top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Наша праца па пашырэнні ціску на рэжым Лукашэнкі дае вынікі

    Павел Латушка. Фота: НАУ-медыя Сёння ЕС прыняў 20-ы пакет санкцый супраць Расіі, які таксама тычыцца ролі рэжыму Лукашэнкі ў забеспячэнні агрэсіўнай вайны Крамля супраць Украіны. Ён уключае прадпрыемствы, звязаныя з беларускім ваенна-прамысловым комплексам і рэжымам Лукашэнкі. Упершыню мішэнню становіцца кітайская дзяржаўная арганізацыя праз яе ролю ў вытворчасці беларускіх ваенных тавараў. Цяпер санкцыі могуць закранаць асоб з трэціх краін (не з Беларусі і не з ЕС), калі яны дапамагаюць пастаўляць забароненыя тавары ў Беларусь. У прыватнасці, пад санкцыі патрапіла ТАА «Волат-Санцзян», яго кітайскі заснавальнік, а таксама ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія». «Волат-Санцзян» — беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства, створанае пры ўдзеле Мінскага завода колавых цягачоў. Яно вырабляе колавыя шасі для ваеннай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сістэмы залпавага агню. ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» з’яўляецца вядучым беларускім экспарцёрам нафты і належыць некалькім найбуйнейшым нафтаздабыўным і нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам Рэспублікі Беларусь, уключаючы «Беларуснафту» і «Нафтан». Акрамя таго, пакет уключае меры, аналагічныя накладзеным на Расію, у прыватнасці, новыя гандлёвыя абмежаванні, абмежаванні па крыптавалюце і на прадастаўленне паслуг кібербяспекі ды турыстычных паслуг. Гарманізацыя працягваецца. Таксама былі ўзмоцненыя патрабаванні да адсочвання алмазаў, што абавязвае імпарцёраў апрацаваных алмазаў прадаставіць заяву аб належнай абачлівасці, якая пацвярджае, што алмазы не здабываліся, не апрацоўваліся і не вырабляліся ў Расіі. Беларусь, як вядома, была перавалачным пунктам для расійскіх алмазаў. Яшчэ 20 лістапада 2023 года НАУ паведамляла пра пагрозу абыходу санкцый, што ўводзяцца супраць алмазнай прамысловасці Расіі праз Беларусь, і перадавала гэтыя даныя ў Еўракамісію. Таксама матэрыял па гэтым пытанні выйшаў 23 лістапада 2023 года ў буйным еўрапейскім выданні European Interest Media. Таксама забаронены любыя аперацыі з «беларускім лічбавым рублём», запуск якога Нацбанк Беларусі планаваў на другую палову 2026 года. ЕС фактычна блакуе гэтую сістэму яшчэ да яе паўнавартаснага запуску, пазбаўляючы рэжым магчымасці выкарыстоўваць яе для абыходу санкцый. А мы папярэджвалі рэжым. Упершыню ў гісторыі ЕС актывуе свой інструмент барацьбы з абыходам, забараняючы экспарт любых камп’ютараў з лікавым праграмным кіраваннем і радыёстанцый у Кыргызстан, дзе існуе высокая рызыка таго, што гэтыя прадукты будуць рээкспартаваныя ў Расію. Усе гэтыя меры будуць дапоўнены ўзмоцненай забаронай на транзіт праз тэрыторыю Расіі. Таксама пашыраны пералік тавараў, забароненых да транзіту праз Беларусь. Нарэшце, ЕС уводзіць квоту на імпарт аміяку. Прапановы НАУ і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па санкцыях супраць трэціх краін, гандлёвых квотах і абмежаваннях на транзіт пастаянна прапаноўвалі прыняць яшчэ ў 2023–2025 гадах. ЕС яшчэ нядаўна адмаўляўся прымаць такія радыкальныя меры, але цяпер для Еўрасаюза гэта ўжо рэальнасць. «Нашы намаганні далі вынік. 20-ы пакет санкцый ЕС — гэта ў тым ліку рэалізацыя сістэмных прапаноў НАУ і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Упершыню пад удар патрапілі не толькі прадпрыемствы рэжыму, але і міжнародныя схемы ўхілення. Мы працягваем закрываць „беларускі афшор“ для расійскіх алмазаў і тэхналогій. Гэта якасны пераход ад кропкавага ціску да стратэгіі „поўнага акружэння“», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі былі прадоўжаны Саветам ЕС да 28 лютага 2027 года.

  • Важна інвеставаць значна большы рэсурс у супрацьвагу «рускаму свету» менавіта ў беларускае грамадства

