top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Сейм Латвіі заклікае прыцягваць да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі

    Учора, 21 снежня 2023 года, Сейм Латвіі прыняў заяву, якая асуджае свядомы, незаконны і сістэматычны вываз дзяцей з Украіны ў Расію і Беларусь. Гэтая заява дэманструе пазіцыю Рыгі ў пытанні незаконных дзеянняў Лукашэнкі і ягоных памагатых у незаконным перамяшчэнні, індактрынацыі і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей. На пасяджэнні 21 снежня 2023 года Сейм Латвіі, «з акцэнтам на тое, што незаконны, прымусовы вываз Расіяй і Беларуссю ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь у парушэнне міжнароднага гуманітарнага права з'яўляецца злачынствам вайны і генацыду, накіраваным на знішчэнне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, рашуча асуджае незаконнае, гвалтоўнае перамяшчэнне Расіяй і Беларуссю ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь». Разам з тым Сейм Латвіі падтрымлівае расследаванне, пачатае Міжнародным крымінальным судом з мэтай выяўлення і судовага пераследу асоб, якія ўчынілі ваенныя злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Украіны. Камандай НАУ былі перададзеныя матэрыялы аб дачыненні рэжыму Лукашэнкі да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у адрас афіцыйных уладаў еўрапейскіх краін, у тым ліку і Латвіі. Камандай НАУ былі падрыхтаваныя матэрыялы пра дачыненне рэжыму Лукашэнкі да ваеннага злачынства ў выглядзе незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. На базе сабраных матэрыялаў камандай НАУ была падрыхтавана камунікацыя з дзвюх частак паводле артыкула 15 Рымскага статута «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь», якую 27 чэрвеня і 7 лістапада 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало ў Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная камунікацыя ўяўляе сабой збор доказаў і прававы аналіз незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь у перыяд з верасня 2022 года па май 2023 года. НАУ працягне працу па зборы доказаў здзяйснення рэжымам Лукашэнкі ваеннага злачынства па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.

  • Рабства XXI стагоддзя

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол У беларускіх турмах палітычных зняволеных не толькі катуюць. Паміж катаваннямі і змяшчэннем у карцар фактычна рабская праца зняволеных выкарыстоўваецца на шматлікіх прадпрыемствах на базе калоній і турмаў. Дэпартамент выканання пакаранняў рэжыму Лукашэнкі выкарыстоўвае працу зняволеных амаль у 30 папраўчых калоніях па ўсёй краіне для вырабу велізарнага асартыменту тавараў, сярод іх: дрэваапрацоўка, мэбля з дрэва і метала, запчасткі для заводаў, вырабы з метала, ваенная форма, скрыні для боепрыпасаў і іншыя вырабы для ваенна-прамысловага комплексу і многае іншае. Свае тавары яны прапануюць для экспарту, прадаюць у інтэрнэт-крамах, у крамах і на старонках у сацыяльных сетках. Таксама да рэалізацыі турэмнай прадукцыі прыцягнутыя шматлікія дылеры і пасярэднікі з ліку як дзяржаўных прадпрыемстваў, так і прыватных кампаній. Даходы ад т. зв. беларускага турэмна-прамысловага канвеера велізарныя, бо рабская праца зняволеных з'яўляецца практычна бясплатнай для рэжыму. І гэтыя даходы паступаюць для фінансавання як утрымання ўлады Лукашэнкі, так і для фінансавання ажыццяўлення саміх рэпрэсій. Пры гэтым турэмная эканоміка максімальна закрытая: сайт Дэпартамента выканання пакаранняў не абнаўляецца з 2020 года. І закрылі гэтую інфармацыю па асабістым распараджэнні Лукашэнкі. Знешнеэканамічная дзейнасць Дэпартамента таксама цяпер старанна хаваецца. У 2019 годзе ДВП паведамляў аб супрацоўніцтве з кампаніямі з больш чым 20 краін свету. У апошнія часы для рэалізацыі прадукцыі, вырабленай вязнямі ў калоніях, прыцягваюцца шматлікія пасярэднікі. Тавар перамаркіроўваюць і хаваюць паходжанне. І ўжо немагчыма вызначыць, што стол, стул, шафа або клюшка зробленыя зняволенымі. Санкцыі павінны быць уведзеныя магутным пакетам на ўсе групы тавараў, аналагі якіх вырабляюць зняволеныя на прадпрыемствах Дэпартамента выканання пакаранняў. А гэта больш за тысячу найменаванняў тавараў, якія ўваходзяць у дзясятак таварных груп. І гэта будзе пакараннем за парушэнні правоў чалавека, за незаконнае асуджэнне па палітычных матывах і ўтрыманне ў няволі тысяч невінаватых беларусаў. І менавіта гэта стане асновай для патрабавання аб вызваленні ўсіх палітвязняў.

