top of page

«Глыбокая заклапочанасць» нічога не мяняе і ніколі не мяняла


Вы ніколі не зможаце быць дастаткова заклапочаныя, каб спыніць вайну супраць Украіны. Каб спыніць масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Каб спыніць дыктатара


У нас у Беларусі ёсць такі выраз: «дна няма». Беларусы выкарыстоўваюць яго, калі ў нашай краіне адбываецца нешта, што яшчэ ўчора было неймаверна. Калі чарговыя дзеянні Лукашэнкі прабіваюць чарговае дно і ў чарговы раз даказваюць, што жорсткасці, вар’яцтву і цынізму ягонага рэжыму проста няма мяжы.


А зараз пачуйце мяне: у Беларусі няма дна. Няма нічога, на што Лукашэнка не быў бы гатовы і здольны пайсці, каб застацца ва ўладзе. І якой бы глыбокай ні была ваша заклапочанасць, яна ніколі не знойдзе і не дасягне гэтага дна.


Калі для таго, каб застацца ва ўладзе, трэба забіваць, катаваць, гвалтаваць і калечыць беларусаў, ён будзе працягваць гэта рабіць. Калі для гэтага спатрэбіцца правесці праз арышты і турмы больш за 60 000 чалавек — ён не спыніцца на гэтым.


Калі для таго, каб утрымацца ва ўладзе пры падтрымцы Крамля, Лукашэнка павінен быў упусціць у Беларусь расейскія войскі, фактычна перадаць ім кантроль над тэрыторыяй і інфраструктурай, каб яны 24 лютага ўварваліся ва Украіну — ён гэта зрабіў.


Калі для гэтага Беларусь ужо больш за 8 месяцаў павінна быць стартавай пляцоўкай для расейскіх ракет, узлётна-пасадачнай паласой для расейскіх рэактыўных самалётаў і беспілотнікаў-камікадзэ — ён не будзе супраць.


Калі для гэтага трэба ўвесці сумесную расейска-беларускую групоўку войскаў, дапусціць расейскую акупацыю ці нават анэксію Беларусі — ён гэта зробіць. Уласна, ён гэта робіць прама зараз.


А калі спатрэбіцца размясціць у Беларусі расейскую ядзерную зброю — ён будзе гэтаму толькі рады. Бо ён марыў пра гэта з самага першага дня свайго праўлення.


Сёння на тэрыторыі Беларусі ўжо размешчаны ракетныя комплексы падвойнага прызначэння «Іскандэр-М», ідзе мадэрнізацыя самалётаў СУ-25М, здольных несці ядзерную зброю.


А гэта значыць, што Лукашэнка робіцца пагрозай не толькі для Украіны, але і для ўсяго рэгіёну. Фактычна, ён ужо ўяўляе сабой вайсковую пагрозу, але гэтая пагроза можа стаць ядзернай.


Ці падобна гэта на падставу для заклапочанасці? Заўтра гэта будзе проста новая рэальнасць. Бо ў Беларусі няма дна, памятаеце?


Пытанне ў тым, што вы збіраецеся з гэтым рабіць?



Я ведаю, ёсць меркаванне, што праблема з Лукашэнкам вырашыцца сама сабой пасля таго, як вырашыцца праблема з Пуціным. І што Пуцін выглядае значна больш сур’ёзнай праблемай, пра якую варта непакоіцца.


Добра, але ўсё ж пытанне не мяняецца — што вы збіраецеся з гэтым рабіць?


Немагчыма не бачыць відавочнага. Няздольнасць вырашыць праблему з Лукашэнкам у 2020 годзе прывяла да таго, што ў 2022 годзе Пуцін змог выкарыстаць яго для акупацыі Беларусі і ўварвання ва Украіну. Без Лукашэнкі ніякай вайны магло б і не быць.


Дык ці сапраўды Лукашэнка з’яўляецца другаснай праблемай, якую можна пакуль адкласці ў бок? Альбо ж ён з’яўляецца часткай глабальнай праблемы, якая ўзнікла менавіта таму, што гэтая частка выклікала больш выразаў заклапочанасці, чым рэальных дзеянняў?


