top of page

Супраць фармальнага падыходу — за справядлівасць правасуддзя


Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч расказаў аб актыўнай дзейнасці арганізацыі за апошнія 5 месяцаў у сферы ўніверсальнай юрысдыкцыі. Даклад прагучаў на профільнай канферэнцыі «Механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах Еўропы», арганізаванай Народным Антыкрызісным Упраўленнем у Варшаве.


За няпоўныя паўгода эксперты НАУ:


Вывучылі прававыя сістэмы 12 краін з пункту гледжання прэцэдэнтаў і практыкі прымянення механізмаў універсальнай юрысдыкцыі, уключаючы Польшчу, Літву, Эстонію, ЗША, Вялікабрытанію і Нарвегію. Эксперты НАУ арганізавалі 5 круглых сталоў і правялі вялікую колькасць афіцыйных і прыватных сустрэч з палітыкамі, юрыстамі і праваабаронцамі Еўропы.


У названых краінах спецыялісты НАУ адабралі каля 200 заявак, якія найбольш падыходзяць для апрацоўкі — канкрэтных гісторый, дзе ўжо можна вызначыць абвінавачаную асобу або падставы прад'явіць прэтэнзіі кіраўнікам папраўчых устаноў. Па выніках другаснага адбору, паўсотні інтэрв'ю з пацярпелымі, юрыстамі і псіхолагамі спецыялісты НАУ выбралі 5 найбольш перспектыўных кейсаў для ўзбуджэння крымінальных спраў у рамках УЮ:


Літва. Краіна лаяльная ідэі пакараць Лукашэнку і яго асяроддзе за здзейсненыя злачынствы — там гатовыя прымаць заяўкі ад пацярпелых, незалежна ад месцазнаходжання (што важна). У той жа час генпракуратура, здаецца, дрэнна знаёмая з пазіцыяй урада сваёй краіны па Беларусі, а частка праваабаронцаў і адвакатаў адмаўляюцца працаваць па такіх справах (асабістыя сувязі/інтарэсы ў краіне, асцярогі за бяспеку блізкіх і г.д.)


Польшча. Шэраг кейсаў «вядуць» дзве буйныя адвакацкія фірмы. З плюсаў: у ліку пацярпелых у 2020-м годзе — грамадзяне Польшчы (закрануты інтарэсы краіны). З мінусаў: ёсць адмовы па неправавых прычынах.


«Непераадольныя» бюракратычныя прычыны становяцца нагодай для адмоваў і ў Чэхіі, нягледзячы на актыўнасць мясцовай беларускай дыяспары і немалую колькасць заявак. Павел Латушка на сустрэчы з міністрам юстыцыі краіны востра ўзнімаў пытанне фармальнага падыходу да спраў ахвяр дыктатуры Лукашэнкі. Будзем дабівацца прагрэсу ў гэтым напрамку.


Швейцарыя. У ліку пацярпелых у Мінску ў 2020-м годзе — грамадзянка краіны. Генпракуратура лаяльная да працы з падобнымі справамі, на баку пацярпелай буйная праваабарончая арганізацыя. На жаль, заяву аб узбуджэнні справы ў рамках УЮ можна падаць не раней за канец года, могуць узнікнуць праблемы і з патрабаванымі дакументамі ад «праваахоўнай сістэмы» Беларусі. І ўсё ж швейцарскі кейс — у ліку самых перспектыўных.


Калі вы пацярпелі ад гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі і пражываеце на тэрыторыі Нарвегіі ці любой іншай краіны — звяжыцесь з намі праз чат-бот НАУ: @nau_by_bot


* каманда НАУ выказвае падзяку беларусам дыяспар і партнёрам за дапамогу ў арганізацыі сустрэч і далейшай працы.

bottom of page