  • Магчымасць быць гатовымі да перамен

    Юрась Губарэвіч: Адказны па пытаннях рэгіянальнага развіцця Адказны ў НАУ за рэгіянальнае развіццё Юрый Губарэвіч у эфіры канала «Белсат News». Кадравы рэзерв — праграма падрыхтоўкі адміністратараў на розныя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. І гэта не толькі пра цэнтральны апарат, розныя міністэрствы і ведамствы, але і рэгіянальнае кіраванне. Таму што калі ў Беларусі адбудуцца змены, будуць патрэбныя новыя людзі, якія не запятнаныя ў тых злачынствах, якія зараз робіць рэжым Лукашэнкі: якія не звальнялі падначаленых за палітычныя погляды, не арганізоўвалі фальсіфікацыю на выбарах. Але ў некаторых сферах будзе патрэбная татальная замена. І гэтых людзей неабходна будзе аднекуль браць і, пажадана, каб гэтыя людзі былі падрыхтаванымі, каб яны разумелі, як працуе дзяржаўная сістэма, як прымаюцца рашэнні, як кіраваць калектывамі. Выбудавана цэлая сістэма падрыхтоўкі. Але перадусім важна знайсці ініцыятыўных людзей, якія бачаць сябе ў гэтай сістэме, якія хацелі б прыйсці на дзяржаўныя пасады, быць часткай пераменаў, ажыццяўляць дзяржаўную палітыку. Новую і дэмакратычную палітыку. Кадравы рэзерв дапамагае Беларусі і беларусам. Гэта ўнёсак у будучыню і магчымасць для дэмакратычных сіл Беларусі прыйсці да перамен у краіне падрыхтаванымі.

  • Рэжымных спартоўцаў
не прызнаюць

    179 спартсменаў Лукашэнкі афіляваныя з вайсковымі або сілавымі структурамі Прадстаўніцтвам Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па пытаннях транзіту ўлады і камандай НАУ ў адрас міжнародных партнёраў, у тым ліку ў МЗС Францыі і МЗС Германіі перададзены спіс 179 спартсменаў рэжыму Лукашэнкі, якія з'яўляюцца вайскоўцамі Узброеных сіл альбо супрацоўнікамі МУС. У ходзе праведзенай у Парыжы сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і прадстаўнікоў каманды НАУ з Паслом па спорце МЗС Францыі Самюэлем Дзюкракетам адбылося абмеркаванне падыходаў па правядзенні верыфікацыі заяўленых рэжымам Лукашэнкі спартсменаў для патэнцыйнага ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў Парыжы ў 2024 годзе. Прадстаўнік Францыі адзначыў гатоўнасць цалкам прытрымлівацца дзеючых крытэрыяў Міжнароднага алімпійскага камітэта, згодна з якімі сярод іншага не дапускаецца магчымасць удзелу ў Алімпійскіх гульнях спартсменаў, афіляваных з сілавымі або ваеннымі структурамі Беларусі. Сярод спартоўцаў, заяўленых рэжымам для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, значацца Ванэса Каладзінская (вольная барацьба) і Анастасія Шкурдай (плаванне). Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення праінфармавала Міжнародны алімпійскі камітэт, UWW (Аб'яднаны свет барацьбы — профільная Міжнародная федэрацыя грэка-рымскай барацьбы, вольнай барацьбы і жаночай барацьбы) і краіну правядзення Алімпійскіх гульняў-2024 аб афіляванасці Ванэсы Каладзінскай з МУС рэжыму Лукашэнкі. Адпаведныя дакументы для праверкі факту аб афіляванасці былі накіраваны НАУ таксама ў адрас МАК у дачыненні да Анастасіі Шкурдай — плыўчыхі, якая падчас удзелу ў папярэдніх Алімпійскіх гульнях была афіляваная з Узброенымі сіламі. 19 снежня Лукашэнка падпісаў «указ» аб прысуджэнні прэміі «Беларускі спартыўны Алімп», якую сярод іншых атрымала і В. Каладзінская. Ва «ўказе» адзначаецца прыналежнасць спартсменкі да Міністэрства ўнутраных спраў рэжыму Лукашэнкі. Апублікаваны «ўказ» Лукашэнкі пацвярджае дадзеныя каманды НАУ ў дачыненні да Ванэсы Каладзінскай. На нашу думку, у адпаведнасці з прынятымі крытэрыямі допуску спартсменаў з беларускім пашпартам удзел у Алімпійскіх гульнях В. Каладзінскай, а таксама іншых спартсменаў, афіляваных з сілавымі або ваеннымі органамі, немагчыма. Удзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе змогуць прыняць індывідуальныя спартсмены з беларускім пашпартам, якія адпавядаюць крытэрам МАК. Не маюць права быць заяўленымі ці ўдзельнічаць у спаборніцтвах спартсмены, якія актыўна падтрымліваюць вайну, афіляваныя з сілавымі або ваеннымі органамі. Таксама на гульні ў Парыжы не атрымаюць запрашэнне чыноўнікі і члены ўрада. Каманда НАУ працягне працоўнае ўзаемадзеянне з МЗС Францыі па пытаннях верыфікацыі спартсменаў у дачыненні да магчымасці ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