    Фота: НАУ-медыя «Мы разумеем стратэгію ЕС і краін-суседак Беларусі: Польшчы, Літвы, Латвіі, якія інвестуюць значныя фінансавыя сродкі ў будаўніцтва абарончых збудаванняў на мяжы. Адначасова яны павялічваюць выдаткі на абароназдольнасць. Разам з тым, я перакананы, што неабходна двухпланавая стратэгія. Важна інвеставаць значна большы рэсурс у супрацьвагу «рускаму свету» менавіта ў беларускае грамадства, бо толькі яно можа быць гарантам бяспекі для суседзяў», — заявіў дэлегат Каардынацыйнай Рады, чалец дэлегацыі КР у ПАРЕ Павел Латушка падчас сайд-івэнту «Як працуе „рускі свет“: ідэалогія і практыка гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы» у ходзе вясенняй сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Дадзены сайд-івэнт быў арганізаваны дэлегацыяй Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ. «Расійская Федэрацыя паставіла стратэгічную мэту — змяніць ментальнасць беларусаў, каб яны падтрымлівалі агрэсію супраць Украіны і мелі антызаходнія настроі. У гэта ўкладваюць сотні мільёнаў, калі не мільярды. Расія робіць гэта пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. У сваю чаргу, Еўрапейскі саюз і нашы партнёры выдзяляюць на гэтыя мэты ў шмат разоў меншы рэсурс, недастатковы для процідзеяння планам Расіі. Калі мы не зменім гэтую стратэгію, мы можам прыйсці да сумных наступстваў. Важна разумець, што беларусы ўжо з'яўляюцца падаткаплацельшчыкамі ў Еўропе. Сотні тысяч беларусаў вымушана пакінулі тэрыторыю роднай краіны, працуюць і плацяць падаткі ў ЕС. І гэта запыт ад мяне, як ад прадстаўніка, абранага беларусамі, — запыт на падтрымку беларускага грамадства. Калі мы не пойдзем па гэтым шляху, то, на жаль, праз некалькі гадоў мы можам прыйсці да сітуацыі, калі на мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза будзе стаяць беларус па паходжанні з расійскай свядомасцю. Ці, што яшчэ горш, у расійскай форме і гатовы атакаваць тэрыторыю Еўрапейскага саюза», — падкрэсліў Павел Латушка. Таксама Павел Латушка перадаў удзельнікам сайд-івэнту тры даклады, падрыхтаваныя Народным антыкрызісным упраўленнем, аб тым, як Расія, выкарыстоўваючы імперскую ідэалогію «рускага свету» пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі, спрабуе змяніць ментальнасць беларусаў і падрыхтаваць грамадства да ўступлення ў вайну на баку РФ: «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя»; «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі»; «Бітва за Беларусь: сістэмная палітыка рэжыму Лукашэнкі па знішчэнні беларускай ідэнтычнасці і прасоўванні “рускага свету”». Акрамя таго, удзельнікам быў перададзены даклад, падрыхтаваны сумесна НАУ і BELPOL: «Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі».

  • Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы плануе ўзмацняць падтрымку рэпрэсаваным беларусам

    Фота: НАУ-медыя У ходзе вясенняй сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, чалец дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ Павел Латушка правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы Мацьё Мары. Падчас сустрэчы Павел Латушка выказаў удзячнасць за нядаўняе рашэнне Бюро Кангрэса падоўжыць удзел дэлегацыі Каардынцыйнай Рады ў сесіях Кангрэса яшчэ на два гады.  Таксама Павел Латушка адзначыў, што высока цэніць ініцыятыву Бюро Кангрэса па падрыхтоўцы спецыяльнага даклада пад назвай «Роля мясцовых і рэгіянальных улад у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці». Гэты дакумент будзе мець важнае значэнне для пашырэння магчымасцяў беларускай грамадзянскай супольнасці ў перыяд вымушанай эміграцыі. Акрамя таго, Павел Латушка падзякаваў за магчымасць, прадстаўленую чальцам дэлегацыі КР у Кангрэсе, удзельнічаць у місіях па назіранні за выбарамі ў краінах-членах Рады Еўропы.  Генеральны сакратар адзначыў актыўную працу дэлегацыі КР у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы, плённае супрацоўніцтва паміж дэлегацыяй КР і Кангрэсам, а таксама павіншаваў з дасягненнямі па выніках працы ў 2025–2026 гадах. Фота: НАУ-медыя У ходзе сустрэчы была падкрэслена асаблівая роля і важнасць мясцовых і рэгіянальных улад у падтрымцы вызваленых беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў. Генеральны сакратар заявіў, што дадзенае пытанне знаходзіцца ў фокусе ўвагі Кангрэса, і плануецца ўзмацніць працу ў гэтым кірунку. У якасці прыкладу паспяховага ўзаемадзеяння Мацьё Мары прывёў рэгіён Таскана ў Італіі, дзе дзейнічаюць праграмы падтрымкі і наладжана камунікацыя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Народнай амбасадай Беларусі ў Італіі. Павел Латушка асобна звярнуў увагу на праблему немагчымасці атрымання пенсій беларусамі сталага веку, якія былі вымушаныя пакінуць краіну, на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаў. Адным са шляхоў вырашэння гэтай праблемы Паўлам Латушкам былі прапанаваныя праграмы сацыяльнай падтрымкі, якія рэалізуюцца мясцовымі органамі ўлады. Таксама падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні транснацыянальных рэпрэсій, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі. Бакі абмеркавалі, як мясцовыя ўлады могуць дапамагаць беларусам, якія сутыкнуліся з пераследам, а менавіта ў пытаннях легалізацыі і сацыяльнай сферы на муніцыпальным узроўні (прадастаўленне жылля, дапамога патрабуючым і г.д.). Генеральны сакратар адзначыў, што Кангрэс таксама можа аказваць прадметную падтрымку ў кантактах з мясцовымі органамі ўлады. Дэлегацыя КР у Кангрэсе можа накіроўваць звароты грамадзян, якія паступаюць да іх, у Кангрэс для аказання садзейнічання ў вырашэнні праблем.

  • Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства

    Павел Латушка, 25 сакавіка 2026. Фота LookByMedia Крыніца: nashaniva.com Мяркуючы па апытанках, спіс Паўла Латушкі і руху «За Свабоду» можа атрымаць нават абсалютную большасць месцаў у палітычным прадстаўніцтве незалежнага грамадства. Бруд не прыстаў да намесніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі, хоць менавіта ён быў аб'ектам абстрэлу з цяжкай «гаўнаартылерыі» прапаганды. Былы міністр культуры, які перайшоў на бок народа ў 2020 годзе, застаецца адной з самых папулярных фігур апазіцыі.  Гэта пацвярджаюць інтэрнэт-апытанкі аб папулярнасці спісаў на выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання, якія маюць адбыцца з 11 да 17 мая 2026 года. Нямногія маюць смеласць галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду ва ўмовах рэпрэсій. На мінулых выбарах 2024 года галасы праз электронную платформу аддалі 6700 чалавек, нягледзячы на спробы прапаганды здыскрэдытаваць і застрашыць. Тым не менш, іх прыхільнасці дастаткова рэпрэзентатыўныя для прыхільнікаў апазіцыі. У апытанцы, створанай выданнем Reform.news 20 красавіка (паводле назіранняў «Нашай Нівы», там пакуль не фіксавалася накрутак, якія робяцца заўважныя праз рэзкія скачкі вынікаў), прыхільнасці размеркаваліся наступным чынам: Інтэрнэт-апытанка прыхільнасцей на выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання ў ТГ-канале Reform.news па стане на 14:58 20 красавіка. Скрыншот Па стане на 14:58 за блок Паўла Латушкі і руху «За Свабоду» мелі намер прагаласаваць каля 55% тых, хто вызначыўся. Гэта больш, чым на выбарах 2024 года, дзе за яго аддалі галасы каля 35% выбарцаў. Яўнага канкурэнта ў блока Латушкі няма. Каля 9% набірае спіс «Воля», аснову якога склалі дзейныя і былыя добраахвотнікі-каліноўцы. Калі 7% — у спіса «Еўрапейскі выбар» на чале з Валерам Мацкевічам, кіраўніком апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета, і спіса «Хопіць баяцца» блогеркі Таццяны Мартынавай.  Ранейшая апытанка, зладжаная Еўрарадыё, дала падобныя вынікі. Праўда, у ёй у нейкі момант галасы былі паднакручаныя за блок «Закон і правапарадак». Імаверна, грамадства бачыць у Паўлу Латушку салідную постаць, здольную годна рэпрэзентаваць беларусаў. Наклёпы рэжыму ж толькі ўмацоўваюць давер да гэтага палітыка. Выглядае, што дэзерцірства ці агентурная дзейнасць Анжалікі Мельнікавай, якая была прапанаваная ў спікеркі Рады менавіта Латушкам, не паўплывала на давер да яго. Святлана Ціханоўская, якая раней ставілася да Каардынацыйнай рады даволі скептычна, усё ж заклікала беларусаў прагаласаваць на выбарах у гэты орган.  «Людзі, якія вырашылі балатавацца ў Каардынацыйную раду, зрабілі свядомы выбар. Яны разумелі, з чым сутыкнуцца: ціск, пагрозы, рызыкі. І ўсё роўна яны выбралі балатавацца. І гэта выклікае шчырую павагу. Беларусь будуецца ў кожным рашэнні, у кожным выбары. І Каардынацыйная рада будзе такой, якой мы яе зробім. Цяпер, на гэтым этапе выбарчай кампаніі, асабліва важна не спяшацца, а ўважліва пазнаёміцца са спісамі, з людзьмі, якія ідуць у Каардынацыйную раду, і са зместам іх праграмаў. Бо свядомы выбар пачынаецца з разумення. Чым лепш мы ведаем, за каго і за што галасуем, тым мацнейшай будзе нашая агульная пазіцыя. Менавіта сёння час чытаць, параўноўваць, унікаць у сутнасць і вызначацца — каб наш голас быў не проста голасам, а адказным выбарам для будучыні Беларусі», — кажа Ціханоўская. Выбары ў КР IV склікання пройдуць з 11 па 17 мая, удзел бяруць дзевяць блокаў са 174 кандыдатамі. У сваім відэазвароце дэмакратычная лідарка падзякавала ўсім, хто працягвае падтрымліваць Беларусь, гаварыць і дзейнічаць. Яна падкрэслівае, што змены пачынаюцца з удзелу.

  • Санкцыйная палітыка ЕС у дачыненні да Беларусі застанецца нязменнай

    Фота: НАУ-медыя Еўрапейскі саюз не мае намеру змякчаць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта заявіў спецпрадстаўнік ЕС па санкцыях Дэвід О’Саліван, адказваючы на пытанне дэлегата Каардынацыйнай Рады, чальца дэлегацыі КР у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Паўла Латушкі.  Падчас пасяджэння Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі на вясенняй сесіі ПАРЕ Павел Латушка падчас дэпутацкіх пытанняў да прадстаўніка ЕС паставіў пытанне: «Ці будуць уведзены новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў бліжэйшы час? І ці існуюць на сённяшні дзень якія-небудзь перашкоды для гэтага?» Таксама падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі працягвае дэстабілізаваць сітуацыю на межах з суседзямі Беларусі, якія з'яўляюцца членамі Еўрапейскага саюза: Латвіяй, Літвой і Польшчай. Адказваючы на пытанне Паўла Латушкі, Дэвід О’Саліван адзначыў: «Усе санкцыі, якія ЕС уводзіць супраць Расіі, аўтаматычна распаўсюджваюцца і на Беларусь. ЕС паслядоўна прытрымліваецца гэтай палітыкі і не плануе яе змяняць. ЗША пачалі змякчаць санкцыі супраць Беларусі, што выклікае занепакоенасць у ЕС, бо гэта стварае «шчыліны» ў санкцыйным рэжыме супраць Расіі. Еўрасаюз лічыць гэта праблематычным і не мае намеру ісці па такім шляху». Па завяршэнні мерапрыемства Павел Латушка і Дэвід О’Саліван правялі асобную размову, прысвечаную неабходнасці далейшага ціску на рэжым. Падчас размовы Павел Латушка акцэнтаваў увагу на тым, што пакуль Лукашэнка не зменіць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку, еўрапейскія санкцыі не павінны здымацца.

