top of page

«Белорусія» альбо Беларусь?


Якую Беларусь мы хочам убачыць заўтра: расійскую «Белорусію» ці еўрапейскую Беларусь?


Давайце паглядзім на Беларусь сёння. Што гэта?


Гэта таталітарная дыктатура з нелегітымным і незаконным рэжымам ва ўладзе. Пра-расейскім, падкантрольным Расіі марыянеткавым рэжымам Лукашэнкі. Гэта марыянеткавая таталітарная дыктатура з насельніцтвам у 9,3 мільёна чалавек, з якіх пераважная большасць грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, прагаласавалі супраць Лукашэнкі на выбарах 2020 года. Але Лукашэнка не пакінуў свой трон.


Хто такі Лукашэнка? Чалавек, які больш за ўсё ў жыцці любіць уладу, ён не прадстаўнік клана і ён не стварыў клан. Чалавек, які сёння з’яўляецца прыкладам крывавага тырана, па загадзе якога забітыя ў Беларусі некалькі дзясяткаў чалавек. У краіне за апошнія два гады праз затрыманні прайшло 60 000 чалавек, у турмах тысячы палітвязняў, афіцыйна прызнана — 1441, ліквідавана 950 НДА. Не дзейнічаюць партыі, не існуюць незалежныя СМІ. І гэта Еўропа. Захад усе гэтыя гады гуляў з Лукашэнкам у дыпламатыю, спрабуючы з ім дамовіцца. Лукашэнка заўсёды аднабакова разрываў дамоўленасці і саджаў у турмы тых жа, каго ён выпускаў пасля чарговай угоды з Захадам. Яркі прыклад — Алесь Бяляцкі. Ён выйшаў з турмы ў 2014 годзе ўзамен на зняцце санкцый, але сядзіць зноў, але ўжо ў статусе Нобелеўскага лаўрэата.

Рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца ні на дзень.


Чаму ж больш за 2 гады жорсткага падаўлення мірных пратэстаў і масавых рэпрэсій Лукашэнка не аслабляе, а толькі нарошчвае іх?


Адказ просты — з канца лютага 2022 года Лукашэнка з’яўляецца не толькі дыктатарам, але і вайсковым агрэсарам і галоўным хаўруснікам Расіі ў вайне супраць Украіны. А з пункту гледжання ўладных паўнамоцтваў ён фактычна выконвае ролю гаўляйтара Беларусі, ролю кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі. Бо пачынаючы з 24 лютага 2022 года, калі нягледзячы на завяршэнне сумесных ваенных вучэнняў, расійскія войскі не пакінулі Беларусь, а ўварваліся з яе тэрыторыі ва Украіну, мы можам канстатаваць, што Беларусь з’яўляецца акупаванай тэрыторыяй.


І роляй Лукашэнкі, акрамя пастаўленых перад ім Крамлём ваенных задач, якія ён выконвае ў поўным аб’ёме, з’яўляецца забеспячэнне парадку на акупаванай тэрыторыі.


Такім чынам, на сёння мы маем Беларусь, якая знаходзіцца адначасова пад расійскай акупацыяй і таталітарнай дыктатурай крамлёўскай марыянеткі Лукашэнкі.


Беларусь, якая выкарыстоўваецца Расіяй дзеля сваіх ваенных патрэб. Беларусь, з якой пастаянна наносяцца ракетныя ўдары па Украіне. Беларусь, у якую працягваюць прыбываць і назапашвацца расійскія войскі ў рамках разгортвання так званай сумеснай беларуска-расійскай рэгіянальнай групоўкі, праводзіцца іх баявое зладжванне з беларускімі вайскоўцамі — што цалкам можна ацэньваць і як наступны этап па стварэнні агульнай з Расіяй арміі, і як падрыхтоўку новага ўварвання ва Украіну.


І Беларусь, у якой актыўна ўкараняецца ідэалогія «рускага свету» і вайны, інфармацыйнае поле (тэлебачанне) фактычна захоплена прарасійскімі прапагандысцкімі наратывамі, цалкам ліквідаваныя незалежныя СМІ, усе іх акаўнты ў сацсетках прызнаныя экстрэмісцкімі і адной падпіскі на іх акаўнты ў сацсетках дастаткова, каб атрымаць тэрмін. Сёння гэта краіна, дзе караецца праява антываенных настрояў, праводзіцца актыўная русіфікацыя і знішчаецца нацыянальная ідэнтычнасць насельніцтва Беларусі.


І я вяртаюся да першапачатковага пытання: дык якую Беларусь мы хочам убачыць заўтра — расійскую «Белорусiю» або еўрапейскую Беларусь?