  • Рада ЕС прыняла прапановы НАУ

    18 снежня 2023 года Рада Еўрапейскага саюза зацвердзіла 12-ы пакет санкцый супраць Расіі. Сярод асоб, якія патрапілі пад санкцыі, 12 чыноўнікаў і ваенных рэжыму Лукашэнкі, 10 з якіх разам з адпаведным абгрунтаваннем былі прапанаваныя камандай НАУ для ўнясення ў санкцыйныйныя спісы. Сярод унесеных у санкцыйныя спісы: першы намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Алег Мішчанка; намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Аляксандр Рахманаў; першы намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Павел Муравейка; начальнік Дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка; старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў; намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Сяргей Лагадзюк; намеснік старшыні Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі Вячаслаў Расалай. Поўны спіс асоб, у дачыненні да якіх былі ўведзены санкцыі, размешчаны па спасылцы. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне вітае ўвядзенне персанальных абмежавальных захадаў, аднак адзначае важнасць гарманізацыі эканамічных санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі і Расіі. Каманда НАУ працягне працу як па прыцягненні вінаватых да адказнасці, так і па пытаннях пашырэння санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі.

  • НАУ давяло да ўдзельнікаў Асамблеі МКС у Нью-Ёрку інфармацыю пра жахлівыя злачынствы Лукашэнкі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол На мінулым тыдні ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку завяршылася 22-ая Асамблея дзяржаў-удзельніц Рымскага Статута — адна з ключавых падзей на працягу года ў працы Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта мерапрыемства мае вырашальнае значэнне для грамадзянскай супольнасці і экспертаў, якія займаюцца барацьбой з беспакаранасцю за здзяйсненне найбольш сур'ёзных міжнародных злачынстваў, паколькі ў ходзе Асамблеі яны атрымліваюць магчымасць назіраць за ўзаемадзеяннем паміж дзяржавамі і Судом, а таксама даносіць сваю пазіцыю і прыцягваць увагу да найбольш сур'ёзных сітуацый здзяйснення такіх злачынстваў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне зрабіла ўсё магчымае, каб сёлета да ўдзельнікаў Асамблеі МКС была даведзеная інфармацыя аб жахлівых злачынствах, якія штодня здзяйсняе Лукашэнка і вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва ягонага рэжыму. Вынікі дадзенай працы выявяцца ўжо ў хуткім часе. Адначасова неабходна прызнаць, што для дасягнення максімальнага выніку патрабуецца значна больш намаганняў і аб'яднанне ўсіх сіл беларускай грамадзянскай супольнасці. Сёння існуе праблема дэфіцыту ўвагі да сітуацыі ў Беларусі і міжнародных злачынстваў, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі нашай краіны. Увага ключавых гульцоў у галіне міжнароднага крымінальнага правасуддзя ў цяперашні час у значнай ступені сфакусавана на кантэкстах, якія адбываюцца па ўсім свеце, далёка за межамі Еўрапейскага кантынента. Гэта і палестына-ізраільская вайна, узброеныя канфлікты на афрыканскім кантыненце, сітуацыя ў М'янме і інш. На жаль, нават у рамках вайны Расіі супраць Украіны дагэтуль многія прадстаўнікі міжнароднай супольнасці не ведаюць ці не ўсведамляюць ролю рэжыму Лукашэнкі як у развязванні гэтай вайны, так і ва ўчыненні далейшых злачынстваў. На гэтым фоне сітуацыя са злачынствамі, якія штодня здзяйсняюцца супраць беларускага грамадзянскага насельніцтва, мае тэндэнцыю выпадаць з поля зроку міжнароднай экспертнай супольнасці і палісімейкераў. Што неабходна рабіць? Бягучае развіццё падзей патрабуе ад усёй беларускай грамадзянскай супольнасці максімальнай мабілізацыі і аб'яднання намаганняў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да зверстваў, якія адбываюцца ў нашай краіне: злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва ў Беларусі, ваенных злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей. Рэалізацыяй гэтай задачы на штодзённай аснове займаецца НАУ. Таксама патрабуецца выпрацоўка больш сістэмнага падыходу ў зборы фактаў злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў Беларусі. Дэмакратычнай Беларусі неабходна пастаянная прысутнасць у кааліцыі арганізацый, якія адстойваюць ідэалы міжнароднага крымінальнага правасуддзя і стымуляванне працы Міжнароднага крымінальнага суда, у прыватнасці па тэме адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, якія ён працягвае здзяйсняць. Важна памятаць, што адсутнасць Беларусі сярод удзельнікаў Рымскага Статута не азначае, што механізм Міжнароднага крымінальнага суда з'яўляецца недаступным для правасуддзя ў дачыненні да злачынстваў Лукашэнкі. У сваіх злачынствах беларускі дыктатар і прадстаўнікі ягонага рэжыму выйшлі далёка за межы Беларусі. Сёння наяўнасць юрысдыкцыі Суда ў дачыненні да шэрагу злачынстваў дадзеных асоб ужо не выклікае сумненняў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прыкладзе ўсе намаганні, каб спрыяць вырашэнню гэтых задач. Беларускае грамадства можа і павінна быць прадстаўлена ў супольнасці дзяржаў і арганізацый, якія прасоўваюць правасуддзе праз Міжнародны крымінальны суд.