  • Павел Латушка: Парламент Лукашэнкі не мог бы нават уявіць сабе таго, чаго здолела дасягнуць Каардынацыйная Рада

    Фота: Руслан Серадзюк 18 красавіка ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя Кааліцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"»  ў межах выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную Раду 4-га склікання.  Падчас мерапрыемства быў прадстаўлены наш спіс кандыдатаў, а таксама афіцыйна прэзентавана перадвыбарчая праграма нашай кааліцыі. Павел Латушка прадставіў вынікі нашай працы за КР 3-га склікання. Справаздача ахоплівае 6 ключавых пунктаў нашай праграмы: Адказнасць, Незалежнасць, Салідарнасць і дыяспара, Ціск, Знешняя палітыка і Будучыня.  Падчас прэс-канферэнцыі выступілі чальцы і чаліні нашай Кааліцыі: лідар фракцыі Павел Латушка , старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч , спікер Каардынайцыйнай Рады Арцём Брухан , кіраўніца фонду «Прытуляй мяне» Ганна Федаронак і кіраўнік прававой камісіі Каарадынай Рады Міхаіл Кірылюк . Павел Латушка ў сваім выступе падкрэсліў, што ў 4-м скліканні Каардынацыйнай Рады наша кааліцыя працягне сістэмную працу для прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Лідар фракцыі заявіў, што нашай задачай з’яўляецца дабіцца выдачы 3 ордэраў на арышт Лукашэнкі:  за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а таксама за акт агрэсіі, учынены супраць Украіны. Таксама Павел Латушка адзначыў, што мы працягнем лабіяваць санкцыйны ціск на рэжым, каб дабівацца змены ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі рэжыму, а таксама дамагацца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. «Крытыкаваць Каардынацыйную Раду можна і трэба, але пры гэтым нельга закрываць вочы і забываць аб тым, што Каардынацыйная Рада знаходзіцца на першай лініі ціску з боку спецслужбаў рэжыму. Супраць нас фактычна вядзецца вайна. А мэта рэжыму і яго спецслужбаў — знішчыць прадстаўніўчы орган беларусаў. Але нягледзяча на гэта, мы дасяглі беспрэцэдэнтных вынікаў. Дэлегаты Каардынацыйнай Рады праводзілі двухбаковыя сустрэчы з парламентарыямі з дзясяткаў дэмакратычных краін, лабіявалі пытанні адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і санкцыйнага ціску. Наш прадстаўнічы орган прызнаны Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы і Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы, у якіх упершыню ў гісторыі дэмакратычных сіл працуюць нашы афіцыйныя дэлегацыі . Таксама КР мае сваю дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі «Еўранэст» і шэдаў-дэлегацыю ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Каардынацыйная Рада таксама прызнана Еўрапейскім парламентам і Сенатам Польшчы. Нам удалося пралабіяваць цэлы шэраг дапаўненняў і паправак у рэзалюцыі Еўрапейскага парламента, якія тычацца санкцыйнага ціску, адказнасці за катаванні палітвязняў, міжнароднай крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа і за агрэсію супраць Украіны.  Палата прадстаўнікоў ці Савет Рэспублікі не маглі б нават уявіць сабе таго, чаго здолела дасягнуць Каардынацыйная Рада ўсяго за год і дзесяць месяцаў сваёй працы» , — заявіў Павел Латушка.

  • Часовае пасведчанне асобы замежніка будзе прызнавацца ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу, для адкрыцця банкаўскіх рахункаў у Польшчы

    Ілюстрацыйнае фота 9 красавіка 2026 года адбылася рабочая сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі  і кіраўніка прававой камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіла Кірылюка  з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF). У сустрэчы таксама ўзяў удзел прадстаўнік Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы. У цэнтры абмеркавання падчас сустрэчы былі праблемы банкаўскага абслугоўвання грамадзян Беларусі,  якія пражываюць у Польшчы і якія тычацца: былых палітвязняў і іншых асобаў, якія чакаюць міжнароднай абароны; асобаў, якія праходзяць працэдуру легалізацыі свайго знаходжання (чакаюць атрымання дазволу на жыхарства, у тым ліку яго падаўжэння); грамадзян з пратэрмінаванымі пашпартамі (падаўжэнне якіх аб’ектыўна немагчымае) і без пашпартоў зусім; іншых катэгорый грамадзян Беларусі. Павел Латушка   праінфармаваў прадстаўнікоў органаў фінансавага нагляду Польшчы пра тое, што беларусы часта сутыкаюцца з праблемамі : адмоў у адкрыцці рахункаў у польскіх банках; абмежаванняў у карыстанні банкаўскімі мабільнымі прыладамі; блакавання сродкаў на рахунках; і інш. Польскаму боку былі прадстаўлены канкрэтныя кейсы беларусаў, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі пры абслугоўванні ў банках . Гэтыя прыклады былі сабраны ў тым ліку праз чат-бот НАУ, а таксама прадстаўлены Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» (агулам больш за 40 кейсаў) . Прадстаўнікі Камісіі фінансавага нагляду Польшчы і Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы адзначылі, што пачнуць унутрыведамасныя працэдуры па ўзгадненню магчымых рашэнняў, якія могуць прывесці да зняцця часткі цяжкасцяў з адкрыццём і функцыянаваннем банкаўскіх рахункаў , з Упраўленнем па справах замежнікаў, Міністэрствам унутраных спраў і Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй Польшчы. Камісія фінансавага нагляду Польшчы паведаміла, што па выніках папярэдняй камунікацыі НАУ з KNF да польскіх банкаў ужо даведзена інфармацыя пра неабходнасць прызнання часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу . На дадзены момант банкі завяршаюць адаптацыю ўнутраных працэдур, у тым ліку праграмнага забеспячэння, для практычнага прымянення пры абслугоўванні грамадзян Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, асобныя банкі ўжо пачалі адкрываць рахункі на падставе TZTC. «У сувязі з праблемай трактоўкі абмежаванняў ЕС, якія ўплываюць на выкарыстанне мабільнага банкінгу грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі Еўрасаюза, мы накіруем адпаведныя звароты ў Нацыянальную падатковую адміністрацыю, якая гэтаксама як KNF мае права трактаваць нормы права ў фінансавай сферы, а таксама  паўторна ў Еўрапейскую камісію . Работа па абароне правоў беларусаў за мяжой працягнецца. Мы і далей адкрытыя да вашых зваротаў, і праблем і гатовыя працаваць над іх вырашэннем. Пра прынятыя рашэнні польскага боку будзем інфармаваць»,  — адзначыў Павел Латушка. Падтрымайце нашую дзейнасць — галасуйце на выбарах у Каардынацыйную Раду за Кааліцыю Латушка і Рух «За Свабоду» — спіс №9!  Для нашай каманды прынцыпова важна дапамагаць у вырашэнні праблем беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Радзіму. Мы працягнем гэтую працу, каб кожны беларус адчуваў падтрымку і абарону сваіх правоў за мяжой.