Ці не занадта я крытычны? Давайце паглядзім. Санкцыі прымаліся паэтапна, з затрымкамі, з выключэннямі, са шчылінамі. Дыпламатычныя адносіны з Лукашэнкам не былі цалкам разарваныя. Супраць яго і яго хаўруснікаў не было ўзбуджана крымінальных спраў, хоць механізм універсальнай юрысдыкцыі гэта дазваляў. Ці варта працягваць?


Момант, калі трэба было дзейнічаць хутка і рашуча, калі пратэсты яшчэ не былі прыгнечаныя, калі магутны вонкавы ціск на рэжым мог дапамагчы ціску на яго знутры — гэты момант быў выпушчаны.


Праз год найглыбейшых заклапочанасцяў і занепакоенасцяў з нагоды масавых рэпрэсій у Беларусі Лукашэнка адчуў сябе досыць упэўнена, каб здзейсніць захоп грамадзянскага самалёта. А следам за гэтым — зладзіць маштабны міграцыйны крызіс на мяжы з Еўразвязам. Праз два гады — ён стаў ваенным агрэсарам разам з Пуціным.


І зараз гісторыя паўтараецца. Праблема з Лукашэнкам зноў не вырашаецца і сыходзіць на другі план.


Прэзiдэнт Францыi Эммануэль Макрон, прым’ер-мiнiстр Италii Марыо Драгi и канцлер Германii Олаф Шольц Ирпень Крыніца: rferl.org

Так, санкцыі супраць яго нарэшце ўзмацніліся. Санкцыі, у прынцыпе, сталі па-сапраўднаму жорсткімі толькі з пачаткам вайны. Але рэжым Лукашэнкі ў іх хутчэй ідзе «другім вагонам». І яны па-ранейшаму не ідэнтычныя санкцыям супраць Расіі. Што тычыцца пытання аб стварэнні міжнароднага трыбунала па злачынствах рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці — гэтае пытанне пакуль вісіць ў паветры.


У той жа час тэрор у Беларусі працягваецца (ён ніколі і не спыняўся), расейскія вайсковыя эшалоны прыбываюць, пагражаючы Украіне новым уварваннем з беларускага плацдарма, і пагроза размяшчэння ў нашай краіне ядзернай зброі таксама не ілюзорная.


Хочацца спытаць: можа быць на гэты раз усё ж не варта ўпускаць зручны момант? Можа быць, надышоў час увесці супраць рэжыму Лукашэнкі тыя ж санкцыі, што і супраць Расеі - ці нават больш жорсткія? Можа быць, надышоў момант паставіць дыктатара перад асабістым ультыматумам, замест глыбокай заклапочанасці?


Можа быць, надышоў той самы момант, калі частка глабальнай праблемы — рэжым Лукашэнкі - можа стаць яе рашэннем? Можа быць, надышоў час узмацніць ціск на Лукашэнку — галоўнага саюзніка Расіі - настолькі, каб ён не вытрымаў яго і быў вымушаны выйсці з гульні?


Можа быць, пазбавіўшы Пуціна ягонага саюзніка і беларускага плацдарму, мы зможам дапамагчы Украіне перамагчы значна хутчэй?


Але для гэтага патрэбная рэальная палітычная воля, а не выказванне заклапочанасці.



Я таксама ведаю, што праблему з Лукашэнкам павінны вырашаць самі беларусы, а не нехта іншы. І што існуе меркаванне, што беларусы паўстануць, калі Лукашэнка аддасць сваёй арміі загад уступіць у вайну супраць Украіны.


Але якія шанцы на поспех такога паўстання ў цывільнага насельніцтва, калі знешняя дапамога яму зноў не будзе аказана своечасова? Не таму, што ў беларусаў няма волі. Не таму, што беларусы раптам змяніліся і большасць з іх зараз сталі падтрымліваць Лукашэнку і выступаць за вайну супраць Украіны. Не, не сталі.


