top of page

Ваявода Ніжнесілезскага ваяводства падкрэсліла, што будзе падтрымліваць беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць тэрыторыю Беларусі, у пытаннях легалізацыі

Updated: Sep 12

ree

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і чалец Каардынацыйнай Рады Павел Латушка, правёў сустрэчу ў горадзе Уроцлаў з ваяводай Ніжнесілезскага ваяводства Ганнай Жабскай.

Падчас сустрэчы галоўнай тэмай абмеркавання стала адвакатаванне зваротаў грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Ніжнесілезскага ваяводства, па вырашэнні праблемных пытанняў. Перш за ўсё звароты датычыліся:

  • паскарэння працэдуры разгляду і выдачы падарожнага дакумента; 

  • легалізацыі дзяцей, народжаных на тэрыторыі Польшчы; 

  • пытанняў чэргаў пры падачы і разглядзе заяў грамадзян Беларусі на легалізацыю ў ваяводстве;

  • адкрыцця банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі на тэрыторыі ваяводства; 

  • іншых пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў.

Павел Латушка, як кіраўнік беларускай часткі Рабочай групы пры МУС Польшчы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы, абмеркаваў з ваяводай магчымыя пытанні, якія патрабуюць рашэння на ўзроўні цэнтральнай улады Польшчы, і тыя праблемныя пытанні, што можна вырашыць на ўзроўні ваяводскага ўпраўлення.

Ваявода адзначыла, што мясцовыя ўлады сутыкнуліся з вялікім прытокам бежанцаў найперш з тэрыторый Украіны і Беларусі, што значна павялічыла тэрміны афармлення адпаведных дакументаў.

Прадстаўнік Кабінета асабліва звярнуў увагу, што беларусы, у адрозненні ад грамадзян іншых дзяржаў, не маюць абароны сваёй дряржавы, якая не забяспечвае іх легальнымі дакументамі: не выдае новых і не працягвае тэрмін дзеяння пашпартоў, абмежавала магчымасць выкарыстання даверанасцей, аформленых на тэрыторыі Польшчы, для атрымання дакументаў у Беларусі. І гэта ставіць беларускіх уцекачоў у асабліва ўразлівае становішча.

Павел Латушка адзначыў, што будзе лабаваць вырашэнне праблемных пытанняў у рамках Рабочай групы па пытаннях легалізацыі і падчас бліжэйшага першага пасяджэння міжміністэрскай групы па пытаннях беларусаў у Польшчы, пасяджэнне якой запланавана на 13 кастрычніка бягучага года.

Праблемныя пытанні былі падрыхтаваныя сумесна з Суполкай беларусаў Уроцлава і сфарміраваныя ў ходзе сустрэчы Паўла Латушкі з беларускай дыяспарай, якая пражывае ў рэгіёне. Старшыня рады Суполкі беларусаў Уроцлава таксама прыняў удзел у сустрэчы.

Асобна падчас сустрэчы з ваяводай Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне пытання магчымай дапамогі беларускім палітзняволеным, якія вымушана пакідаюць тэрыторыю Беларусі або якіх дэпартуюць са сваёй краіны.

Павел Латушка таксама праінфармаваў пра экстратэрытарыяльны пераслед беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы: пра сотні распачатых крымінальных спраў, мэтай якіх з’яўляецца пераслед беларусаў за мяжой, спробы шантажу, вербавання, пераследу сваякоў і блізкіх у Беларусі.

Варта адзначыць, што ў траўні 2024 года Павел Латушка ўжо сустракаўся з ваяводай Ніжнесілезскага ваяводства, і падчас цяперашняй сустрэчы было канстатавана пэўнае паляпшэнне сітуацыі, звязанай з выдачай дакументаў па легалізацыі беларусаў у ваяводстве, пры адначасовым захаванні праблемных пытанняў, якія патрабуюць далейшага вырашэння.

Падчас знаходжання ва Уроцлаве Павел Латушка таксама правёў сустрэчу з Ежы Панькоўскім, праваслаўным арцыбіскупам Уроцлаўскім і Шчэцінскім, і з кіраўніком Калегіума Усходняй Еўропы Лаўрынасам Вайцюнсам.

Сустрэча з ваяводай: вынікі для беларусаў Уроцлава

ree

У чацвер, 4 верасня, адбылася сустрэча Паўла Латушкі з беларусамі, на якой мы абмяркоўвалі галоўныя праблемы і пытанні, якія турбуюць нашую супольнасць. Людзі адкрыта дзяліліся сваімі гісторыямі пра цяжкасці з дакументамі, чэргамі, працай і жыццём у Польшчы, а таксама задавалі пытанні пра дзейнасць дэмакратычных сіл.

5 верасня прайшла другая сустрэча — ужо з ваяводай Ганнай Жабскай. Суполка атрымала запрашэнне ад сп. Паўла прыняць удзел, каб данесці голас дыяспары.

Мы прыйшлі падрыхтаванымі: перадалі ваяводзе два дакументы — Падсумаванне асноўных праблем беларусаў  і Чэк-ліст неабходных змен— а таксама Вынікі даследавання, якое мы праводзілі на пачатку года, наконт патрэбаў супольнасці з рэальнымі прыкладамі і лічбамі.

Падчас сустрэчы Старшыня Рады Сяржук Дубіна адзначыў, што выдача польскага дакумента падарожжа (DP) цягнецца па 4–6 месяцаў замест аднаго, хоць суд абавязаў рабіць гэта ў месячны тэрмін. Мы апісалі хаатычныя чэргі, якія прымушаюць людзей стаяць ноччу і ўносіць сябе ў «нефармальныя спісы». Мы ўзнялі праблему дзяцей, народжаных у Польшчы без дакументаў, і паіфармавалі аб неабходнасці мець гатовы план на выпадак, калі будуць масава вызвалены палітвязні.

Вынікі сустрэчы:

  • Ваявода пагадзілася, што неабходна ад імя DUW накіраваць лісты ў банкі, установы і працоўныя месцы, каб тыя прызнавалі dokument podróży як паўнавартасны дакумент.

  • Ваявода прызнала, што праблема дзяцей без дакументаў існуе, і паабяцала прыкласці намаганні для вырашэння гэтай праблемы.

  • Ваявода адзначыла, што ў выпадку масавага вызвалення палітвязняў гэта будзе каардынавацца на самым высокім узроўні, і яе адміністрацыя будзе гатовая падключацца — з жыллём, медычнай і псіхалагічнай дапамогай.

Па чым пакуль прагрэсу няма:

  • Атрыманне зробленых дакументаў падарожжа без рэзервацыі.

  • Прапанова ўвесці дні, каб можна было адразу падаць поўны камплект дакументаў і адразу запускаць друк.

  • Ваявода адзначыла, што любыя нефармальныя спісы людзей у чарзе з’яўляюцца нелегальнымі, але альтэрнатыўнага рашэння знойдзена пакуль не было.

Але мы працягнем працаваць з гэтымі прапановамі, падмацоўваючы іх канкрэтнымі гісторыямі і прыкладамі, і заклікаем зацікаўленыя бакі да супрацы!

Ад імя Суполкі беларусаў Уроцлава мы ўдзячныя Паўлу Латушку за ініцыятыву і запрашэнне на гэтую сустрэчу. А таксама дзякуем Ваяводзе і яе камандзе за адкрытасць да дыялогу.


Comments


bottom of page