  • Адказнасць — гэта не толькі аднаўленне справядлівасці, а таксама шлях для свабоднай і дэмакратычнай Беларусі

    Арцём Брухан і Павел Латушка. Фота: НАУ-медыя «Без правасуддзя не можа быць сапраўдных перамен, а без прыцягнення вінаватых да адказнасці дыскрымінацыя будзе адраджацца ў новых формах» , — заявіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка  падчас канферэнцыі «Укараненне еўрапейскіх прынцыпаў недыскрымінацыі ў палітыку і практыку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці» , арганізаванай Радай Еўропы. Уступнае слова ў канферэнцыі таксама ўзялі дырэктар па каардынацыі праграм Рады Еўропы Клаўс Нойкірх , спікер Каардынацыйнай Рады Беларусі Арцём Брухан , прадстаўніца Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дэйкала , таксама прадстаўнікі і прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага кабінета, Каардынацыйнай Рады і праваабарончых арганізацый «На працягу дзесяцігоддзяў народ Беларусі жыве ў сістэме, дзе роўнасць сістэматычна нішчыцца, дыскрымінацыя носіць інстытуцыйны характар, а цэлыя супольнасці становяцца аб'ектамі спансараваных дзяржавай кампаній па дыскрымінацыі . Як нядаўна заключыла Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суда, абвяшчаючы рашэнне пачаць поўнамаштабнае расследаванне «беларускай сітуацыі», створаная беларускімі ўладамі атмасфера прымусу прывяла да здзяйснення злачынстваў супраць чалавечнасці , а менавіта — дэпартацыі і пераследу (шляхам дэпартацыі) соцень тысяч беларусаў. Аднак нават тыя, хто знаходзіцца ў выгнанні, пастаянна становяцца мішэнямі беларускіх улад праз завочныя крымінальныя справы, вобшукі і арышты іх маёмасці, пагрозы, запалохванне і публічнае распаўсюджванне рыторыкі нянавісці. У сённяшняй Беларусі дыскрымінацыя накіравана не толькі супраць рэальных і меркаваных палітычных апанентаў Лукашэнкі і яго рэжыму: яна таксама закранае жанчын, этнічныя і нацыянальныя меншасці, рэлігійныя групы і ЛГБТК+ супольнасць. Тым не менш, пры падтрымцы нашых партнёраў у нас ёсць шанец змяніць сітуацыю да лепшага. Мы зможам пабудаваць дэмакратычную Беларусь, дзе заканадаўства, дзяржаўная палітыка і інстытуты будуць поўнасцю адпавядаць еўрапейскім стандартам  у галіне правоў чалавека, забяспечваючы роўнасць і абарону для ўсіх. Першыя цагліны ў гэты падмурак ужо закладзены: беларускія дэмакратычныя сілы, уключаючы Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную Раду, адобрылі сумесную дэкларацыю, якая замацоўвае прынцыпы роўнасці і недыскрымінацыі як аснову для будучых рэформаў і арыенцір для штодзённай дзейнасці. Мы робім усё магчымае, каб асобы, адказныя за палітычна матываваныя пераследы, сістэмную дыскрымінацыю і іншыя дзеянні, што прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, панеслі адказнасць у межах справядлівых і празрыстых міжнародных і нацыянальных механізмаў . Гаворка ідзе не толькі пра выпраўленне парушэнняў мінулага — гаворка ідзе пра аднаўленне справядлівасці і даверу, а таксама пра забеспячэнне новага шляху для свабоднай, дэмакратычнай і справядлівай Беларусі », — адзначыў Павел Латушка. Адказнасць — гэта не толькі аднаўленне справядлівасці, а таксама шлях для свабоднай і дэмакратычнай Беларусі Тэзісы выступу Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, сябра Каардынацыйнай рады, на канферэнцыі Рады Еўропы «Укараненне еўрапейскіх прынцыпаў недыскрымінацыі ў палітыку і практыку беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці». Варшава 08.04.2026 Для мяне вялікі гонар звяртацца да вас ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, як сябра Каардынацыйнай рады Беларусі і прадстаўніка дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Дзякую вам за вашу салідарнасць і цвёрдую пазіцыю ў падтрымцы ўсіх нас, хто працягвае абараняць чалавечую годнасць і асноўныя правы ў самых складаных абставінах. На працягу дзесяцігоддзяў народ Беларусі жыве ў сістэме, дзе роўнасць сістэматычна адмаўляецца, дыскрымінацыя носіць інстытуцыйны