top of page

Інфармацыя аб рэпрэсіях 2020-2022



У Беларусі ў 2022 годзе па палітычна матываваных справах затрымлівалі як мінімум 17 чалавек за дзень! Не менш за 6381 было затрымана за год


Арыгінал артыкула: belsat.eu


Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усе даступныя лічбы, якія датычаць крымінальнага і адміністратыўнага пераследу беларусаў за апошнія 2,5 года.


Пасля здушэння масавых пратэстаў 2020 года інтэнсіўнасць палітычна матываванага крымінальнага пераследу не толькі не пайшла на спад, але і працягвала павялічвацца цягам 2021−2022 гадоў. Пра гэта яскрава сведчаць звесткі, якія перыядычна агучваюць улады.


Намеснік старшыні Следчага камітэту Анатоль Васільеў 18 красавіка 2022 паведаміў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі зафіксаваныя 8,5 тысячы «экстрэмісцкіх злачынстваў» (нагадаем, тэрміны «экстрэмізм» і «экстрэмісцкая дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства). Доля справаў за палітычныя надпісы ў публічных месцах знізілася на той момант да 17%, а вось адсотак справаў за допісы ў інтэрнэце амаль не змяніўся — 41%.


Улетку на паседжанні цэнтральнага апарату Следчага камітэту былі агучаныя новыя лічбы: 11 тысяч справаў «экстрэмісцкай накіраванасці» з 9 жніўня 2020 года да 1 ліпеня 2022 года. То бок колькасць палітычных справаў за 9 месяцаў (з верасня 2021-га) вырасла ў 2,2 разу!


29 лістапада тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкаю на Следчы камітэт паведаміў пра 11 506 крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці», пачынаючы з 9 жніўня 2020 года.


25 снежня генеральны пракурор Андрэй Швед распавёў, што за 11 месяцаў 2022 года выяўленыя 5000 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці». 76% здзяйсняліся ў інтэрнэце.


Калі быў пік рэпрэсіяў



Афіцыйныя лічбы сведчаць, што прынамсі на працягу 2 гадоў пасля 9 жніўня 2020-га тэмпы крымінальнага пераследу за іншадумства няспынна раслі.

  • Жнівень — снежань 2020 года: 1700 палітычна матываваных крымінальных справаў за 5 месяцаў. У сярэднім 340 справаў за месяц і 11 штодзень.

  • Студзень — верасень 2021 года: 3300 палітычна матываваных крымінальных справаў за 9 месяцаў. У сярэднім 366 штомесяц і 12 за дзень.

  • Кастрычнік 2021-га — красавік 2022-га: 3500 палітычных справаў за 6 месяцаў. У сярэднім 583 за месяц, 19 за дзень.

  • Красавік — чэрвень 2022 года: 2500 палітычных справаў за 3 месяцы. У сярэднім 833 штомесяц, 27 за дзень. Не выключаюць, што тэмпы рэпрэсіяў у гэты перыяд былі нават вышэйшыя, бо Васільеў агучваў лічбы не ў пачатку красавіка, а ў сярэдзіне месяца. Таму, магчыма, 2500 справаў прыпадае не на 3 месяцы, а на 2,5 — тады можа атрымацца ў сярэднім 1000 справаў за месяц. Але ў такім выпадку знізяцца і сярэднія паказнікі за папярэдні перыяд.

Вядома, што на дзень 26 снежня 2022 года пазбавілі волі 1441 асобу: іх праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі. Ініцыятыва «Dissidentby» дае больш высокую лічбу — 1728 палітычных вязняў (у іх іншыя крытэры вызнання палітзняволенымі). Але ў абодвух выпадках гаворка пра часовыя звесткі: некаторыя людзі адбываюць свой тэрмін, вызваляюцца да суда або да ўступлення выраку ў сілу і таму выкрэсліваюцца са спісу дзейных палітычных вязняў.



Вядома, што на дзень 26 снежня 2022 года пазбавілі волі 1441 асобу: іх праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі. Ініцыятыва «Dissidentby» дае больш высокую лічбу — 1728 палітычных вязняў (у іх іншыя крытэры вызнання палітзняволенымі). Але ў абодвух выпадках гаворка пра часовыя звесткі: некаторыя людзі адбываюць свой тэрмін, вызваляюцца да суда або да ўступлення выраку ў сілу і таму выкрэсліваюцца са спісу дзейных палітычных вязняў.


Больш дакладнае ўяўленне пра маштабы рэпрэсіяў дае праваабарончы цэнтр «Вясна» адносна крымінальнага пераследу ў цэлым. Праваабаронцы на сярэдзіну снежня 2022 года ведаюць пра 2540 вынікаў палітычна матываваных судоў. А агулам «Вясна» мае прозвішча 3712 чалавек, чый крымінальны пераслед быў звязаны з выбарамі 2020-га і падзеямі наступных гадоў. Але гэтыя лічбы апрыёры не вычарпальныя, бо праваабаронцы абмежаваныя ў сваіх магчымасцях збіраць звесткі пра справы такога кшталту.


Характэрным прыкладам нястачы інфармацыі можна лічыць падсумаванне вынікаў 2021 года: праваабаронцы па выніках налічылі 1285 асуджаных у палітычна матываваных справах, а Генеральная пракуратура заявіла пра 1600 асуджаных за «экстрэмісцкую дзейнасць». То бок вынікаў прыкладна 20% палітычных судоў праваабаронцы не мелі магчымасці аператыўна адсачыць.

А што з адміністратыўным пераследам?


У плане палітычнага матываванага адміністратыўнага пераследу тэндэнцыя назіраецца адваротная: пасля 2020 года колькасць затрыманняў і спагнанняў у цэлым зніжацца, што наўпрост звязана са здушэннем вулічных пратэстаў. Але пры гэтым інтэнсіўнасць адміністратыўнага пераследу ўсё роўна застаецца на вельмі высокім узроўні, у дзясяткі разоў перавышаючы паказнікі перад 2020 годам. Напрыклад, у адносна спакойным лістападзе 2022 года адміністратыўны пераслед «за палітыку» зазналі больш людзей, чымся за ўвесь 2019 год (206 і 171 адпаведна).


Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2020-м праз адміністратыўныя затрыманні прайшлі больш за 33 тысячы чалавек, у 2021 годзе — 6443 чалавекі.


Вынікі 2022 года «Вясна» яшчэ не падсумоўвала, але раней праваабаронцы паведамлялі, што толькі за антываенныя пратэсты 27−28 лютага былі затрыманыя 1100 чалавек. Калі абагульніць звесткі са штомесячных аглядаў «Вясны», то вынікае, што праз затрыманні сёлета маглі прайсці каля 3,5 тысячы чалавек.


Такім чынам, цягам 2020−2022 гадоў былі зафіксавана каля 43 тысяч затрыманняў «за палітыку». Але некаторых затрымлівалі некалькі разоў, таму 43 тысячы затрыманняў не роўна 43 тысячам затрыманых. З іншага боку, звесткі «Вясны» не вычарпальныя: рэальна выпадкаў адміністратыўнага пераследу можа быць болей.


Па дадзеных праваабаронцаў, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень.


Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру Вясна і тэлеканала Белсат.

bottom of page