  • Лукашэнка і сыны

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Не так даўно ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах прайшла сустрэча кіраўніка найбагацейшай сям'і ў свеце шэйха Мухамада ібн Заіда Аль Нахаяна і дыктатара Лукашэнкі — кіраўніка самай багатай сям'і з Беларусі. Галоўнай крыніцай багацця Лукашэнкі з'яўляецца ўлада. З дапамогай нічым неабмежаванай улады, якую дыктатар незаконна захапіў, яму ўдаецца здабываць велізарныя даходы, якія не сніліся многім паспяховым бізнэсоўцам як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Лукашэнка стварыў велізарную асабістую бізнэс-імперыю пад назвай «кіраўніцтва справамі прэзідэнта». Фармальна дзяржаўная арганізацыя працуе на забеспячэнне патрэб толькі аднаго чалавека. Гэта самая сапраўдная дзяржава ў дзяржаве, якая бесперашкодна падмінае пад сябе нацыянальны здабытак ўсёй краіны і самыя прыбытковыя бізнэсы. Другі спосаб узбагачэння — раздача розных прывілеяў свайму асяродку. Лукашэнка сваімі ўказамі, як правіла закрытага тыпу, выдзяляе бясплатна зямлю ў доўгатэрміновую арэнду або нават уласнасць, вызваляе ад падаткаў і іншых плацяжоў у бюджэт, а таксама прадастаўляе шматлікія іншыя прэферэнцыі. Гэтым ён стварае неканкурэнтныя перавагі для «выбраных» і набліжаных асабіста да яго. Гэтыя перавагі дазваляюць здабываць т. зв. інвестарам каласальныя прыбыткі, якія пазней выцякаюць за мяжу і асядаюць на сакрэтных рахунках сям'і і найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Бізнэс Лукашэнкі не абмяжоўваецца толькі Беларуссю, дзе ягоныя «гаманцы» вядуць свае справы, ёсць у яго і эканамічныя інтарэсы па-за межамі краіны. Рознага кшталту гандлёвыя дамы і фірмы-пракладкі прадаюць прадукцыю беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, а большую частку маржы, вядома, перадаюць сям'і Лукашэнкі і частку прыбіраюць да сваіх рук. Прыкладам такой вось пракладкі можа служыць фірма AFTRADE, зарэгістраваная ў ААЭ і звязаная з Аляксандрам Зінгманам і Віктарам Шэйманам. Такіх фірмаў дзясяткі ў краінах Азіі і Афрыкі. Яны гандлююць зброяй, угнаеннямі, нафтапрадуктамі, здабываюць алмазы і золата. І ўсё гэта кантралюе Лукашэнка, яго сыны, а таксама людзі з самага блізкага кола дыктатара. І за доўгія 30 гадоў кіравання Лукашэнкі гэтая бізнэс-імперыя істотна разраслася. І фактычна стала фінансава-прамысловым закрытым акцыянерным таварыствам «Лукашэнка і сыны». Сямейству клептакратаў ніколі не будзе цікава лічыць скрадзеныя ў беларусаў галасы, затое яны з вялікім задавальненнем палічаць скрадзеныя ў беларусаў грошы. Таму не чакайце ад Лукашэнкі пабудовы сацыяльнай дзяржавы, такой яна будзе толькі для яго самога і ягонага найбліжэйшага атачэння. Нам патрэбная дзяржава з правамі для ўсіх, а не з прывілеямі для дыктатара, які ўявіў сябе гаспадаром усяе Беларусі.