характар, а рэпрэсіі па дыскрымінацыйных прыкметах выкарыстоўваюцца як інструмент дзяржаўнага кіравання. Незалежныя галасы прымушаюць маўчаць, грамадзянская супольнасць пераследуецца, а цэлыя супольнасці становяцца аб’ектамі спансаваных дзяржавай кампаній дыскрымінацыі. Произвольныя затрыманні, жорсткае абыходжанне, судовы пераслед, незаконнае зняволенне і іншыя рэпрэсіўныя меры, заснаваныя выключна на рэальных ці ўяўных палітычных перакананнях, сталі часткай паслядоўнай, гвалтоўнай і шырокамаштабнай кампаніі рэпрэсій. Гэтая кампанія працягваецца і сёння, яна вымусіла многіх з нас пакінуць Беларусь. Як нядаўна заключыла Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суда, абвяшчаючы рашэнне аб пачатку поўнага расследавання сітуацыі ў Літве/Беларусі, створанае беларускімі ўладамі асяроддзе прымусу прывяло да злачынстваў супраць чалавечнасці — дэпартацыі і пераследу (праз дэпартацыю) соцень тысяч беларусаў. Аднак нават тыя, хто знаходзіцца ў выгнанні, пастаянна становяцца мішэнню беларускіх уладаў праз завочны крымінальны пераслед, ператрусы і рэйды на іх маёмасць, пагрозы, запалохванне і публічнае распаўсюджванне мовы варожасці. Усяго некалькі дзён таму беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» Беларускі Хельсінкскі камітэт — вядучую праваабарончую арганізацыю ў выгнанні, якая працуе, сярод іншага, над пытаннямі антыдыскрымінацыі. Гэта толькі адзін з многіх цынічных прыкладаў, якія ілюструюць маштаб эскалацыі рэпрэсій. У сённяшняй Беларусі дыскрымінацыя накіравана не толькі супраць рэальных і ўяўных палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі і яго рэжыму: яна таксама закранае жанчын, этнічныя і нацыянальныя меншасці, рэлігійныя групы, а таксама ЛГБТК+ супольнасць. Маскіруючы дыскрымінацыю пад так званыя «славянскія» ці «традыцыйныя» каштоўнасці, беларускія ўлады працягваюць груба і ўпарта ігнараваць свае міжнародныя абавязацельствы па забеспячэнні роўнасці. Тым не менш, пры падтрымцы нашых партнёраў у нас ёсць шанец змяніць сітуацыю да лепшага: я веру, што з вашай дапамогай мы зможам пабудаваць дэмакратычную Беларусь, дзе заканадаўства, дзяржаўная палітыка і інстытуты будуць цалкам адпавядаць еўрапейскім стандартам правоў чалавека, гарантуючы роўнасць і абарону для ўсіх. Першыя цагліны ў гэты падмурак ужо закладзены: беларускія дэмакратычныя сілы, уключаючы Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду, ухвалілі сумесную дэкларацыю, якая замацоўвае прынцыпы роўнасці і недыскрымінацыі як аснову для будучых рэформаў і як кіруючыя стандарты для іх бягучай працы. Гэтая дэкларацыя — наша агульнае бачанне і адзінае абавязацельства па будаўніцтве новай дэмакратычнай Беларусі. Больш за тое, як частка еўрапейскай сям’і, мы актыўна пераймаем еўрапейскія каштоўнасці і падыходы. Мы ўдзячныя за тое, што прадстаўнікі дэмакратычных сіл мелі магчымасць прайсці навучанне ў Савеце Еўропы, каб пераняць лепшы досвед яго дзяржаў-членаў і прымяніць яго ў нашай паўсядзённай дзейнасці. Гэта першыя крокі на шляху да грамадства і інстытутаў, заснаваных на годнасці, роўнасці, інклюзіўнасці і вяршэнстве права. Прыцягненне да адказнасці застаецца стрыжнем нашай дзейнасці і прыхільнасці прынцыпам недыскрымінацыі. Мы верым, што без справядлівасці не можа быць сапраўдных перамен, а без адказнасці дыскрымінацыя будзе працягваць узнаўляць сябе ў новых формах. Я хачу пацвердзіць, што мы робім усё магчымае, каб тыя, хто нясе адказнасць за палітычна матываваныя пераследы, сістэмную дыскрымінацыю і іншыя дзеянні, што прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасці, былі прыцягнутыя да адказнасці праз справядлівыя і празрыстыя міжнародныя і нацыянальныя механізмы. Гаворка ідзе не толькі пра выпраўленне парушэнняў мінулага — гаворка ідзе пра аднаўленне справядлівасці і даверу, а таксама пра забеспячэнне новага шляху для свабоднай, дэмакратычнай і справядлівай Беларусі. Дзякую вам, і я з нецярпеннем чакаю сённяшніх важных і змястоўных дыскусій.

