top of page

Алейнік паплакаўся міністру замежных спраў Венгрыі

На сустрэчы з кіраўніком венгерскага МЗС Петэрам Сіярта, так званы міністр замежных спраў рэжыму Алейнік вырашыў паплакацца наконт санкцый


На сустрэчы з кіраўніком венгерскага МЗС Петэрам Сіярта (сам факт якой, безумоўна, выклікае здзіўленне і шмат пытанняў да маральных каштоўнасцяў афіцыйнага Будапешта), так званы міністр замежных спраў Беларусі Алейнік вырашыў паныць наконт санкцый.


Па словах Алейніка, як аказалася — вялікага «гуманіста» і «прыхільніка правоў чалавека» — санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі носяць «антыгуманны характар». Аказваецца, гэта менавіта падступны (а можа — крывавы?) Захад разлучае сем'і і не дае беларусам пабачыцца з роднымі і блізкімі. Увёў авіяэмбарга, закрывае пагранпераходы. Праўда, грузавыя — але, відаць, так званы міністр шчыра перажывае за дальнабойшчыкаў, нават не ведаю ...


Вось толькі спадар Алейнік зусім забыўся згадаць аб прычынах падобных мер. Можа быць, ён яшчэ не да канца ўвайшоў у курс справы на сваёй новай пасадзе і забыўся, што ў 2021 годзе рэжым захапіў грамадзянскі самалёт? Магчыма, так званы міністр не ў курсе, што з 2021 года рэжым з'яўляецца арганізатарам міграцыйнага крызісу на межах з ЕС? Ці неяк выпусціў з-пад увагі, што ўжо год рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны?

 Сяргей Алейнік і міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ў Мінску 13 лютага 2023 года
Крыніца: Facebook / szijjarto.peter.official

Сапраўды, з чаго раптам нашыя заходнія суседзі так паводзяць сябе?


Зашкальвае цынізм Алейніка — проста агідны. Захад вінаваты ў тым, што беларусы не могуць пабачыцца з роднымі і блізкімі? А чаму ж на думку спадара Алейніка Сотні тысяч беларусаў былі вымушана пакінуць сваю краіну? Масавыя рэпрэсіі, забойствы, збіццё, катаванні, звальненні з працы, узбуджэнне крымінальных спраў і пераслед нязгодных — можа быць, гэта ўсё таксама выдумаў падступны Захад?


Не. Менавіта злачынны рэжым Лукашэнкі, якому служыць так званы міністр, адказны за тое, што сотні тысяч беларусаў — родных і блізкіх — апынуліся па розныя бакі мяжы. Менавіта ён — і ніхто іншы — вінаваты, што на межах з Беларуссю з'явіліся платы, што закрываюцца пагранпераходы, што не дзейнічае авіязносіны. Менавіта ён нясе ўсю паўнату адказнасці за санкцыі, уведзеныя ў адказ на яго шматлікія злачынствы, якія ўжо даўно выйшлі за межы Беларусі і сталі міжнароднымі. А ў лютым 2022 года — ужо і вайскоўцамі. Менавіта ён зладзіў ганенне на прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі і на 8 гадоў кінуў за краты аднаго з лідэраў Саюза палякаў Анджэя Пачобута — пасля чаго Польшча ультыматыўна закрыла пагранпераход «Баброўнікі».

Апошнія хвіліны працы памежнага пераходу «Баброўнікі»
Апошнія хвіліны працы памежнага пераходу «Баброўнікі» Крыніца: charter97.org

І сёньня гэты рэжым плачацца вугорскаму міністру? Вінаваціць Захад?


А што далей? Ён абвінаваціць у антыгуманным закрыцці межаў і Украіну таксама? Колькі людзей там НАЗАЎСЁДЫ страцілі магчымасць убачыць і абняць сваіх родных і блізкіх — таму што іх проста забілі? Забілі расейскія войскі, якія рэжым Лукашэнкі прапусціў праз мяжу і якім ён перадаў вайсковы кантроль над тэрыторыяй Беларусі. Забілі ракеты, якіх толькі з тэрыторыі Беларусі было выпушчана каля васьмі сотняў. Забілі снарады і кулі, якія рэжым Лукашэнкі вырабляе і падае Расіі ўвесь гэты час. Забіла наступальная ваенная тэхніка, якую ён зняў з кансервацыі і адправіў на фронт.


Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік і міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта ў Мінску 13 лютага 2023 года
Крыніца: Facebook / szijjarto.peter.official

І што ж, усё гэта, на думку спадара Алейніка — гуманна?


А на думку спадара Сіярта, якому Алейнік паплакаўся ў камізэльку? Калі мне не здраджвае памяць, то Венгрыя ўсё яшчэ ўваходзіць у склад Еўрапейскага саюза. Але, як відаць, яе ўрад кіруецца зусім іншымі каштоўнасцямі. А дакладней — іх адсутнасцю.


Бо толькі гэтым можна растлумачыць, што ў высокапастаўленага еўрапейскага чыноўніка ўзнялася рука для поціску рукі з так званым кіраўніком МЗС рэжыму Лукашэнкі. Рэжыму дыктатара, тэрарыста і вайсковага злачынцу, за трыбунал над якім ужо прагаласавалі Еўрапарламент і Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы. І які проста зараз судзіць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, у той час як Алейнік і Сіярта скардзяцца адзін аднаму на «антыгуманную» і «памылковую санкцыйную палітыку».


Спадзяюся, у Еўразвязе дадуць гэтай сустрэчы належную адзнаку. Адпаведную каштоўнасцям, якія дэкларуе Еўрапейскі саюз з моманту свайго стварэння.


bottom of page