А таму, што мы зноў рызыкуем паўтарыць сітуацыю 2020 года, калі пратэстуючым беларусам трэба было дапамагчы не словамі глыбокай заклапочанасці, а магутным знешнім ціскам на Лукашэнку — і калі гэты момант быў упушчаны. А з таго часу ў Беларусі прайшло два гады беспрэцэдэнтных па маштабах і жорсткасці рэпрэсій, калі ў турмах апынуліся тысячы палітвязняў, знішчаныя ўсе грамадзянскія арганізацыі і незалежныя СМІ. І гэта нельга не ўлічваць.


Таксама не трэба мець ілюзій наконт беларускага войска. Хутчэй за ўсё, яно выканае загад Лукашэнкі і перасячэ беларуска-ўкраінскую мяжу. Так, найхутчэй будуць спробы сабатажу. І найхутчэй, перайшоўшы мяжу, частка беларускіх салдатаў будзе старацца здацца ў палон і не ваяваць. Але ставіць толькі на гэта — вялікая памылка.


Бо мы маем справу з таталітарнай сістэмай. А рэжым у Беларусі, несумненна, ператварыўся з аўтарытарнага ў таталітарны. Гэта таталітарная дыктатура на службе ў Расійскай Федэрацыі, якая існуе ўжо 28 гадоў.


Магчыма, мы, беларусы, самі не да канца разумелі гэта 2 гады таму — але выйграць гэтую бітву мірнымі пратэстамі і ў адзіночку нават тады было малаверагодна. А зараз, праз два гады, я б сказаў, што знешні ціск на рэжым крытычна важны для таго, каб у гэтай бітвы быў шанец.


І не, я не хачу перакладаць адказнасць з беларускага народа на знешнія сілы. Я не хачу здымаць адказнасць з сябе, з Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Але я хачу нагадаць аб тым, што праблема Лукашэнкі ўжо даўно перарасла межы Беларусі. І зараз гэта наша агульная адказнасць.


Нам патрэбныя санкцыі, здольныя цалкам паралізаваць сыстэму Лукашэнкі. Санкцыі супраць усяго яго чыноўніцкага і сілавога апарата — санкцыі па прынцыпе прыналежнасці да дзяржапарату і сілавых структур. Нам патрэбны публічна адкрытыя крымінальныя справы супраць Лукашэнкі асабіста, супраць ягоных памагатых, супраць ягоных сілавікоў.


Нам патрэбна гэтая знешняя сіла. І яна ёсць. І ў яе ёсць усе гэтыя прылады ціску. Але выглядае, у нашых заходніх партнёраў пакуль не хапае палітычнай волі выкарыстоўваць сваю сілу ў дачыненні да рэжыму па-сапраўднаму, стратэгіі як не было, так і няма. Магчыма, мае чаканні выглядаюць занадта завышанымі. Але ў той жа час занадта прыніжаным выглядае жаданне нашых міжнародных партнёраў выкарыстоўваць свае магчымасці па максімуме.


На вачах усяго свету адна еўрапейская краіна вось-вось ператворыцца ў новую Паўночную Карэю. А іншая перажывае сапраўдны генацыд і вайну, якую Еўропа не бачыла з часоў Другой сусветнай. І калі гэта не матывуе цывілізаваны свет сабраць волю ў кулак — то што тады наогул здольна яго матываваць? Калі ўвесь цывілізаваны свет не здольны знайсці ў сабе волю і сілы, каб паставіць на месца ўсяго толькі аднаго дыктатара, які зарваўся — то як гэты свет збіраецца зладзіцца з агрэсіўнай імперыяй, якая стаіць у яго за спіной?


Лукашэнка — гэта менавіта тое слабое месца глабальнай праблемы, выдаліўшы якое мы можам паскорыць крах імперскіх амбіцый Расіі. І менавіта той прыклад, калі замест прафілактыкі, патрэбна хірургічнае ўмяшанне.


Паўтару: у цывілізаванага свету ёсць усе неабходныя інструменты для гэтага. Засталося толькі выкарыстаць іх. Каб дапамагчы Беларусі. Каб дапамагчы Украіне.


Каб свету больш не давялося «выказваць заклапочанасць», «глыбокую заклапочанасць» ці «вельмі глыбокую заклапочанасць» наконт Лукашэнкі.

bottom of page