  • Лукашэнка — пагроза для ўсяго рэгіёну

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Фінансавы сектар — найважнейшая частка беларускай эканомікі. У сістэме дзяржаўнага кіравання ён адыгрывае асаблівую ролю, а санкцыі ў дачыненні да фінансавага сектара аказваюць істотны ўплыў на функцыянаванне ўсёй эканамічнай сістэмы. Але ці з'яўляюцца сёння дастатковымі ўведзеныя санкцыйныя меры? Банкаўская сфера з'яўляецца адным з ключавых элементаў фінансавага сектара. Пад санкцыямі ЕС, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных дзяржаў свету сёння знаходзяцца найбуйнейшыя па памерах актываў банкі Беларусі, а таксама Нацыянальны банк і Міністэрства фінансаў. Шэраг вядучых фінансавых інстытутаў (ЕБРР, Сусветны банк, ЕІБ) замарозілі супрацоўніцтва з беларускім дзяржсектарам. Былі зачыненыя многія міжнародныя фінансавыя рынкі для новага размяшчэння беларускіх каштоўных папер. Шэраг санкцый закранулі непасрэдна банкаўскі сектар Беларусі. Напрыклад, асобныя беларускія банкі былі адключаныя ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і здзяйснення плацяжоў — SWIFT. Разам з тым былі згорнутыя праграмы фінансавання і крэдытныя лініі міжнародных фінансавых інстытутаў. Тым не менш увядзенне санкцый было расцягнута ў часе, таму фінансавая сістэма Беларусі шмат у чым адаптавалася да абмежавальных мер. У сувязі з гэтым сёння актуалізуецца пытанне аптымізацыі санкцыйнага ціску. Эфектыўнай мерай, накіраванай на барацьбу з ухіленнем ад абмежаванняў, можа стаць больш актыўнае прымяненне другасных санкцый у дачыненні да парушальнікаў ужо прынятых мер. Каб зрабіць перспектыву траплення ў санкцыйныя спісы больш рэалістычнай для патэнцыйных і існуючых удзельнікаў ухілення, еўрапейскія і, перш за ўсё, амерыканскія партнёры павінны выкарыстоўваць свой інструмент другасных санкцый і правесці дэманстратыўнае прымяненне супраць арганізацый, якія аказваюць падтрымку ўдзельнікам санкцыйных спісаў. Гэта адзін з інструментаў павышэння эфектыўнасці санкцыйнага ціску. Як яшчэ можна забяспечыць эфектыўнасць санкцый у банкаўскай сферы? Мы бачым як мінімум чатыры важныя інструменты: Замарозка актываў Нацбанка Беларусі ў ЗША. Блакаванне карэспандэнцкіх рахункаў беларускіх банкаў у ЕС, ЗША і іншых дэмакратычных дзяржавах. Забарона на ўвоз даляравых банкнот на тэрыторыю Беларусі. Пошук і замарожванне актываў фізічных асоб і кампаній, якія трапілі пад санкцыі. Рэжым Лукашэнкі працягвае не толькі парушаць правы беларусаў, але сёння з'яўляецца і пагрозай для ўсяго рэгіёну. Масавыя сістэматычныя атакі на грамадзянскую супольнасць у Беларусі, здзяйсненне ваеннага злачынства, злачынствы супраць чалавечнасці і многае іншае — падстава для ўзмацнення жорсткасці санкцый супраць рэжыму. І эфектыўныя санкцыі з'яўляюцца адным з інструментаў для прадухілення такіх дзеянняў. Таму сёння асабліва важна эфектыўна выкарыстоўваць усе рычагі ціску на рэжым.

