадстаўлены 3 лістапада ў Жэневе трэці ўніверсальны перыядычны агляд у рамках Рады ААН па правах чалавека, які датычыцца сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і адсутнасць рэакцыі з боку рэжыма Лукашэнкі на больш як 220 міжнародных рэкамендацый па зменах палітыкі ў галіне правоў чалавека, а таксама выхад з шэрагу міжнародных дагавораў у сферы правоў чалавека, сведчаць пра жаданне рэжыму толькі працягваць і ўзмацняць рэпрэсіі», — падкрэсліў Павел Латушка.

Павел Латушка падчас сустрэч асаблівую ўвагу надаў пытанням экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы. 

Асобна былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння з Польшчай у рамках Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ.

Падчас сустрэчы адбыўся прадметны аналіз і прадстаўленне пазіцый аб магчымым выкарыстанні міжнародна-прававых інструментаў адказнасці за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і транснацыянальныя злачынствы ў адносінах беларусаў за мяжой.

Асобна Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб праактыўным пераследзе з боку рэжыму дзеячаў беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой.

Прадстаўнік МЗС Польшчы адзначыў, што Польшча будзе падтрымліваць беларускае грамадства ў пытаннях абароны і аднаўлення правоў чалавека і будзе садзейнічаць збору доказаў супрацьпраўных дзеянняў, учыненых у дачыненні да беларусаў.

«Факт таго, што Польшча з'яўляецца адным з вядучых саюзнікаў дэмакратычных сіл Беларусі ў праваабарончых пытаннях - важны сігнал падтрымкі ў нашай працы па выкарыстанні міжнародных механізмаў і інструментаў дасягнення справядлівасці для ахвяр беспрэцэдэнтных рэпрэсій, учыненых рэжымам Лукашэнкі, як у Беларусі, так і за мяжой», — падкрэсліў Павел Латушка.


Comments


bottom of page