  • Мельнікава была супраць Лукашэнкі, але магла трапіць у пастку спецслужбаў

    Анжаліка Мельнікава. Фота: belsat.eu Арыгінал артыкула: belsat.eu Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка ў размове з нашымі калегамі з Centrum Europy адказаў на пытанні датычна знікнення былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай і з’яўлення нібыта ейных фотаздымкаў з Менску. Павел Латушка  падкрэсліў, што на сённяшні дзень няма адназначнай інфармацыі датычна знікнення Анжалікі Мельнікавай . Таму можна толькі «рабіць высновы, грунтуючыся на фактах». Палітык адзначыў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы дагэтуль расследуе крымінальную справу, распачатую пракуратурай, паводле факту гвалтоўнага пазбаўлення волі Мельнікавай. У межах гэтай справы зніклая спікерка мае статус пацярпелай. «Усё астатняе можа быць ацэнкай, спекуляцыяй», — сказаў Латушка. Працавала не ў інтарэсах спецслужбаў Паводле Латушкі, вядомыя факты паказваюць, што Мельнікава «заўсёды займала вельмі канкрэтную і адкрытую пазіцыю супраць рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі ». Ён падкрэсліў, што менавіта дзякуючы ейным асабістым намаганням Сенат Польшчы ў студзені 2025 года прызнаў Каардынацыйную раду беларускім парламентам у выгнанні, была прынятая рэзалюцыя ПАРЕ аб непрызнанні Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі пасля «выбараў» у 2025 годзе і аб прызнанні КР, Аб'яднанага пераходнага кабінету і Святланы Ціханоўскай . Таксама яна за свае грошы аплаціла канферэнцыю датычна адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, калі ад фінансавання адмовіліся ЗША. Таму, на думку Латушкі, дзейнасць Мельнікавай «дакладна не адпавядала» інтарэсам спецслужбаў Беларусі. «Я не магу сцвярджаць, кім яна была. Я нічога не выключаю. Я толькі выкажу факты. Яна была ўдзельніцай нашай каманды, якая эфектыўна працуе над прыцягненнем Лукашэнкі да адказнасці і ўпершыню ў гісторыі прывяла да пачатку расследавання пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда», — сказаў Латушка. Паводле яго, яна тэарэтычна магла б спыніць ці перашкодзіць шмат якім ініцыятывам, якія заміналі інтарэсам лукашэнкаўскіх і пуцінскіх спецслужбаў, але не зрабіла гэтага. «Пераходзячы ад фактаў да спекуляцыі, я не магу выключыць, што на нейкім этапе яна магла трапіць у пастку спецслужбаў. Што адбылося далей, я не ведаю. Следства вядуць афіцыйныя органы Польшчы, якія, магчыма, ведаюць пра гэта больш», — сказаў ён. А што з фота? Датычна з’яўлення фотаздымкаў Мельнікавай з Менску, Латушка не выключае, што гэта было зроблена адмыслова перад візітам у Менск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла . Пры гэтым, паводле яго, здымкі паказваюць толькі «вельмі падобную да Анжалікі асобу», якая, магчыма, была знятая ў Беларусі, а «ўсё астатняе — здагадкі». У цэлым палітык не выключае з’яўлення таксама інтэрв’ю прапагандыстаў з Мельнікавай з мэтай, у тым ліку, дыскрэдытаваць выбары ў Каардынацыйную раду. Беспрэцэдэнтны ціск Агулам Латушка адзначыў, што беларускія дэмакратычныя сілы не маюць права праводзіць уласную контрвыведную дзейнасць на тэрыторыі краінаў Еўразвязу — гэта выключная кампетэнцыя мясцовых спецслужбаў. Тым не менш, асобу Мельнікавай праверылі з дапамогай BYPOL і Кіберпартызанаў. Да таго ж яна прайшла правяранне Міністэрствам унутраных справаў і адміністравання і выведнымі службамі Польшчы перад атрыманнем польскага грамадзянства. Паводле яго, беларускія дэмакратычныя сілы «сутыкаюцца з найвялікшым супрацівам у сваёй гісторыі і дзеяннямі, накіраванымі на дэстабілізацыю і дыскрэдытацыю нашай працы з боку спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі». Латушка спаслаўся на «аднаго польскага міністра», які сказаў яму, што «80 % намаганняў спецслужбаў Лукашэнкі накіраваныя менавіта на знішчэнне і дэстабілізацыю дэмакратычных сілаў Беларусі». Супрацьстаяць гэтаму самастойна немагчыма, сказаў палітык. Гісторыя знікнення Нагадаем: за сакавік 2025 года Анжаліка Мельнікава некалькімі аперацыямі вывела  на асабісты рахунак усю пераведзеную суму гранту для Каардынацыйнай рады (каля 107 тысяч долараў), а таксама ўсе пакінутыя сродкі на рахунку, у тым ліку прызначаныя на праекты «Партызанскага Тэлеграму» і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях (каля 30 тысяч долараў). Агулам Мельнікава вывела з рахунку больш за 150 тысяч, апошняя аперацыя была зробленая 24 сакавіка 2024 года. На наступны дзень, 25-га, яна перастала выходзіць на сувязь. Пазней сталася вядома, што былая спікерка КР   пакінула  тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года – праз Вялікую Брытанію і Шры-Ланку прыбыла ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе ейныя сляды згубіліся. Да гэтага яна кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, не была на асабістых сустрэчах: казала, што хварэе. Расследавальнікі таксама  паведамляюць  пра магчымыя сувязі Мельнікавай з працаўніком КДБ Беларусі Аляксеем Лабеевым . Яшчэ ў 2022 годзе яна, як сцвярджаецца, праваліла першы тэст на паліграфе, які праводзіла ініцыятыва BYPOL, аднак пасля другога тэсту яе прынялі. Былая працаўніца польскай контрвыведкі Анна Грабоўска-Сівец  мяркуе, што Мельнікава магла быць завербаваная яшчэ ў Беларусі. Цяпер за інфармацыю пра месца ейнага перабывання абяцаюць 10 тысяч еўраў узнагароды. Амаль праз год, 19 сакавіка 2026-га,  зʼявіліся  здымкі жанчыны, падобнай да Мельнікавай, у адной з менскіх спартзалаў, якая пачала працаваць толькі ў студзені 2025 года. Складана сказаць, сапраўдныя гэта фота ці дыпфэйк, стварыць які ў сённяшніх умовах не надта складана. Аднак пасля іх публікацыі журналісты «Нашай Нівы» датэлефанаваліся да сваякоў Мельнікавай. Бацька былой спікеркі КР запэўніў, што тая «даўнавата» жыве ў Беларусі, «яна не знікла, жывая і здаровая». Паводле мужчыны, дачка папрасіла не тэлефанаваць ёй і заўсёды звоніць сама, але са схаванага нумару. Апошняя іхная размова адбылася зімой.