  • Як за шакаладку Інбелкульт 2 у Беларусі адкрыўся

    Павел Латушка пра адкрыццё Інбелкульта падчас працы міністрам культуры. Памятаю, калі прыйшоў на пасаду міністра культуры, адно з першых працоўных пытанняў было звязана з дзейнасцю Інстытута праблем культуры ў структуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: ці выконвае ён сваю функцыю ў поўнай ступені. Тэму мы разглядалі разам з адным з намеснікаў. Аднойчы ён прыйшоў да мяне з прапановай аб тым, што варта вылучыць Інстытут праблем культуры ў асобны навукова-метадычны інстытут, які будзе займацца ўсёй сферай культуры. І калі мы ўсё ж такі дамагліся вылучэння асобных сродкаў, узнікла пытанне аб тым, як назваць будучы навукова-метадычны цэнтр. Тады ў мяне і ўзнікла ідэя назваць яго Інстытутам беларускай культуры. Падумаў, чаму б нам не даць яму скарочаную назву — Інбелкульт. Інбелкульт — вышэйшая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова, першая ў гісторыі Беларусі. Была заснавана ў 1922 годзе ў Мінску, а ў 1928 годзе ператворана ў Беларускую акадэмію навук. Першым кіраўніком установы стаў Сцяпан Некрашэвіч, а пазней яе узначаліў знаны грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі Усевалад Ігнатоўскі. Установа зрабіла значны ўнёсак у развіццё беларускай навукі і культуры, фактычна даўшы старт нацыянальнай навуковай дзейнасці. За што яе супрацоўнікі і кіраўніцтва ў свой час сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Для мяне было вельмі важна пабудаваць інстытуцыю, якая можа зрабіць унёсак у адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, беларускай нацыі, бо для краіны вельмі важна будаваць нацыянальны тэатр, нацыянальную музычную культуру, адукацыю і навуку ў галіне культуры. Таму што культура — гэта адзін з падмуркаў любой нацыі. Тады мой намеснік распавёў мне, што ёсць праблема ў Мінгарвыканкаме: яны не хочуць рэгістраваць пад назвай Інбелкульт. На гэта я адказаў: купляйце шакаладку і вырашайце пытанне ў аддзеле рэгістрацыі Мінгарвыканкама. І намеснік паехаў. У выніку ўстанова была зарэгістравана менавіта пад назвай Інбелкульт. У будынку старога Інбелкульта ў Мінску на вуліцы Рэвалюцыйнай сёння месціцца амбасада Швецыі. Памятаю, як калісьці казаў трохі са шкадаваннем пра гэта паслу Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану — дарэчы, паслу, які шануе беларускую культуру і ў жыцці карыстаецца беларускай мовай. Я з вялікай павагай адношуся да Швецыі, але з гледзішча нацыянальных інтарэсаў там, канешне ж, павінен быў аднавіцца Інбелкульт. На жаль, адкрыты калісьці «за шакаладку» Інбелкульт сёння фактычна не існуе. Але ў будучай Новай Беларусі абавязкова яшчэ з’явіцца структура, якая будзе займацца нацыянальным адраджэннем і развіццём беларускай нацыянальнай культуры як самастойнай дзяржавы, а не расійскай губерніі. І гэты час неўзабаве наступіць.

  • Пазіцыя Паўла Латушкі і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення адносна сітуацыі ў Каардынацыйнай радзе

    У сувязі з ініцыяванай шэрагам членаў Каардынацыйнай рады петыцыяй з патрабаваннем распусціць другі склад Каардынацыйнай рады Беларусі «ў сувязі з крызісам рэпутацыі» лічым важным пазначыць сваю прынцыповую пазіцыю па дадзеным пытанні. Мы лічым, што прычына крызісу ў КР другога складу была закладзена яшчэ на этапе яго рэфармавання праз працэдуру дэлегавання. Мы выступаем за прамыя выбары ў Каардынацыйную раду без квот для дэлегавання і ўскладнення выбарчай працэдуры ў выглядзе трох галасоў у выбаршчыкаў. Прамыя выбары з'яўляюцца найбольш дэмакратычным падыходам у фарміраванні трэцяга складу Каардынацыйнай Рады. Лічым неабходным ажыццявіць арганізацыйную і тэхнічную падрыхтоўку да выбараў у самыя кароткія тэрміны. Мы выступаем за тое, каб рашэнне аб выбарах у КР было прынята аргкамітэтам, які складаецца з розных актараў дэмакратычных сіл Беларусі. Мяркуем важным, каб рашэнне аргкамітэта было зацверджана Святланай Ціханоўскай. Мы лічым, што захаванне Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл Беларусі і павышэнне эфектыўнасці працы дадзенага інстытута з'яўляецца адной з прыярытэтных задач для ўсяго дэмакратычнага руху. Мы працягваем паслядоўна настойваць на правядзенні прамых выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады і заклікаем партнёраў па дэмакратычным руху падтрымаць гэты падыход. 16 снежня 2023 года