Калі адказ — расійскую, то ніякай асаблівай стратэгіі Захаду тут не патрабуецца. Дастаткова яе проста не мець. Як яе, мяркуючы па ўсім, няма дагэтуль. Дастаткова не перашкаджаць рускім. Дастаткова забыцца пра Лукашэнку. І на жаль, складваецца адчуванне, што Захад сапраўды пра яго забыўся. Ці я не мае рацыю?


Калі ж я не маю рацыю і Захад хоча бачыць Беларусь еўрапейскай, сапраўды хоча вырваць гэты прывабны кавалак і важны стратэгічны плацдарм з лап Расіі — то стратэгія неабходная. І яна неабходная не толькі нам, але і Украіне. Бо Беларусь пад уладай Лукашэнкі — гэта бліжэйшы і фактычна адзіны саюзнік Расіі ў вайне.


Мы неаднаразова звярталі ўвагу нашых партнёраў на даступны інструментар знешняга ціску на рэжым Лукашэнкі. На адтэрміноўкі і шчыліны ў санкцыйнай палітыцы, на зацягванне з пачаткам працэсуальных дзеянняў у рамках універсальнай юрысдыкцыі і гэтак далей. Магчыма ў нас сапраўды завышаныя чаканні ад нашых партнёраў пры іх прыніжаным жаданні выкарыстоўваць усе даступныя рычагі ціску.

Выступление представителей НАУ в Парламенте Чехии
Выступление представителей НАУ в Парламенте Чехии Фота: НАУ-медыя

Ці можа быць проста трэба паглядзець на выкарыстанне гэтых рычагоў з іншага боку?


Можа быць, усведамляючы рэжым Лукашэнкі як частку глабальнай праблемы, як ваеннага са-агрэсара і бліжэйшага саюзніка Пуціна, варта паглядзець на санкцыйную палітыку як на інструмент паслаблення апошняга?


Мы не маем ілюзій, іх няма, што сёння санкцыямі або распачынаннем крымінальных спраў супраць рэжыму Лукашэнкі можна яго абрушыць. Сёння — ужо дакладна не. Больш за тое, мы выдатна разумеем, што Расія будзе кампенсаваць Лукашэнку страты ад санкцый, будзе даваць адтэрміноўкі па старых крэдытах, будзе даваць новыя крэдыты — абы не дапусціць рызыкі дэстабілізацыі, пратэстаў, забастовак беларусаў па эканамічных прычынах.


Але пры гэтым відавочна, што кожны расійскі рубель, выдаткаваны на Беларусь — гэта мінус рубель, які Расеія выдаткуе на вайну. Таму мы прапануем глядзець на формулу так:


Чым больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі — тым вышэй выдаткі Расіі — тым менш грошай на войска і зброю.


Таму працытую міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, які сказаў:


«Самая жорсткая санкцыя, якую мы можам увесці супраць расійскага рэжыму — гэта падзенне дыктатуры Лукашэнкі».


Другі важны момант — гэта рассінхранізацыя санкцый, уведзеных супраць Расіі і Беларусі за вайну супраць Украіны. Яны павінны быць ідэнтычныя — каб у Расіі не было магчымасці абыходзіць іх праз Беларусь, каб Беларусь не была «шэрай зонай» і «афшорам» для Расіі. Якім яна з’яўляецца сёння.


Што тычыцца інструмента крымінальнага пераследу:


На наш погляд, найбольш эфектыўным рашэннем у пытанні санкцый, а таксама крымінальнага пераследу рэжыму Лукашэнкі, стала б прызнанне яго тэрарыстычным. Такі працэс ужо запушчаны ў дачыненні да Расіі як на ўзроўні парламентаў асобных краін, так і парламенцкіх асамблей, а таксама Еўрапарламента. Аналагічных крокаў мы б хацелі чакаць і ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але для гэтага патрэбна палітычная воля. Якой на сёння нашым партнёрам відавочна не дастае.


Праблема Лукашэнкі ўжо даўно перарасла межы Беларусі. Праблема Лукашэнкі ўжо даўно перастала быць праблемай адных толькі беларусаў — бо сёння ён удзельнічае ў вайне з трэцяй краінай, Украінай. А ўчора — выкарыстоўваючы мігрантаў, развязаў гібрыдную вайну з ЕС, якая ідзе дагэтуль. З трох войнаў, у якіх удзельнічае рэжым Лукашэнкі — толькі адну ён вядзе ўнутры Беларусі, супраць беларускага народа.


Сёння нам не патрэбна нічыя заклапочанасць. Нават самая глыбокая. Нам не хапае волі і сілы. Менавіта сілы. Таму што гэта адзіная пазіцыя, з якой можна і трэба размаўляць з рэжымам Лукашэнкі. Гэта адзіны мову, які разумее не толькі ён, але і яго асяроддзе.


Так давайце створым гэтую сілу. Разам.

bottom of page