  • Лукашэнка знішчае тэатр

    Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання. Павел Латушка пра тое, як Лукашэнка абанкруціў Міністэрства культуры Нядаўна, у пачатку сакавіка, у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы быў прызначаны новы мастацкі кіраўнік — Дзмітрый Акімаў. Гэта грамадзянін Расіі, раней ён працаваў галоўным рэжысёрам у шэразе расійскіх правінцыйных тэатраў. Гэтае прызначэнне падобнае на вымушаную меру: за ўсе гэтыя гады сістэма не здолела знайсці ўнутры краіны ніводнага аўтарытэтнага беларускага рэжысёра, які б пагадзіўся ўзначаліць галоўную тэатральную сцэну краіны.  Міністэрству культуры Лукашэнкі давялося імпартаваць мастацкае кіраўніцтва з расійскай правінцыі. Прызначэнне на гэтую пасаду чалавека, які не валодае беларускай мовай і адарваны ад нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта акт безумоўнай капітуляцыі і сапраўднае злачынства перад культурай. Прыезджы мастацкі кіраўнік ужо паспеў акрэсліць сваю місію. Ён заявіў, што хоча зразумець, якім павінен быць тэатр у тым ліку па «грамадска-палітычных паказчыках». Не шукаць мастацкія сэнсы. Не развіваць нацыянальную драматургію і беларускую мову. А выконваць грамадска-палітычныя паказчыкі. Купалаўскі дэ-факта пераведзены ў статус ЖЭСа ад культуры, завода па вытворчасці ідэалагічнай нормы і лаяльнасці. Можа, гэта разавая кадравая памылка? Не — гэта сістэмны калапс у сферы культуры, паслядоўная палітыка па знішчэнні тэатра. Пасля падзей 2020 года прайшло не менш за дзясятак кастынгаў, але сабраць паўнавартасную трупу так і не ўдалося. У тэатр, дзе калісьці служылі тэатральныя дынастыі, сёння набіраюць выпадковых людзей, недасведчаных студэнтаў, актораў з Расіі, якія нават не валодаюць беларускай мовай.

  • Тэма незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў фокусе ўвагі АБСЕ

    Ілюстрацыйнае фота Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка  правёў сустрэчу са спецыяльнай пасланніцай па пытаннях вяртання ўкраінскіх дзяцей Парламенцкай асамблеі АБСЕ Карынай Одэбрынк . Сустрэча адбылася па ініцыятыве дэпутаткі парламента Швецыі і спецыяльнай пасланніцы па пытаннях вяртання ўкраінскіх дзяцей Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы аказала кіраўніца дэлегацыі Каардынацыйнай Рады ў ПАРЕ, дэлегатка Каардынацыйнай Рады Аляксандра Мамаева . Павел Латушка прадставіў інфармацыю, сабраную Народным антыкрызісным упраўленнем: больш за 3500 украінскіх дзяцей былі прымусова перамешчаны ў Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны — Херсонскай, Данецкай, Луганскай і Запарожскай абласцей . Дадзеныя дзеянні  ажыццяўляліся на падставе асабістага пісьмовага рашэння Лукашэнк і, прынятага ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што даклад будзе прадстаўлены на найбліжэйшай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Дэпутатка парламента Швецыі адзначыла важнасць адлюстравання ролі рэжыму Лукашэнкі ў здзяйсненні ваеннага злачынства. Карына Одэбрынк падкрэсліла, што ў матэрыялах   яе дакладу будзе прыведзена інфармацыя, перададзеная Народным антыкрызісным упраўленнем па факце здзяйснення дадзенага злачынства прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.

  • Павел Латушка падзякаваў Літве за ініцыяванне расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў МКС

    Міністрам унутраных спраў Літвы Уладзіслав Кандратовіч, Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка. Фота: НАУ-медыя Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас размовы з міністрам унутраных спраў Літвы Уладзіславам Кандратовічам у межах 50-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы падзякаваў Літве за прынцыповую пазіцыю ў пытаннях прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што менавіта дзякуючы прынцыповай пазіцыі Літвы Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пачаў расследаванне беларускай сітуацыі ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго хаўруснікамі. Падчас размовы Павел Латушка адзначыў, што на сваіх сустрэчах як прадстаўнік Кабінета і як дэлегат Каардынацыйнай Рады пастаянна ставіць пытанне пра важнасць дадзенай працы і падкрэслівае лідарскую ролю Літвы ў гэтым працэсе , а таксама адвакатуе неабходнасць далучэння іншых дзяржаў да расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Падчас знаходжання ў Страсбургу Павел Латушка праводзіць кансультацыі з кіраўнікамі дыпмісій і ў сакратарыяце Рады Еўропы па кірунках, звязаных з прыцягненнем да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць беларускага народа , агрэсіі супраць Украіны  і  ваеннымі злачынствамі , звязанымі з незаконным вывазам украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь і далейшай іх індактрынацыяй у ідэях «рускага свету».

bottom of page