  • Навагодняе свята для дзяцей беларускіх палітвязняў адбылося ў Музеі Вольнай Беларусі

    Аўтар фота- Генадзь Верацінскі 16 снежня Народным антыкрызісным ўпраўленнем і Музеем Вольнай Беларусі была арганізавана дабрачынная калядная імпрэза для сямей беларускіх палітзняволеных. Маленькіх беларусаў і іх бацькоў чакаў спектакль «Угу! Калядныя навіны лесу» ад тэатральнай трупы «ДзеЯ Другая», салодкі стол з прысмакамі  і падарункі. Звярнуўшыся да маленькіх удзельнікаў імпрэзы, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка нагадаў ім, што «яны павінны ганарыцца сваімі бацькамі і ганарыцца тым, што яны беларусы. А  дарослыя зробяць усё, каб збылася наша агульная мара -  Беларусь стала вольнай краінай». Павел Латушка таксама выказаў падзяку Генеральнаму Прадстаўніцтву Фландрыі ў Польшы і Балтыйскіх краінах, якое суфінансавала мерапрыемства, і асабіста яе кіраўніку Томашу Кастрэлу, а таксама падзякваў Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі» - за садзейнічанне ў арганізацыі імпрэзы.

  • Лукашэнку ў Гаагу. За ўкраінскіх дзяцей

    Арыгінал артыкула: dw.com Нядаўна амерыканцы апублікавалі справаздачу аб выкраданні ўкраінскіх дзяцей і вывазе іх у Беларусь. Павел Латушка паведамляе DW, што беларускія эміграцыйныя цэнтры ўжо падалі другі пакет камунікацыі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе Спадар амбасадар, што вядома пра дзяцей, выкрадзеных з Украіны і вывезеных у Беларусь? Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ўжо паўгода збірае інфармацыю аб супрацоўніцтве рэжыму Лукашэнкі з Расіяй у гэтай галіне. Паводле нашых звестак, дзеці былі дастаўленыя ў Беларусь прыкладна з 20 акупаваных украінскіх гарадоў і населеных пунктаў у групах ад некалькіх дзясяткаў да 350 дзяцей. Гэта таксама пацвярджаецца Ельскім універсітэтам ЗША. 16 лістапада гуманітарная даследчая лабараторыя Школы грамадскай аховы здароўя ўніверсітэта апублікавала справаздачу, у якой гаворыцца, што амаль 2 500 дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Беларусь з акупаваных тэрыторый — Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей. Гэтая лістападаўская справаздача з'яўляецца працягам лютаўскага дакладу аб вывазе ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Расіі, іх усынаўленні і ўдачарэнні, пасля чаго быў выдадзены ордэр на арышт Марыі Львовай-Бяловай і Уладзіміра Пуціна. Гэта пашырэнне да беларускага элемента, які пацвярджае ўдзел у гэтым рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя дзеці перавозіліся праз тэрыторыю Расіі? Інакш няма магчымасці? Наколькі нам вядома, іх перавозілі на цягніках праз Растоў-на-Доне ў Мінск і адтуль у розныя беларускія лагеры. Па дадзеных ЗША, у Беларусі 13 такіх месцаў. Мы ведаем пра шэсць. Ці не маглі б вы назваць які-небудзь з іх? Найбольш важным з'яўляецца лагер «Дубрава» ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці — база адпачынку кампаніі «Беларуськалій» з Салігорска, буйнога вытворцы калійных угнаенняў. Кіраўніком кампаніі з'яўляецца сенатар Іван Галаваты, хросны бацька малодшага сына Лукашэнкі Мікалая. Паводле справаздачы з Ельскага ўніверсітэта, больш за дзве тысячы дзяцей былі дэпартаваны з Украіны ў «Дубраву». У якім узросце? Ад 6 да 17 гадоў. Што з імі адбылося, калі яны ўжо апынуліся ў Беларусі? Яны падвяргаліся перавыхаванню і індактрынацыі ў духу «рускага свету». Гэтым займаліся прапагандысты рэжыму Лукашэнкі, якія дапамагалі такім арганізацыям, як праўрадавы Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і расійскі