Беларусь у МКС
- Admin of the NAM

- Apr 27
- 2 min read
Updated: Apr 27

Чаму гэта важна і як ваш голас на выбарах Каардынацыйнай Рады дапамагае набліжаць справядлівасць для Беларусі?
Шмат хто ведае пра Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе праз прызму сусветных падзеяў. Але мала хто думаў, што ў фокусе ўвагі МКС калі-небудзь апынецца і наша краіна, а злачынствы рэжыму Лукашэнкі, якія доўгі час заставаліся бескаранымі, стануць прадметам разгляду міжнародных пракурораў.
Дзякуючы сістэмнай працы нашай каманды і нашых юрыстаў, сітуацыя ў Беларусі ўпершыню афіцыйна трапіла на разгляд у Офіс Пракурора ў Гаазе. Гэта не проста «скарга», а пачатак сур’ёзнага юрыдычнага працэсу па злачынствах супраць чалавечнасці, які вядзе да выдачы ордэраў на арышт злачынцаў.
Чаму гэта важна?
Міжнародны крымінальны суд — гэта інстанцыя, якая валодае юрысдыкцыяй над асобамі, адказнымі за самыя цяжкія злачынствы, незалежна ад іх пасад. Калі механізм запушчаны, ён вядзе да прызнання злачынстваў на сусветным узроўні.
Рашэнні МКС — вышэй за мясцовыя законы. Ніякія ўнутраныя ўказы ці «імунітэты» не могуць спыніць міжнароднае расследаванне. Статус прэзідэнта ці міністра не з’яўляецца абаронай у Гаазе.
Непазбежнасць адказнасці. Гэта сігнал усім выканаўцам злачынстваў: міжнароднае правасуддзе можа быць марудным, але яно не спыняецца. Рана ці позна адказваць давядзецца кожнаму.
Юрыдычны капкан для злачынцаў. Прызнанне злачынстваў робіць верхавіну рэжыму неўязной у 125 краін свету, якія ратыфікавалі Рымскі статут. Гэта не толькі Еўропа, але і большая частка Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Азіі.
Пры чым тут выбары ў Каардынацыйную Раду?
Выбары надаюць нашым патрабаванням іншую вагу. Калі за прававой працай стаіць орган з народным мандатам, гэта дазваляе нам прасоўваць пытанне Беларусі і лабіяваць адказнасць за злачынствы супраць беларусаў на самым высокім палітычным узроўні, забяспечваючы палітычную падтрымку нашых юрыдычных крокаў з боку еўрапейскіх лідараў.
Нашая каманда з’яўляецца ключавым рухавікам гэтага працэсу. Мы не проста чакаем справядлівасці — мы ствараем умовы, каб яна стала непазбежнай.
Больш пра нашыя вынікі па напрамку міжнароднай крымінальнай адказнасці рэжыму Лукашэнкі, а таксама па іншых напрамках працы — глядзіце ў запісе нашай прэс-канферэнцыі.



Comments