мотаклуб «Начныя ваўкі». Як гэта выглядала? Напрыклад, перад дзецьмі ў «Дубраве» выступалі беларускія знакамітасці, сёстры Груздзевы, спявачкі. І яны пажадалі дзецям: «Каб мы жылі ў міры. А Байдэн, каб ён памёр. І Зяленскі таксама. І каб Пуціну было добра». У Ельскай справаздачы таксама гаворыцца, што былі выяўленыя шэсць груп украінскіх дзяцей, якія прайшлі ваенную падрыхтоўку ў Беларусі. Прынамсі, некалькі дзясяткаў выкрадзеных дзяцей былі сіротамі, вывезеныя з украінскіх дзіцячых дамоў. Нам удалося высветліць іх асобы. На думку нашых юрыстаў, усе гэтыя факты дастатковыя для таго, каб разглядаць гэтыя дзеянні як ваенныя злачынствы. І што з гэтага вынікае? У адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе мы ўжо двойчы, 27 чэрвеня і 7 лістапада, паведамлялі ў МКС аб гэтых злачынствах. У офісе пракурора мы прадставілі доказы, якія пацвярджаюць як дэпартацыю тысяч украінскіх дзяцей з акупаваных раёнаў Украіны ў Беларусь, так і ўсынаўленне ўкраінскіх сірот, якія пасля былі адпраўленыя з Беларусі ў Расію. Мы таксама перадалі гэтыя матэрыялы ўкраінскаму боку, а менавіта Генеральнаму пракурору Украіны, які вядзе крымінальную справу ў сувязі з незаконнай дэпартацыяй украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Што вы хочаце дасягнуць, падаючы скаргі ў Суд у Гаазе? Па-першае, спыніць злачынныя дзеянні супраць украінскіх дзяцей. Па-другое, зрабіць так, каб яны змаглі вярнуцца ў сваю краіну. І наша трэцяя мэта — выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі як саўдзельніка Расіі ў гэтых ваенных злачынствах. Толькі Лукашэнкі? І яшчэ чатырох чалавек. Перш за ўсё, вышэйзгаданага сенатара Івана Галаватага, дырэктара кампаніі «Беларуськалій». Далей ідзе Дзмітрый Мезенцаў, былы пасол Расіі ў Беларусі і цяпер дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Наступным чалавекам, якога мы хочам адправіць у Гаагу, з'яўляецца расіянка Вольга Волкава, кіраўнік Фонду Дэльфінаў. Фонд працуе на акупаваных тэрыторыях Украіны, займаецца пошукам дзяцей і адпраўкай іх у Беларусь. Таксама прасілі пераследаваць паралімпійца Аляксея Талая, кіраўніка фонду ягонага імя, які быў асабіста звязаны з Лукашэнкам, ад якога ён атрымліваў розныя ўзнагароды. Нядаўна Пуцін таксама ўзнагародзіў яго ордэнам дружбы. Талай неаднаразова публічна пацвярджаў, што адказвае за рэлакацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. А на сайце праўлення ёсць відэа, у якім Талай кажа маленькаму хлопчыку з Марыупаля: «Ты калі-небудзь будзеш жыць у вялікай Расіі ад Брэста да Уладзівастока». Талай, які з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, кажа пра Расію «ад Брэста да Уладзівастока»! Ідэя русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусі — гэта беларуская ініцыятыва Лукашэнкі ці даручэнне Пуціна? Амерыканскія эксперты кажуць, што Лукашэнка павінен быў дамовіцца аб гэтых дзеяннях з Пуціным. Наша інфармацыя таксама пацвярджае гэта. У адказ на нашы першыя доказы, якое мы адправілі ў Суд у Гаазе 27 чэрвеня, Лукашэнка заявіў, што патэлефанаваў Пуціну і дамовіўся з ім пра тое, каб прывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь. Але мы ведаем, што ўкраінскія дзеці былі ў Беларусі яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны паміж Расіяй і Лукашэнкам супраць Украіны. Напрыклад, яны ўжо былі ў лагеры «Зубраня» ў Мінскай вобласці ў 2021 годзе. Мы таксама ведаем, што некаторыя з дзяцей, якіх вывезлі ў той час, былі перавезены ў Расію і там падвергнуты працэдуры ўсынаўлення.

bottom of page